5 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Трымаюся бліжэй да перажытага…”, прысвечанай жыццю і творчасці Івана Якаўлевіча Навуменкі

Сёлета споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка АН БССР, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Якаўлевіча Навуменкі (1925 – 2006). З гэтай нагоды 5 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) адбылося адкрыццё выставы “Трымаюся бліжэй да перажытага…”, прысвечанай жыццю і творчасці вядомага празаіка і літаратуразнаўца. Мерапрыемства спалучылася яшчэ і з прэзентацыяй яго асабістага фонду, які нядаўна прайшоў навуковую апрацоўку і цяпер даступны для даследчыкаў. На сёння фонд складаецца з 369 спраў (1165 дакументаў) пераважна за 1948 – 2010 гг. Гэта – рукапісы празаічных і літаратуразнаўчых твораў пісьменніка, тэксты дакладаў і выступленняў на канферэнцыях, дакументы творчай, навуковай і грамадскай дзейнасці, перапіска.

Пра гісторыю стварэння фонду распавяла дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, перадаўшы слова сыну пісьменніка – літаратуразнаўцу, дацэнту філалагічнага факультэта БДУ Паўлу Навуменку, які і перадаў у 2011 г. у архіў-музей бацькавы дакументы. З цікавымі ўспамінамі пра І. Навуменку выступілі яго калегі па пяры: паэты Анатоль Вярцінскі і Васіль Зуёнак, празаік Алесь Жук. Уражаннямі ад творчасці І. Навуменкі падзяліўся таксама пісьменнік, даследчык і бард Аляксандр Вашчанка. Малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Наталля Пыско расказала пра падрыхтоўку выдання Збору твораў Івана Навуменкі, а вядучы архівіст БДАМЛМ Дар’я Лосева – пра сваю працу з фондам пісьменніка. І, вядома ж, шмат цікавага распавяла пра І. Навуменку яго дачка, урач-афтальмолаг, кандыдат медыцынскіх навук Валерыя Навуменка.

Пры канцы імпрэзы вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль зладзіў невялікую экскурсію па выставе, прадстаўленай стэндамі “Ваенная трылогія”, “З пісьменніцкай шуфляды”, “Сярод сучаснікаў”, “Грамадская дзейнасць”, “Спасцігаючы класікаў”, “Сям’я”, “Розгалас”. На вітрыне можна пабачыць і кнігі Івана Навуменкі рознага часу.