3 жніўня 2017 года ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбылося адкрыццё выставы “Пішу як жыву”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Брыля

3 жніўня 2017 года ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Палац Рэспублікі) адбылося адкрыццё выставы “Пішу як жыву”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля (1917 – 2006). Арганізатарамі выступілі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, рэдакцыя газеты “Літаратура і мастацтва” і мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Выстава знаёміць з рознымі бакамі жыцця і дзейнасці Янкі Брыля і прадстаўлена тэматычнымі стэндамі “Сям’я”, “Лабараторыя пісьменніка”, “Я з вогненнай вёскі…”, “З калегамі па пяры”, “Чытацкая ўдзячнасць”, “Падарожжы”, “Творы Янкі Брыля на мовах свету”, “Юбілейнае” і інш. Экспазіцыю склалі шматлікія фотаздымкі вядомага празаіка, старонкі яго рукапісаў і іншыя дакументы з асабістага фонду Янкі Брыля ў БДАМЛМ.

Мерапрыемства адкрыў дырэктар галерэі Павел Сапоцька, а вядоўцай выступіла галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” Ларыса Цімошык. Вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль распавёў пра сувязі Янкі Брыля з архівам-музеем і пра яго асабісты фонд. Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка казаў пра значэнне творчасці вядомага празаіка ў кантэксце айчыннай літаратуры. Пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч і Зіновій Прыгодзіч падзяліліся цёплымі ўспамінамі пра старэйшага калегу, а калекцыянер Аляксандр Радаеў прадставіў увазе прысутных партрэт Янкі Брыля работы мастака Сямёна Геруса, які таксама можна пабачыць на выставе. Мерапрыемства наведалі і сваякі Янкі Брыля, у тым ліку дочкі Галіна і Наталля, сын Андрэй.

З Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва Янку Брыля звязвала шматгадовае супрацоўніцтва. Упершыню пісьменнік наведаў тады яшчэ Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР у 1963 г., перадаўшы рукапісы сваіх кніг “Пад гоман вогнішча”, “Мой родны кут”, “Працяг размовы”, а таксама асобных апавяданняў і нарысаў. Гэта паклала пачатак асабістаму фонду Янкі Брыля. Дакументы ад пісьменніка працягвалі паступаць і ў 1970-х, і ў 1990-х, і ў 2000-х гг., а пасля яго смерці рэшту архіва Янкі Брыля перадала яго дачка Наталля Іванаўна Семашкевіч. Сёння архіў Я. Брыля налічвае 4 вопісы агульнай колькасцю 1297 адзінак захоўвання. Гэта больш за 12750 дакументаў: чарнавыя аўтографы аповесцяў “У Забалоцці днее”, “На Быстранцы”, “Ніжнія Байдуны”, “Золак, убачаны здалёк”, рукапісы шматлікіх апавяданняў, нарысаў, замалёвак і лірычных мініяцюр, багатая перапіска з дзеячамі літаратуры і мастацтва Беларусі і іншых краін, матэрыялы творчай дзейнасці, артыкулы пра пісьменніка, яго фотаздымкі з роднымі, калегамі па пяры. Унікальнай часткай архіўнага фонду Янкі Брыля з’яўляюцца яго дзённікі, якія пісьменнік вёў цягам усяго жыцця – з 1932 да 2006 г. – і ўяўляюць з сябе своеасаблівы летапіс эпохі.