Дэманстрацыя геральдычных сімвалаў Віцебшчыны

Навучэнкі Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа ў сваіх непаўторных уборахНа сённяшні дзень Указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны 79 афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак вобласці – 42 гербы і 37 флагаў. З кожным годам пашыраецца іх выкарыстанне ў паўсядзёным жыцці і адпаведна паглыбляецца ўкараненне ў грамадскую свядомасць. Практычна ва ўсіх раёнах Віцебшчыны на ўязных шляхах устаноўлены адпаведныя гербы. Як у свой час гэтыя геральдычныя сімвалы былі своеасаблівымі візітнымі карткамі рыцараў, так цяпер гербы прызентуюць своеасаблівасць кожнага рэгіёна, яго гістарычную адметнасць.
Пераканаўча прадстаўлены геральдычныя сімвалы і ў абласным цэнтры. На высокіх гмахах у Віцебску замацаваны светавыя пано з выявамі гербаў Віцебскай вобласці і самаго старажытнага горада.

А ў мінулым годзе ў папулярызацыі геральдычнай спадчыны Віцебшчыны праявілася, як кажуць, ініцыятыва знізу. Да дырэктара Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Ірыны Кісялёвай прыйшла ідэя выкарыстаць гербы гарадоў і раёнаў вобласці ў навучальным працэсе. Было вырашына скарструяваць і пашыць вечаровыя ўрачыстыя сукенкі з выявамі гербаў на іх і адпаведным надпісам назвы рэгіёна. Задуму з натхненнем падтрымалі выкладчыкі і навучэнцы. Малюнкі гербаў, каб зрабіць з іх аплікацыі на сукенках, выканала Людміла Шылко, сілуэты ўбораў – мадэльер-канструктар Людміла Ціханава, а вышываннем, якім займаліся юныя майстрыцы і іх настаўнікі, кіравала Вольга Башынская.

Атрымалася багатая калекцыя з 22 сукенак. Самая прыгожая з іх, як і павінна быць, прызентуе герб Віцебскай вобласці.
Дэманструюць арыгінальныя ўборы самі навучэнкі каледжа, балазе тут створана спецыяльная група дэманстратараў адзення. Дзяўчаты прыгожыя, рослыя і красуюцца ў арыгінальных уборах з вялікай ахвотай. Яны ўжо паказвалі калекцыю геральдычных сукенак на розных конкурсах і маладзёжных імпрэзах, былі запрошаны ўдзельнічаць ў такіх значных для Беларусі святах, як 1150-годдзе Полацка і Дзень пісьменства, які адзначаўся ў Глыбокім.

Алена Бондарава,
вядучы спецыяліст аддзела па архівах і справаводству
галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама.