1 кастрычніка 2010 г. у чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва адбылася прэзентацыя сумесных выданняў беларускіх і расійскіх архівістаў

1 кастрычніка 2010 г. у чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва адбылася прэзентацыя сумесных выданняў беларускіх і расійскіх архівістаў – зборнікаў дакументаў і матэрыялаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі” (1909—1939) і “Белорусы в советском тылу. Июль 1941 г. – 1944 г.”

У прэзентацыі ўдзельнічалі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь У.І. Адамушка, кіраўнік Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі А.М. Арцізоў, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В.Дз. Селяменеў, дырэктар Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Т.М. Гараева, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.І. Мушынскі, дырэктар Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва А.Р. Сакалоў, дырэктар Расійскага дзяржаўнага архіва эканомікі А.А. Цюрына, унучка Я. Коласа В.Д. Міцкевіч, загадчык кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ М.В. Трус, загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В.У. Скалабан.

У зборнік “Купала і Колас, вы нас гадавалі” увайшлі пераважна невядомыя дакументы за 1909—1939 гады, у тым ліку аўтографы класікаў, матэрыялы біяграфічнага характару, разнастайныя сведчанні пра грамадскае і літаратурнае акружэнне песняроў.
У падрыхтоўцы зборніка прымалі ўдзел літаратуразнаўцы, архівісты, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў. Аснову выдання складаюць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. Выкарыстаны таксама матэрыялы музеяў песняроў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, іншых сховішчаў Беларусі і Расіі.

У зборніку «Белорусы в советском тылу. Июль 1941 г. — 1944 г.» друкуюцца дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Татарстан, Цэнтральнага архіва гісторыка-палітычнай дакументацыі Рэспублікі Татарстан. Дакументы прысвечаны вынікам эвакуацыі ў 1941 г. з Беларусі, працоўнаму подзвігу эвакуіраванага насельніцтва, прадстаўнікоў навукі і культуры, якія ўнеслі свой уклад у набліжэнне Перамогі, асвятляецца работа Акадэміі навук БССР, устаноў культуры, ВНУ, паказана падрыхтоўка да аднаўленчых работ ў вызваленых раёнах Беларусі.