БДАМЛіМ – скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва


Музейны фонд

Пасля рэарганізацыі ў 1976 г. Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва БССР ў архіў-музей пачалося стварэнне яго музейнага фонда. У сучасным Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца каля 600 рэчавых помнікаў, асноўную частку якіх складаюць мемарыяльныя рэчы дзеячаў літаратуры і мастацтва. Музейны фонд БДАМЛМ утвараюць калекцыі фалерыстыкі, тканін, выяўленчых крыніц, музычных інструментаў, гадзіннікаў, вырабаў з дрэва, посуду, пісьмовых прылад, якія падзелены, згодна з класіфікацыяй прадметаў, па тыпах крыніц і матэрыялу. Адначасова пры падзеле прадметаў па калекцыях захоўваецца цэласнасць мемарыяльнай калекцыі і іх прыналежнасць да фонду таго дзеяча, разам з дакументамі якога яны паступілі.

Асноўную частку музейных прадметаў складае калекцыя фалерыстыкі. Гэта ўзнагароды беларускіх пісьменнікаў А. Астрэйкі, Я. Брыля, П. Валкадаева, Я. Васілёнка, В. Горбука, М. Ткачова; акцёраў А. Асторынай, I. Балоціна, С. Бірылы, Г. Макаравай, I. Матусевіча, Ц. Сяргейчыка, Ю. Хіраскі; кампазітараў І. Кузняцова, П. Падкавырава, М. Шнейдэрмана; мастакоў А. Марыкса, А. Паслядовіч, скульптара А. Грубэ, вядомага дзеяча культуры Г. Прагіна. Найбольш часта сярод іх сустракаюцца ордэны: Знак Пашаны, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і Дружбы народаў; медалі “Ветэран працы”, “За доблесную працу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “За працоўную адзнаку”, “Партызану Айчыннай вайны” і інш. Значнае месца займаюць юбілейныя і памятныя медалі: “40 гадоў вызвалення Беларусі”, “100 гадоў М. Гарэцкаму”, “Крэпасць-герой Брэст”, “900 год з дня заснавання Брэста”, “900 год з дня заснавання Мінска”, “2000 год хрысціянству”, “200 гадоў з дня нараджэння I.А. Крылова”, “100 год з дня нараджэння Я. Гашэка” і інш.

У складзе музейнага фонду БДАМЛМ маецца калекцыя тканін, якая прадстаўлена, у асноўным, прадметамі народнай творчасці. Найбольш значная колькасць іх паступіла разам з сямейным фондам Гарэцкіх. Гэта розныя абрусы, ручнікі і сурвэткі з мастацкай вышыўкай, выкананай жонкай Максіма Гарэцкага пісьменніцай Л. Чарняўскай. У калекцыі тканін архіва-музея ёсць насоўка брата М. Багдановіча Л. Багдановіча з яго вензелем, шоўкавы абрус і ільняны ручнік, якія належалі К. Буйло і інш. Цікавасць прадстаўляе таксама белы ільняны абрус, якім засцілаўся стол падчас урачыстых сустрэч стваральнікаў літаратурнага аб’яднання “Узвышша”.

Да калекцыі выяўленчых крыніц адносяцца тры группы прадметаў: жывапіс, скульптура, фотапартрэты. З жывапісу найбольшую цікавасць прадстаўляюць: партрэт У. Дубоўкі, выкананы акварэллю, карціна В. Целеша “Заміж пярсідскага ўзору…” (“М. Багдановіч у Вільні”), партрэт К. Буйло работы Я. Раманоўскага, “Пукса-возера” А. Бялецкага, партрэт М. Ермаловіча ў выкананні Я. Ціхановіча, карціна П. Зарэцкага “Домік Я. Янішчыц”, партрэт маці вядомага музыказнаўцы Ю. Дрэйзіна і інш. Скульптуру прадстаўляюць работы А. Мірончыка, выкананыя па замове архіва-музея: бюсты М. Агінскага, Ф. Багушэвіча, С. Буднага, Я. Драздовіча, Я. Коласа, Я. Купалы, I. Луцкевіча, С. Манюшкі, Ф. Скарыны. З фотаздымкаў трэба ўзгадаць вялікія партрэты народнай артысткі Беларусі і СССР А. Клімавай у яе лепшых ролях, фотаздымкі У. Дубоўкі, Л. Багдановіча, А. Дуж-Душэўскай, К. Буйло і інш.

Сярод музычных інструментаў – цытра, якая належала вядомаму беларускаму кампазітару В. Яфімаву, дырыжорская палачка знакамітага дырыжора і кампазітара М. Шнейдэрмана, піяніна заслужанага артыста Беларусі В. Скорабагатава.

У калекцыю вырабаў з дрэва ўваходзяць шахматы і шкатулкі А. Бабарэкі, М. Гарэцкага, А. Багдановіча, К. Буйло, люлька А. Багдановіча і інш.

У калекцыі гадзіннікаў сустракаюцца такія цікавыя экземпляры як насценны гадзіннік “Gustav Becker” канца XIX ст., насценны гадзіннік К. Буйло. Акрамя таго, ёсць кішэнныя гадзіннікі пісьменніка і літаратурнага крытыка А. Бабарэкі і вядомага дзеяча культуры Г. Прагіна.

Асноўную частку з калекцыі посуду складае набор сталовых прадметаў сям’і Багдановічаў, драўляныя лыжкі і талеркі з “хахламскім” роспісам з дому У. Дубоўкі і інш.

Да калекцыі пісьмовых прылад адносяцца два фарфоравыя чарнільныя прыборы і настольная лямпа К. Буйло, блакнот А. Бабарэкі, пёравыя ручкі М. Гарэцкага і В. Скорабагатава, розныя папкі для папер і г. д.

На аснове рэчавых прадметаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва рэгулярна арганізоўваюцца выставы, большая частка якіх носіць юбілейна-мемарыяльны характар.

Таццяна Шырокава,
вядучы навуовы супрацоўнік БДАМЛМ