Учреждение «Белорусский государственный архив-музей литературы и искусства»

прадстаўляе віртуальную выставу

Выстава да 50-годдзя архіва - музея


Дзеля высакароднай мэты сабраць і захаваць скарбы нашай літаратуры, мовы і культуры, з ініцыятывы беларускіх архівістаў і пры актыўнай падтрымцы многіх пісьменнікаў і вучоных, 9 чэрвеня 1960 г. была падпісана пастанова аб стварэнні Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва БССР (з 1993 г. – Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). Сёння, калі на рахунку архіва-музея ўжо пяцьдзесят гадоў руплівай працы, з гонарам можна сказаць: Беларусь мае каштоўнейшую скарбніцу рукапісных помнікаў і дакументальных крыніц па гісторыі нацыянальнай літаратуры і мастацтва. За гэты перыяд сабраны ўнікальныя памяткі па гісторыі беларускай літаратуры, тэатра, музыкі, кіно. У сотнях тысяч дакументаў адлюстраваны пачынальніцкія крокі ХІХ стагоддзя і вясна нашага нацыянальнага абуджэння, дзе “Наша доля” і “Наша Ніва”, дзе першыя зборнікі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, дзе зачаткі прафесійнага тэатра і музычнай культуры, культурны росквіт 1920-х гадоў і трагедыі рэпрэсій, мужнасць ваенных гадоў і пасляваеннае станаўленне, і ў рэшце – ўздымны, шматгалосы пачатак незалежнай Беларусі. Дастаткова сказаць, што архіў-музей захоўвае дакументы любімых народам класікаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Бабарэкі, В. Быкава, У. Дубоўкі, Я. Пушчы, М. Танка, Я. Брыля, І. Мележа, П. Панчанкі, І. Шамякіна, У. Караткевіча, праслаўленых нашых акцёраў М. Забэйды-Суміцкага, Г. Макаравай, С. Станюты, Л. Рахленкі, Б. Платонава, П. Малчанава, А. Клімавай, цэлай кагорты выдатных кампазітараў М. Аладава, Г. Вагнера, Я. Глебава, Ю. Семянякі, Я. Цікоцкага, таленавітых мастакоў А. Астаповіча, В. Волкава, Б. Звінагродскага, А. Кашкурэвіча, А. Марыкса, А. Паслядовіч і яшчэ многіх і многіх вядомых дзеячаў літаратуры, мастацтва, культуры. 475 фондаў, кожны з якіх, адлюстроўваючы жыццё і дзейнасць свайго стваральніка, адлюстроўвае сваю эпоху, цесна звязвае ў адно цэлае тысячы дакументаў. Сёння ўжо цяжка ўявіць гістарычную прастору літаратуры, мастацтва, культуры Беларусі без архіўных фондаў. На іх абапіраюцца і на іх грунтуюцца навуковыя даследаванні, зборы твораў пісьменнікаў, дакументальнае кіно, дакументальныя выставы і зборнікі.

Найбольшую частку фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва складаюць пісьменніцкія архівы, звыш двухсот. Гэта палова ад усёй колькасці архіваў асабістага паходжання, якія паступілі ў архіў-музей за ўсю яго гісторыю. Сярод іх зборы і калекцыі Я. Купалы, Я. Коласа, сям’і М. Багдановіча, Ц. Гартнага, І. Грыгаровіча, асабістыя архіўныя фонды А. Адамовіча, А. Александровіча, З. Астапенкі, А. Астрэйкі, З. Бандарынай, Я. Барычэўскага, Я. Брыля, К. Буйло, В. Быкава, С. Грахоўскага, А. Гурыновіча, У. Дамашэвіча, У. Дубоўкі, Я. Журбы, К. Каганца, У. Караткевіча, У. Калесніка, А. Кулакоўскага, Я. Маўра, І. Мележа, А. Пальчэўскага, П. Панчанкі, П. Пестрака, І. Пташнікава, Я. Пушчы, Я. Семяжона, М. Танка, П. Труса, М. Хведаровіча, І. Шамякіна, С. Шушкевіча, У. Юрэвіча і многіх іншых.

Найбольш стратным для Беларусі ў дачыненні архіўных крыніц стала ХІХ стагоддзе. Мы да гэтай пары, у пошуках нашых скарбаў, адпраўляемся ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Кракаў, Варшаву, Вільню, Чарнігаў, Кіеў, каб выявіць рукапісы і дакументы Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Б. Эпімаха-Шыпілы, Я. Лучыны і інш. Пры гэтым я маю на ўвазе не толькі архівістаў, але і даследчыкаў-літаратуразнаўцаў. У многіх выпадках надараецца шанец атрымаць копію. Даследчыкі пакідаюць іх у сваіх асабістых зборах, архівісты ствараюць калекцыі. З такой калекцыяй можна пазнаёміцца і ў БДАМЛМ. Яе складаюць дакументы і рукапісы Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Францішкі Багушэвіча, Янкі Лучыны і інш. Усе яны атрыманы з розных сховішчаў Расіі і Польшчы як непасрэдна архівам, так і праз навукоўцаў. Гісторыя літаратуры дзевятнаццатага стагоддзя адлюстравана таксама ў дакументах пісьменніка, мастака і грамадскага дзеяча К. Каганца, перададзеных у пачатку 1990-х гадоў яго дачкой Галінай, якая жыла ў Маскве, Ванды Дзяржынскай – роднай пляменніцы Я. Лучыны, перададзеных іх сваячкай Марыяй Неканда-Трэпка з Бяла-Падляскі, Адама Гурыновіча, атрыманыя ад яго пляменніцы Яніны Гурыновіч з польскага горада Торунь. Асобнае месца ў шэрагу архіўных фондаў ХІХ ст. займае фонд археографа і мовазнаўца Івана Грыгаровіча, дакументы якога пашыраюць нашы ўяўленні аб гісторыі Беларусі і яе пісьмовых крыніцах аж да ХІІІ стагоддзя.

