У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ў 2011 – 2012 гг. прайшлі навукова-тэхнічную апрацоўку дзесяць асабістых фондаў

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ў 2011 – 2012 гг. прайшлі навукова-тэхнічную апрацоўку наступныя асабістыя фонды: народнага паэта Беларусі Максіма Танка (ф. № 25, воп. 6), паэтэсы Д.І. Бічэль-Загнетавай (ф. 369, воп. 1), публіцыста, празаіка А.П. Капусціна (ф. 299, воп. 1), празаікаў, літаратуразнаўцаў, крытыкаў, публіцыстаў У.І. Калесніка (ф. 161, воп. 2), А.В. Мальдзіса (ф. 327, воп. 1) і М.Р. Ларчанкі (ф. 461, воп. 1), кампазітара .В. Багатырова (ф. 190, воп 2), журналіста і кіназнаўцы І.І. Рэзніка (ф. 490, воп. 1), дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь В.А. Ніжанкоўскай (ф. 443, воп. 1), сямейны фонд акцёраў П.А. Маркіна, В.С. Захаравай, Г.П. Маркінай (ф. 280, воп. 1).

Шосты вопіс фонда М. Танка прадстаўлены аўтографамі яго творчых дакументаў: урыўкам з паэмы “Янук Сяліба” (1942–1943), накідамі да паэм “Журавінавы цвет”, “Кастусь Каліноўскі”, агульнымі сшыткамі з вершамі, перакладамі, успамінамі, невядомымі аўтографамі ваеннага часу, лістамі за 1937–1995 гг.

У фондзе Д.І. Бічэль-Загнетавай сабраны рукапісы аўтарскіх падборак да зборнікаў вершаў 1980–2000-ых гг. “Дзе ходзяць басанож”, “Загасцінец”, “Вершы”, “Нядзелька”, рукапісы цыклаў вершаў “Дзяды”, “Аўтограф”, “Ойча наш…”, паэмы “Крыжавы шлях”, вершаў, эсэ, артыкулаў і інш.

Фонд А.П. Капусціна прадстаўлены рукапісамі аповесцяў “На сонечных берагах”, “Покліч сэрца”, “Салёная раса”, “Раскажу праўду”, сцэнарыяў да тэлеперадач, апавяданняў, гумарэсак, нарысаў, артыкулаў, выступленняў, успамінаў, а таксама перакладамі А.П. Капусціна з розных моў і перакладамі твораў пісьменніка.

У вопіс фонда У. Калесніка ўвайшлі аўтографы яго крытычных прац, сярод якіх літаратурныя партрэты, нарыс і артыкулы пра М. Танка, У. Жылку, Ф. Скарыну, Я. Брыля, Я. Купалу, М. Багдановіча, Н. Арсенневу, А. Адамовіча і інш., а таксама шэраг артыкулаў на літаратуразнаўчыя, гістарычныя і педагагічныя тэмы. Захавалася каштоўная перапіска з дзеячамі літаратуры і мастацтва: А. Адамовічам, В. Адамчыкам, Р. Барадуліным, В. Быкавым, Н. Гілевічам, У. Караткевічам, Г. Каханоўскім, Ф. Янкоўскім і інш.

Фонд А.І. Мальдзіса прадстаўлены пераважна лістамі ад дзеячаў літаратуры, мастацтва і навукі Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Балгарыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Канады, ЗША, Швецыі і інш.

Фонд М.Р. Ларчанкі складаецца з рукапісаў вучэбных дапаможнікаў, напісаных ім для студэнтаў, манаграфіі “Станаўленне і развіццё рэалізма ў беларускай літаратуры 19 – пач. 20 стст.”, зборнікаў артыкулаў “Славянская супольнасць”, “Яднанне братніх літаратур” і інш.

Фонд дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь В.А. Ніжанкоўскай утрымлівае цікавыя дакументы пра яе бацьку А.К. Снітку, братоў, дзядзьку А.М. Уласава, мужа Б.А. Тарашкевіча і інш. Сярод дакументаў сям’і К.К. Жыркевіч (Сніткі) знаходзіцца унікальны фотаальбом другой паловы ХІХ стагоддзя.

У вопіс 2 фонда кампазітара А.В. Багатырова ўвайшлі нотныя рукапісы опер “У пушчах Палесся”, “Надежда Дурова”, музыкі да спектакляў “Заложнікі”, “Маскарад”, “Ленушка”, да мастацкага фільма “Канстанцін Заслонаў”, сімфоній № 1 і № 2, кантат “Сказ о Медведихе”, “Ленинградцы”, “Беларусь”, песень для хору з фартэпіяна, а капэла, рамансаў і інш. Цікавасць уяўляюць успаміны кампазітара пра дзеячаў беларускага музычнага мастацтва.

У фондзе І.І. Рэзніка сабраны яго артыкулы па гісторыі беларускага кіно, шматлікія рэцэнзіі, матэрыялы пра жыццё і творчасць рэжысёра Ю.В. Тарыча, кінасцэнарыста М.І. Таўбэ, па гісторыі кінамастацтва савецкіх рэспублік і інш.

Дакументы сямейнага фонду П.А. Маркіна і яго жонкі В.С.Захаравай адлюстроўваюць іх працу ў Брэсцкім абласным драмтэатры імя ЛКСМБ з 1949 па 1958 гг., а В.С. Захаравай – і ў Дзяржаўным рускім драмтэатры БССР імя М. Горкага з 1958 па 1969 гг. Дакументы іх дачкі, народнай артысткі БССР Г.П. Маркінай – яе працу ў тэатры імя Я. Коласа ў 1965 –1985 гг.

З гэтымі дакументамі можна азнаёміцца у чытальнай зале архіва-музея штодзённа з 9.00 да 17.30 (акрамя суботы і нядзелі).