2 кастрычніка 2009 г. у БДАМЛМ адбыліся VІІ архіўныя чытанні, прымеркаваныя да Дня архівіста і прысвечаныя 150-годддзю з дня нараджэння Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы

2 кастрычніка 2009 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся VІІ архіўныя чытанні, прымеркаваныя да Дня архівіста і прысвечаныя 150-годддзю з дня нараджэння выдатнага беларускага асветніка, збіральніка і захавальніка нацыянальных рарытэтаў, выдаўца, этнографа, фалькларыста, мовазнаўца, літаратуразнаўца, бібліяфіла Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы. У чытаннях прынялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, НГАБ, БелНДЦЭД, Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Крапівы НАН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, выкладчыкі і аспіранты Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, Інстытута парламентарызма і прадпрымальніцтва.

Чытанні адкрыла дырэктар архіва-музея Г.В. Запартыка. Яна расказала аб падрыхтоўцы збору творчай спадчыны Б.І. Эпімах-Шыпілы. З прывітальным словам выступіла першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.У. Бірукова. Павіншаваўшы прысутных з Днём архівіста, яна расказала пра мерапрыемствы, якія прайшлі да юбілейнай даты нараджэння Б.І. Эпімах-Шыпілы, а таксама звярнула ўвагу на адкрыццё электроннай выставы, прысвечанай гэтай выдатнай асобе, якая размешчана на сайце “Архівы Беларусі”. Доктар філалагічных навук, прафесар А.В. Мальдзіс расказаў пра свае даследаванні спадчыны Б.І. Эпімах-Шыпілы. В.У. Скалабан прадэманстраваў кнігу Міколы Нікалаева “Беларускі Пецярбург”, з прысвячэннем Б.І. Эпімах-Шыпілу, якая ўбачыла свет у гэтым годзе.

Чытанні праходзілі ў двух секцыях. На першай, прысвечанай жыццю і дзейнасці Б.І. Эпімах-Шыпілы, прагучалі даклады У.М. Конана, Р.І. Арла, Г.В. Запартыка, Л.С. Давідоўскай, І.Э. Багдановіч. Пра сумесную працу Б.І. Эпімах-Шыпілы і А. Бабарэкі па складанні слоўніка жывой беларускай мовы распавёў В.В. Жыбуль, цікавыя моманты з гісторыі ліставання Б.І. Эпімах-Шыпілы і Язэпа Драздовіча прааналізаваў у сваім дакладзе Ю.Л. Малаш. Звяртае ўвагу даклад Дз.А. Глазоўскай “Аб інтэрнет-праекце, прысвечаным юбілею Б.І. Эпімах-Шыпілы”, у якім аўтар падрабязна расказала аб стварэнні электроннай выставы.

На другой секцыі разглядалася тэма “Крыніцы па гісторыі літаратуры і мастацтва Беларусі ў замежных сховішчах”. Былі прадстаўлены даклады А.В. Мальдзіса, М.Ф. Шумейкі, Л.Д. Налівайка і Я.Ф. Шунейкі, А. Бразгунова, Дз.Ч. Матвейчыка, У.В. Мальцава, А.М. Сідарэвіча, В.С. Івановай. Па матэрыялах дакладаў мяркуецца выданне зборніка.
Да дня правядзення VІІ архіўных чытанняў падрыхтавана дакументальная выстава “Б.І. Эпімах-Шыпіла ў зборах БДАМЛМ”, на якой прадстаўлены аўтографы, рукапісныя копіі Б. Эпімах-Шыпілы, яго пераклады, рэдактарская дзейнасць, ўнікальная перапіска 1925 г. на лацінскай і грэчаскай мовах з музыказнаўцам Ю.М. Дрэйзіным і іншыя матэрыялы.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу, якая будзе працаваць да снежня 2009 года.