26 мая 2008 г. у БДАМЛМ адбыліся VIII Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 115-годдзю з дня нараджэння беларускага публіцыста, празаіка і сатырыка А. Мрыя

26 мая 2008 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся VIII Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 115-годдзю з дня нараджэння беларускага публіцыста, празаіка і сатырыка А. Мрыя (сапр. А. А. Шашалевіча). У чытаннях прынялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі, Інстытута філасофіі НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выкладчыкі і аспіранты Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Гомельскага дзяржаўнага універсітэта.

Чытанні адкрыла дырэктар БДАМЛМ Г. Запартыка. Па першай тэме, прысвечанай жыццю і творчасці А. Мрыя, з дакладамі выступілі М. Мушынскі, У. Конан, І. Шаладонаў, З. Драздова, В. Назараў, Ж. Капуста, Л. Сільнова і Л. Мацук. Тэма “Узвышша” і праблемы культуры мовы і мовазнаўства” была закранута ў дакладах В. Курцовай, А. Данільчык і Т. Кекелевай. Не абмінае сваей увагай чытанні даследчык са Смаленска М. Ількевіч, які сваімі выступленнямі, на аснове дакументаў рэпрэсіраваных дзеячаў (А. Бабарэкі, М. Гарэцкага, А. Адамовіча, У. Пракулевіча), выяўленых у архівах КДБ, дае ўзор сучаснай інтэрпрэтацыі і разумення праблем беларускай культуры 1920-х – 1930-х гг. Г. Запартыка расказала пра традыцыю правядзення Узвышаўскіх чытанняў у архіве-музее літаратуры і мастацтва, адзначыла іх ролю ў даследаванні гісторыі беларускай літаратуры 1920-х – 1930-х гг. і ўзбагачэнні Нацыянальнага архіўнага фонду. На падвядзенні вынікаў канферэнцыі было вырашана працягваць традыцыі папярэдніх Узвышаўскіх чытанняў. Па матэрыялах дакладаў мяркуецца выданне зборніка.

Пасля канферэнцыі для ўдзельнікаў чытанняў была праведзена экскурсія па выставе, прысвечанай 115-годдзю з дня нараджэння А. Мрыя. На выставе прадстаўлены фотаздымкі пісьменніка, фотакопія аўтографа ліста “Другу трудящихся Иосифу Виссарионовичу Сталину”. Значную частку экспазіцыі займаюць апавяданні і нарысы А. Мрыя, апублікаваныя ў часопісах “Наш край”, “Чырвоны сейбіт”, “Узвышша”, “Полымя”, а таксама творы, выдадзеныя асобнымі кнігамі. Другая частка выставы прысвечана літаратурна-мастацкаму аб’яднанню “Узвышша” і праблемам культуры мовы. Дадзеная тэма раскрываецца шляхам экспанавання усіх нумароў часопіса “Узвышша” за 1927–1931 гг., а таксама лістамі У. Дубоўкі да А. Бабарэкі, у якіх У. Дубоўка значную ўвагу надае вырашэнню праблем, звязаных з культурай беларускай мовы і мовазнаўствам 20-х гг. ХХ ст.