27 мая 2013 г. ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 45-годдзю стварэння архіва

27 мая 2013 года ў сцянах Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 45-годдзю стварэння архіва. Аснову экспазіцыі склалі фотаздымкі з асабістых збораў супрацоўнікаў архіва і іншы ілюстратыўны матэрыял.

Цэнтральны дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі БССР (ЦДАНТД БССР) быў створаны Пастановай Савета Міністраў БССР ад 27 мая 1968 г. №164 у мэтах цэнтралізацыі захоўвання навукова-тэхнічнай дакументацыі і арганізацыі яе шырокага выкарыстання. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 1993 г. №336 ЦДАНТД БССР перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД). Архіў захоўвае дакументы Нацыянальнага архіўнага фонда Рэспублікі Беларусь, якія ўтрымліваюць рэтраспектыўную інфармацыю па гісторыі развіцця навукі, тэхнікі, архітэктуры; арганізуе іх дзяржаўны ўлік, выкарыстанне ў навуковых і гаспадарчых мэтах; арганізуе рэстаўрацыю, ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасці арганізацый-крыніц каплектавання. Фонды архіва папаўняюць шматлікія навукова-даследчыя, праектныя, канструктарска-тэхналагічныя арганізацыі, навукова-вытворчыя аб’яднанні. Акрамя таго, архіў камплектуецца дакументамі асабістага паходжання вядомых прадстаўнікоў навукі, архітэктуры і тэхнікі.

На 1 студзеня 2013 г. у архіве захоўваецца 282 фонда аб’емам больш за 176 тысяч спраў, 654 фотадакументаў. Па характару дзейнасці фондастваральнікаў і зместу дакументаў яны аб’яднаны ў групы: праектнай, канструктарска-тэхналагічнай, навукова-даследчай, патэнтнай і ўпраўленчай дакументацыі.

Праектная дакументацыя прадстаўлена дакументамі буйных інстытутаў Беларусі: Белдзяржпраекта, Белпрампраекта, БелНДІтоппраекта, Мінскпраекта і іншых. Праекты, якія захоўваюцца ў архіве, характарызуюць жыллёвае, прамысловае, сельскагаспадарчае, энергетычнае, транспартнае будаўніцтва ў рэспубліцы. У іх адлюстраваны пытанні планіроўкі і забудовы жылых мікрараёнаў, прамысловых зон: азелянення, добраўпарадкавання, водазабеспячэння, а таксама гісторыя ўзнаўлення гарадоў і пасёлкаў, помнікаў архітэктуры.

Канструктарскія дакументы адклаліся ў фондах Беларускага і Мінскага аўтамабільных заводаў, НВА “Дармаш”, мінскага радыёзавода, завода халадзільнікаў, завода электра-вылічальных машын імя Г.К. Арджанікідзэ, дзе ўсебакова паказана зараджэнне і развіццё ў рэспубліцы вялікагрузнага машынабудаўніцтва і дарожнага машынабудавання, стварэння першых беларускіх халадзільнікаў, радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, электра-вылічальных машын, агрэгатных станкоў і аўтаматычных ліній.

У групу навукова-даследчай дакументацыі ўвайшлі дакументы БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, БелНДІ прамысловай апрацоўкі лубяных валокнаў, НДІ будаўнічых матэрыялаў, ЦНДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і іншых інстытутаў. Асобны корпус складаюць справаздачы аб правядзенні навукова-даследчых работ, тэхнічныя заданні, тэхніка-эканамічныя запіскі, рэфераты, якія адлюстроўваюць развіццё тэхналогіі вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і тэхнічнага забяспячэння будаўнічай індустрыі, стан меліярацыі, распрацоўку новых тэхналогій і машын па механізацыі работ у галіне земляробства, жывёлагадоўлі, лабараторна-тэарэтычных і эсперыментальных даследванняў у шматлікіх галінах народнай гаспадаркі.

Патэнтная дакументацыя прадстаўлена аўтарскімі пасведчаннямі і заявачнымі матэрыяламі, якія ўтрымліваюць звесткі аб вынаходствах асобных частак дарожна-меліяратыўных машын і механізмаў, аўтаматычных ліній, агрэгатных і спецыяльных станкоў, машын і прылад для сельскай гаспадаркі.

Упраўленчая дакументацыя адлюстроўвае асноўныя накірункі дзейнасці праектных, канструктарска-тэхналагічных, навукова-даследчых арганізацый і дапаўняе навукова-тэхнічную дакументацыю. Гэта пратаколы і стэнаграмы пасяджэнняў вучоных і навукова-тэхнічных саветаў, тэматычныя планы ўкаранення навукова-даследчых работ, дакументы аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі, аб эфектыўнасці навукова-даследчых работ і распрацовак, асабістыя справы вядомых вучоных і спецыялістаў.

Архіў захоўвае асабістыя фонды беларускіх архітэктараў, вучоных і канструктараў. Найбольш значнымі і поўнымі па складу і зместу з’яўляюцца фонды народных архітэктараў СССР Г.У. Заборскага, У.А. Караля, заслужаных архітэктараў БССР В.М. Воўчака, Г.В. Сысоева, Г.А. Парсаданава, заслужанага будаўніка БССР, былога дырэктара інстытута “Белдзяржпраект” У.І. Кандратовіча, вучонага-канструктара Б.Л. Шапашнікава.