Вялікую ролю ў даследаваннях гісторыі беларускай літаратуры, культуры, мастацтва ХІХ – першай трэці ХХ ст. адыгрывае фонд Беларускага музея імя І. Луцкевіча. На жаль, калекцыі некалі славутага на ўсю Еўропу музея параскіданы па многіх сховішчах розных краін свету і прыватных зборах. Але значная частка яго архіўнай спадчыны з 1960 г. захоўваецца ў БДАМЛМ. Найперш – гэта фрагменты асабістых архіваў Цёткі (А. Пашкевіч), В. Ластоўскага, братоў І. і А. Луцкевічаў, Б. Тарашкевіча, асобныя творы і дакументы З. Бядулі, М. Васілька, Я. Коласа, Ц. Гартнага, Г. Новік і інш., ананімныя творы і фальклорныя запісы ХІХ ст. Захоўвае гэты фонд і шматлікія матэрыялы беларускіх выдавецтваў, часопісаў і газет першай трэці ХХ стагоддзя: статуты, пратаколы, перапіску, мастацкія творы. Унікальнымі сярод іх з’яўляюцца дакументы выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, рэдакцый газет “Наша Ніва” і “Беларуская крыніца”, беларускага выдавецкага таварыства “Мінчук”, выдавецтва “Наша хата”, рэдакцыі часопіса “Маланка”, а таксама матэрыялы менш вядомых шырокаму колу грамадства рэдакцый газет “Беларускі звон”, “Гоман”, “Змаганне”, “Новае жыццё”, часопісаў “Беларускі летапіс”, “Беларускі студэнт”, “Крывіч”, “Наша жыццё” і інш.

Выдатнай дакументальнай і рукапіснай спадчынай у архіве-музеі прадстаўлена гісторыя беларускай літаратуры міжваеннай пары. Фонды літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, паэтаў Я. Пушчы, У. Дубоўкі, П. Труса, М. Чарота, А. Александровіча, літаратуразнаўцаў А. Бабарэкі, І. Барашкі, Я. Барычэўскага, празаікаў М. Гарэцкага, С. Баранавых, Я. Дылы, Ц. Гартнага і многіх іншых раскажуць пра іх творчыя пошукі, пра час і абставіны стварэння многіх літаратурных суполак, іх узаемадачыненнях, аб дзяржаўнай літаратурнай палітыцы, аб трагічных эпізодах 1930-х гадоў. На лёсе гэтых архіваў адбіўся трагічны лёс іх гаспадароў, рана памерлых, расстраляных, высланых. Кожны з названых тут фондаў мае сваю гісторыю паступлення ў БДАМЛМ, часам незвычайную і ў кожным выпадку непаўторную.

Цікавую старонку дакументальнай спадчыны БДАМЛМ утвараюць матэрыялы пісьменнікаў, што ў самым росквіце жыцця, на самым пачатку творчага шляху, выдаўшы толькі свае першыя кніжкі, загінулі ў полымі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта асабістыя архівы З. Астапенкі, І. Дзенісенкі, А. Жаўрука, А. Пруднікава, Б. Іофе, Г. Шведзіка, Л. Гаўрылава, А. Коршака, С. Ляльчука і інш. Архівы іх невялікія, многія нават не складаюць самастойных фондаў, але ў іх адбілася ўся трагедыя вайны, лёс кожнага з іх, няпросты лёс іх сем’яў: у лістах з фронта, у блакнотах і запісных кніжках, у фотаздымках. Пра вайну апошняе слова ніколі не будзе сказана. БДАМЛМ ужо некалькі дзесяцігоддзяў вядзе працу па пошуку дакументаў, якія ствараліся ў ваенны час. Многія з такіх дакументаў перадаюцца з архівамі тых, хто сам прайшоў франтавымі і партызанскімі сцежкамі. Лісты з фронту, дзённікі, мастацкія творы належаць архіўным фондам В. Быкава, М. Лобана, А. Куляшова, М. Лынькова, А. Алешкі, Я. Маўра, А. Карпюка, А. Русака, Г. Шчарбатава, І. Мележа, В. Гарбука і многіх іншых, чыя творчасць мела выдатны працяг у пасляваенны час.

