Жыццё і дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава

Аб праекце

Праект «Жыццё і дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава» распрацаваны ў сувязі з 95-годдзем з дня яго нараджэння. Матэрыялы размешчаны на інтэрнэт-рэсурсе органаў архіўнай справы і справаводства і сістэмы дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь – сайце «Архівы Беларусі» ў спецыяльнай юбілейнай рубрыцы.

Мэты праекта

Мэтай дадзенага праекта з’яўляецца прадстаўленне шырокаму колу карыстальнікаў глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт больш поўнай, аб’ектыўнай і комплекснай інфармацыйнай карціны па пытаннях беларускай культуры і гісторыі на падставе дакументальных першакрыніц аб жыцці і дзейнасці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Стварэнне гэтай падборкі матэрыялаў таксама абумоўлена імкненнем адзначыць вялікі ўклад класіка беларускай ваеннай прозы Васіля Быкава ў развіццё беларускай і сусветнай літаратуры, нагадаць аб яго творчасці і падзеях жыцця.

Структура праекта

Рубрыка складаецца з 3-х асноўных раздзелаў, у якіх размешчаны наступныя матэрыялы:
• Аглядная даведка аб асноўных падзеях жыцця і творчасці Васіля Быкава
• Прадстаўнічая інфармацыя аб першых выданнях твораў Васіля Быкава
• Выстаўка архіўных дакументаў і матэрыялаў

Даведачная інфармацыя мае 8 блокаў прадстаўленых у асноўным у храналагічным парадку звестак аб жыцці і дзейнасці В.В. Быкава.

Прэзентуюцца 24 першых выданні твораў Васіля Быкава з бібліятэчнага фонда Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Усяго экспануецца больш 500 архіўных крыніц (у выглядзе іх электронных копій), якія знаходзяцца ў сховішчах 6 дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь: Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, а таксама Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці. Акрамя таго, былі прыцягнуты некалькі копій дакументаў Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Асноўны аб’ём інфармацыі (больш за 80% ) засяроджаны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Экспазіцыя складаецца з 9 тэматычных блокаў (23 з улікам унутраных груповак). Прадстаўленыя на выстаўцы архіўныя дакументы і матэрыялы адлюстроўваюць розныя этапы жыцця і напрамкі дзейнасці Васіля Быкава. Гэта асабістае жыццё, творчая і грамадская дзейнасць. Экспануюцца творы ўсіх жанраў, у якіх працаваў пісьменнік,увасабленне іх у мастацтве, а таксама матэрыялы, якія адлюстроўваюць творчыя сувязі Васіля Быкава з дзеячамі культуры і навукі. Прадстаўлены таксама шэраг матэрыялаў, у якіх асвятляецца ацэнка зробленага Быкавым і ўшанаванне яго памяці. Галоўным чынам атрымалі асвятленне пытанні, звязаныя з творчасцю Васіля Быкава – як саміх твораў (тэкстаў з аўтарскімі і рэдактарскімі праўкамі), так і іх ацэнкі прадстаўнікамі розных сацыяльных груп.

На выставе прадстаўлены галоўным чынам арыгіналы дакументаў, асабістыя і афіцыйныя, рэцэнзіі ў газетах і часопісах і інш. Некалькі дакументаў у сувязі з іх тэматычнай шматпланавасцю прадстаўлены ў розных раздзелах. Частка дакументаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва публікуецца ўпершыню.

Структурна дакументы і матэрыялы пададзены ў 2-х узроўнях:
— 1-ы ўзровень: пералік дакументаў, які ўключае іх назву, месца і дату стварэння, від і мову, а таксама архіўныя ўказальнікі да іх. З правага боку знаходзяцца спасылкі для прагляду матэрыялу ў поўнамаштабным выглядзе. Архіўныя крыніцы размешчаны галоўным чынам у храналагічнай паслядоўнасці.
— 2-гі ўзровень: электронныя копіі архіўных першакрыніц, якія зроблены ў максімальна магчымым у дадзенай канкрэтнай сітуацыі памеры.

Аснову экспазіцыі складаюць тэкставыя дакументы (у поўным выглядзе або як фрагменты). Гэта машынапісныя, друкаваныя, рукапісныя крыніцы. Сярод іх у 70 пазначан удзел Васіля Быкава, у тым ліку 46 яго аўтографаў, а таксама аўтарызованыя машынапісы і інш. Экспануюцца таксама аўтографы іншых асоб – дзеячоў культуры, якія былі звязаны з творчасцю Васіля Быкава.

Тэксты дакументаў і матэрыялаў у асноўным выкананы на беларускай і рускай мовах. Таксама экспануюцца некалькі дакументаў на польскай, нямецкай, французскай, балгарскай і літоўскай мовах.

Астатняя частка выставы (каля 100 крыніц) – фотаздымкі. Дэманструюцца некалькі малюнкаў. Акрамя таго, прадстаўлены звесткі аб фона і кінадакументах.

Прапанаваны ў рубрыцы набор матэрыялаў не з’яўляецца вычарпальным для раскрыцця тэмы, што прадугледжвае магчымасць папаўнення віртуальнай выставы.

Удзельнікі праекта

Арганізацыйная і кансультацыйная падтрымка, ўзгадненне падрыхтаваных да размяшчэння на сайце матэрыялаў ажыццяўляліся Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Адказным выканаўцам работ па праекце, які ажыццяўляў фарміраванне інфармацыйнага напаўнення і тэхнічнае забеспячэнне прадстаўлення распрацаваных матэрыялаў у Інтэрнэце, з’яўляўся Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі.
 
У выяўленні дакументаў і матэрыялаў па тэме праекта і падрыхтоўцы іх электронных копій ўдзельнічалі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі, Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці і Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці, а таксама Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі.

Заўвагі

Пры выкарыстанні матэрыялаў праекта неабходна рабіць спасылку на крыніцу (сайт «Архивы Беларуси» і архіў, у якім захоўваецца дакумент). Па іншых пытаннях выкарыстання размешчаных на сайце дакументаў трэба звяртацца ў адпаведныя архівы (кантактная інфармацыя аб іх маецца ў рубрыцы «Органы и учреждения Государственной архивной службы» сайта «Архивы Беларуси»).

Свае водгукі і прапановы, якія тычацца дадзенага праекта, можна накіроўваць па электроннай пошце (е-mail: ed@archives.gov.by).