21 лютага 2012 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы “Скарбы жыцця Максіма Гарэцкага”

21 лютага 2012 г. у чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) адбылося адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы “Скарбы жыцця Максіма Гарэцкага”, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння гэтага выдатнага пісьменніка і навукоўца. На імпрэзе выступілі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Адамушка; дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка; пляменнік пісьменніка, акадэмік АН Беларусі, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, Радзім Гарэцкі; пісьменнік, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч; навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі Віктар Свёкла. Супрацоўнікі БДАМЛМ Вераніка Мусвідас і Віктар Жыбуль правялі невялікую экскурсію па выставе, засяродзіўшы ўвагу прысутных на найбольш цікавых яе экспанатах.

Экспазіцыя падрыхтавана паводле хараналагічнага прынцыпу і ўключае наступныя стэнды: “Роднае карэнне” – родныя мясціны Максіма Гарэцкага, яго сям’я; “На ніве…” – ранні перыяд творчасці, які прыпаў на час Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйных падзей; “У росквіце” – перыяд творчай сталасці пісьменніка і навукоўца, яго жыццё ў Мінску і Горках; “Пакутніцкая хроніка” – жыццё і творчасць у высылцы ў Вятцы (Кіраве), паміж двума арыштамі; “Памяць” – лёс нашчадкаў М. Гарэцкага, іх роля ў захаванні творчай спадчыны пісьменніка. Акрамя фотаздымкаў, кніг, рукапісаў М. Гарэцкага, на выставе экспануюцца і яго асабістыя рэчы: чарнільніца, аловак, люстэрка, картуз, гальштукі, партманет і інш. Сярод найбольш унікальных экспанатаў – кветка, сарваная Максімам Гарэцкім у 1924 г. з магілы яго сястры Ганны. Выстаўлены на вітрынах і літаратуразнаўчыя манаграфіі, прысвечаныя жыццю і творчасці М. Гарэцкага, а таксама яго найбольш поўны Збор твораў (1984 – 1990).

Увогуле сямейны фонд Гарэцкіх у БДАМЛМ налічвае два вопісы агульнай колькасцю 585 адзінак захоўвання (4135 дакументаў) і звыш 70 музейных экспанатаў. З’явіўся ён дзякуючы дачцэ пісьменніка Галіне Гарэцкай, смаленскаму даследчыку Мікалаю Ількевічу і дырэктару БДАМЛМ Ганне Запартыка.