23 студзеня ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай адразу тром знамянальным для айчыннага кінамастацтва датам

23 студзеня ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай адразу тром знамянальным для айчыннага кінамастацтва датам: 90-годдзю беларускага кіно, 130-годдзю з дня нараджэння Юрыя Тарыча (1885 – 1967) і 115-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Корша-Сабліна (1900 – 1974). Як вядома, 17 снежня 1924 г. было створана Упраўленне па справах кіно пры Народным камісарыяце асветы БССР – “Белдзяржкіно”. А праз два гады, 26 снежня 1926 г., выйшаў на экраны першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль” паводле аповесці “Свінапас” Міхася Чарота. У стварэнні гэтай кінакарціны ўдзельнічалі і Ю. Тарыч (рэжысёр-пастаноўшчык і сцэнарыст), і У. Корш-Саблін (асістэнт рэжысёра і выканаўца ролі ад’ютанта); супрацоўнічалі яны і пазней (кіназборнік “Беларускія навелы”, 1943). Таму ідэя аб’яднаць на адной выставе постаці двух дзечаў кіно была прадыктавана не толькі блізкасцю іх юбілейных дат.

Адкрыла мерапрыемства дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, якая распавяла пра захаванне спадчыны кінарэжысёраў у фондах архіва-музея. Так, фонд У. Корша-Сабліна (№ 233) налічвае 52 справы за 1922 – 1975 гг. А вось асобнага фонду Ю. Тарыча ў архіве-музеі няма: большасць яго дакументаў (35 спраў) захоўваецца ў фондзе кіназнаўца і журналіста Іллі Рэзніка (ф. 490), які даследаваў жыццё і творчасць вядомага рэжысёра. Асноўны ж корпус дакументаў Ю. Тарыча зберагаецца ў Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (РГАЛИ, ф. 2647).

Потым перад прысутнымі выступіў вядомы кінарэжысёр Уладзімір Арлоў і падзяліўся цікавымі ўспамінамі пра У. Корша-Сабліна і сумесную працу з ім – напрыклад, пра здымкі фільма “Чырвонае лісце” (1958). Згадкамі пра У. Корша-Сабліна падзялілася і загадчыца архіва кінастудыі “Беларусьфільм” Ніна Разумоўская. А дырэктар музея беларускага кіно Ігар Аўдзееў распавёў пра малавядомыя факты з біяграфіі Ю. Тарыча. Пры канцы імпрэзы вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль правёў па выставе невялікую экскурсію.

Цяпер выстава адкрыта для наведвальнікаў. На ёй можна пабачыць нямала цікавых экспанатаў: фотаздымкі Юрыя Тарыча (у тым ліку перыяду яго акцёрскай дзейнасці), гісторыю стварэння першага беларускага мастацкага фільма “Лясная быль” у дакументах і выявах, унікальныя альбомы Уладзіміра Корша-Сабліна з фотаздымкамі кінакадраў, асабістыя дакументы вядомых кінарэжысёраў, фрагменты іх асабістай перапіскі, а таксама праграмы, буклеты, афішкі фільмаў і выданні, прысвечаныя творчасці рэжысёраў.