25 мая 2018 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі XVIIІ Узвышаўскія чытанні

25 мая 2018 г. прайшлі чарговыя Узвышаўскія чытанні, якія штогод арганізуе Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Гэтым разам загалоўная тэма канферэнцыі была сфармулявана як “Беларуская літаратура і пачаткі дзяржаўнасці”.

У прывітальным слове дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка казала пра дзейнасць творчай інтэлігенцыі ў справе беларускага дзяржаватварэння, а дацэнт БДУ Міхаіл Шумейка адзначыў ролю архіўных фондаў у падрыхтоўцы і выданні збораў твораў пісьменнікаў. На пленарным пасяджэнні пісьменнік, дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў і вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль распавялі пра новую кніжную серыю “Святлацені” і прэзентавалі кнігу “Пералівы” рэпрэсаванага паэта Юркі Лявоннага (1908 – 1937).

Прагучалі даклады “Атрактыўная функцыя жаночага вобраза ў мастацкай прозе (на матэрыяле беларускай прозы 1920 – 1930-х гг.” Аляксандры Чарнавокай, “Творы Яраслава Гашака ў Беларусі 1920 – 1930-х гг.: пераклады, выданні, кантэкст” Міколы Труса, “Тэма Украіны ў айчыннай перыёдыцы 20 – 30-х гадоў XX ст.” Жаны Шаладонавай, «“Змаганне за Купалу” на эміграцыі» Наталлі Гардзіенкі, “Пісьменнік-маладняковец Вільгельм Гараўскі (1908 – 1937): паводле матэрыялаў друку і сямейнага архіва” Віктара Жыбуля, “З вопыту падрыхтоўкі да друку ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі” Ганны Запартыкі.

Да чытанняў далучыліся і нашчадкі ўдзельнікаў літаратурнага згуртавання “Узвышша”. Сын Змітрака Бядулі інжынер Яфім Плаўнік выступіў з цікавымі ўспамінамі пра сям’ю Вацлава Ластоўскага, з якою быў знаёмы, а дачка Андрэя Мрыя Наталля Прушынская з горада Петразаводска (Расія, Рэспубліка Карэлія) даслала прывітальны ліст, які быў зачытаны перад удзельнікамі і гасцямі канферэнцыі.

Трэба адзначыць і завочны ўдзел украінскіх даследчыц Святланы Барадзіцы, Тацяны Скураткі, Вольгі Фірман і Наталіі Карач з Тэрнопальскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Уладзіміра Гнацюка, якія асабіста прыехаць не здолелі, але даслалі заяўкі з тэмамі дакладаў. Як можна меркаваць, міжваенны перыяд развіцця літаратуры актыўна вывучаецца і ўкраінскімі навукоўцамі.

XVIIІ Узвышаўскія чытанні