Тэатральнае мастацтва ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прадстаўлена асабiстымi фондамi артыстаў i рэжысёраў сталiчных i абласных тэатраў. Гiсторыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра iмя Янкi Купалы адлюстравана ў дакументах блiскучай плеяды беларускiх артыстаў i рэжысёраў — С. Бiрылы, У., Б. і А. Уладамiрскiх, В. Галiны, Г. Грыгонiса, У. Дзядзюшкi, I. Ждановiч, П. Кармунiна, Р. Кашэльнiкавай, Е. Мiровiча, Г. Макаравай, П. Малчанава, Б. Платонава, В. Полы, К. Саннiкава, С. Станюты i iнш. Нацыянальны акадэмічны тэатр iмя Я. Коласа прадстаўлены iмёнамi З. Канапелькi, I. Матусевiча, А. Мельдзюковай, А. Радзялоўскай, А. Труса i iнш. Значную частку фондаў складаюць архівы прадстаўнiкоў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра iмя М. Горкага — Г. Абуховiч, Дз. Арлова, В. Воiнкава, А. Кiстава, А. Клiмавай, Г. Качаткова, I. Лiснеўскага, Р. Янкоўскага i iнш. Сярод вядомых майстроў опернага мастацтва iмёны Л. Александроўскай, А. Арсенкi, I. Балоцiна, В. Валчанецкай, Л. Ганеставай, С. Друкер, Р. Млодак, I. Сарокiна i iнш., артыстаў балета — Т. Узунавай, Ю. Хiраска. Змястоўна дапаўняюць фонды тэатральных дзеячаў матэрыялы самiх тэатраў, у якiх яны працавалi — гэта архiвы Нацыянальных акадэмiчных тэатраў iмя Я. Купалы i iмя Я. Коласа, Нацыянальнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра iмя М. Горкага, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР i iнш.

Музычная культура Беларусі адлюстравана ў фондах кампазiтараў С. Аксакава, А. Багатырова, Г. Вагнера, Я. Глебава, В. Залатарова, А. Клумава, Дз. Лукаса, П. Падкавырава, С. Палонскага, Р. Пукста, Ю. Семянякi, Я. Цiкоцкага, А. Туранкова, М. Чуркiна i iнш., этнографа i кампазiтара Я. Прохарава, музыказнаўцаў Дз. Жураўлёва, Л. Мухарынскай, С. i I. Нiсневiчаў, а таксама ў дакументах фондаў Беларускага саюза кампазiтараў, Дзяржаўнай акадэмiчнай харавой капэлы iмя Р.Р. Шырмы, Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору Рэспублікі Беларусь iмя Г.I. Цiтовiча, Белдзяржфiлармонii, Акадэміі музыкі і інш.

Гiсторыя выяўленчага мастацтва знайшла адлюстраванне ў фондах мастакоў-жывапiсцаў I. Ахрэмчыка, В. Волкава, П. Гаўрыленкi, Я. Красоўскага, М. Тарасiкава, А. Шаўчэнкi, графiкаў А. Кашкурэвiча, Л. Лейтмана, М. Лiсоўскага, А. Паслядовіч, А. Тычыны, мастакоў тэатра Б. Малкiна, А. Марыкса, Я. Нiкалаева, скульптараў С. Селiханава, А. Глебава, мастацтвазнаўцаў Г. Барышава, М. Кацара, Ф. Лейтман. Не пакiнуць абыякавымi даследчыкаў гісторыі мастацтва фонды Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнага мастацкага музея БССР і інш.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца комплекс дакументаў па гісторыі кiнематаграфіі. Ён прадстаўлены фондам аднаго з заснавальнiкаў беларускага кiно У. Корша-Саблiна, рэжысёраў В. Турава, В. Чацверыкова, а таксама дакументамi Беларускага саюза кiнематаграфiстаў i Нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм».

У два апошнія дзесяцігоддзі фонды архіва-музея актыўна папаўняюцца дакументамі дзеячаў беларускай культуры замежжа. Сярод іх архівы А. Алехніка (Аўстралія), Н. Арсенневай, Я. Запрудніка, В. і З. Кіпеляў (ЗША), С. Яновіча, Б. Белаказовіча, В. Дзяржынскай, Ю. Туронка (Польшча), Я. Шведзюка (Вялікабрытанія) і інш. Працягваецца праца па камплектаванні асабістых архіваў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі. Сёння яго вынікам сталі фонды А. Бабарэкі, М. Гарэцкага і Л. Чарняўскай (Гарэцкай), А. Кавалюк, А. Каўкі, У. Кіркевіча, І. Ласкова, В. Целеша і многіх іншых.

Тэма архіваў была, ёсць і будзе актуальнай. Як даследчыка так і чытача будзе заўсёды заварожваць аўтограф, здзіўляць гісторыя тэкстаў, выклікаць нечуваныя эмоцыі фотаздымкі. Так будзе паўтарацца з пакалення ў пакаленне. Архівы ж закліканы быць як своеасаблівым правадніком у сваю эпоху, так і быць мастком паміж эпохамі. І ў гэтым іх вышэйшае прадвызначэнне.

Ганна Запартыка,
дырэктар БДАМЛМ