У БДАМЛіМ працуе выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага празаіка Барыса Міхайлавіча Мікуліча

У БДАМЛіМ працуе выстава “Асуджаны за талент”, адкрытая падчас правядзення Узвышаўскіх чытанняў, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага празаіка Барыса Міхайлавіча Мікуліча, які нарадзіўся 19 жніўня 2012 г. у Бабруйску.

Б.Мікуліч да арышту ў 1936 г. быў ужо даволі адметным аўтарам. Свежасць тэматыкі, неардынарнасць творчага почырку, сюжэтная разнастайнасць, актыўная жыццёвая пазіцыя прыцягвалі ўвагу да твораў і асобы пісьменніка. На яго творчым рахунку было 7 кніг, сярод якіх зборнікі апавяданняў “Удар”, “Яхант”, навэл “Чорная вірня”, аповесці “Наша сонца”, “Дружба” і інш., публікацый у часопісах “Маладняк”, “Уздым”, “Вясна” і інш., якія сёння дэманструюцца на выставе.

Аснову экспазіцыі склалі дакументы з асабістага фонду Б.Мікуліча, перададзеныя ў архіў сястрой Марыяй. Гэта рукапісы твораў, напісаных з 1947 па 1949 гг. падчас вяртання на Беларусь пасля 10-гадовага зняволення ў сібірскіх лагерах – аповесць “Вецер на світанні”, запіскі “Узнагарода”, “Вандраванне ў той свет”, апавяданне “Машины на берегу”, “Пасхальнае яйцо”, сшытак з вершамі, напісанымі ў высылцы; канспекты прачытаных кніг з кароткімі рэцэнзіямі і г.д. І галоўны твор гэтага перыяду – аўтограф “Повести для себя”, якая ўбачыла свет толькі ў 1993 г., – дзённікавыя запісы пра сваіх сучаснікаў, сваё жыццё, дзікунскі час сталінізму.

Частка выставы адлюстроўвае трагедыю творцы, які прагне пісаць і піша, але яго не друкуюць. Тры гады напружанай творчай працы, лісты ў розныя інстанцыі, перапіска з П.Глебкам, І.Гурскім, М.Лыньковым, У.Карпавым, М.Танкам наконт публікацыі і ўсюды адмоўны адказ: “Спецыфіка Ваша перашкаджае”. У 1949 г. – паўторны арышт і высылка ў сяло Машукоўка Краснаярскага краю. Гэты перыяд жыцця Б.Мікуліча адлюстраваны на выставе ў дакументах і фатаграфіях, дасланых краязнаўцам, настаўнікам Машукоўскай СШ М.Г. Захарцовым, а таксама ў лістах Б. Мікуліча да сясцёр на радзіму і трагічным лісце яго жонкі М.І. Смеляковай пра смерць і пахаванне мужа ў 1954 г., які на дажыў тры месяцы да рэабілітацыі.

Фонд пісьменніка, а таксама экспазіцыя выстаўкі папоўніліся і за кошт дакументаў і брашур, прысвечаных Б. Мікулічу, падрыхтаваных загадчыкам гарадской бібліятэкай № 4 г.Бабруйска С.В.Калютай і вучнямі – членамі клуба “Искатель», якія змагаюцца за наданне бібліятэцы імя таленавітага пісьменніка.