23 мая 2013 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі чарговыя ХІІІ Узвышаўскія чытанні

23 мая 2013 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі чарговыя ХІІІ Узвышаўскія чытанні – гэтым разам прысвечаныя 90-м угодкам заснавання літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, якое налічвала ў сваіх шэрагах шмат таленавітых пісьменнікаў і адыграла вялікую ролю ў культурным жыцці краіны.

Прысутных прывіталі загадчык аддзела навуковага выкарыстання і інфармацыі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Р. Жаўняркевіч, .дырэктар БДАМЛМ Г. Запартыка, дачка паэта-ўзвышэнца Тодара Кляшторнага М. Кляшторная. На пленарным пасяджэнні М. Мушынскі разгледзеў творчую індывідуальнасць крытыка Адама Бабарэкі, а В. Жыбуль распавёў пра асабісты фонд пісьменніка Паўлюка Шукайлы. Змястоўнымі і навукова актуальнымі былі выступленні на пасяджэннях секцый. Свае даклады прадставілі М. Аксёнаў (“Часавыя канцэпты ў лірыцы Язэпа Пушчы”), Ж. Шаладонава (“Горад у нацыянальнай самаідэнтыфікацыі паэтаў узвышэнцаў і неакласікаў”), А. Гурская («Раман Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя” ў кантэксце сатырычнай прозы 1920-х гг.»), Ц. Чарнякевіч (“Андрэй Мрый і Леанід Свэн: непадабенства падобнага”), І. Часнок («Роля ментальных падзей у сюжэтна-кампазіцыйнай будове рамана Кузьмы Чорнага “Сястра”»), Т. Блашчак (“Культурнае жыццё кавянскіх беларусаў у 1920 – 1930-х гг.”), А. Данільчык («Ад “Маладняка” да “Узвышша”: італьянскі кантэкст»), А. Трафімчык (“Асаблівасці развіцця беларускай п’есы-казкі ў 1920 – 1930-я гг.”) і інш.

Пры канцы канферэнцыі адбылося адкрыццё выставы «“Маладняк”: да 90-годдзя з часу заснавання літаратурнага аб’яднання». Экспазіцыю, прадстаўленую стэндамі “Заснавальнікі”, “Дакументы”, “Мерапрыемствы”, “Эпісталярый”, “Філіі”, “Мастацтва і друк”, “Сярод літаратурных суполак”, склалі дакументы фонду “Маладняка” ў БДАМЛМ (ф. 225), а таксама фотаздымкі і лісты з асабістых фондаў удзельнікаў аб’яднання: пісьменнікаў А. Бабарэкі, І. Барашкі, У. Дубоўкі, Р. Папараця, Я. Пушчы, П. Труса, М. Чарота, П. Шукайлы, С. Шушкевіча. У афармленні выставы выкарыстаны ілюстрацыі мастакоў П. Гуткоўскага і А. Тычыны, якія ў свой час супрацоўнічалі з “Маладняком”. На асобнай вітрыне багата прадстаўлены выданні маладнякоўцаў, а таксама асобныя нумары часопіса “Маладняк”, якія захоўваюцца ў бібліятэцы архіва-музея.