7 лютага 2008 г. ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася вечарына, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры В. Дуніна-Марцінкевіча

7 лютага 2008 г. ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася вечарына, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Юбілей святкуецца пад эгідай ЮНЭСКА, якое аб’явіла 2008 год – годам знакамітага беларускага пісьменніка. Вечарына ў архіве-музеі стала апошнім акордам у ліку мерапрыемстваў юбілейнага тыдня, сярод якіх правядзенне вечарын, канферэнцый, арганізацыя выставак, адкрыццё памятнага знака на касцёле ў Панюшкавічах, свята ў Люцінцы і шмат іншых. У вечарыне прынялі ўдзел архівісты, навукоўцы, краязнаўцы, сваякі В.Дуніна-Марцінкевіча.

Вечарыну адкрыла і вяла дырэктар архіва-музея Г.В.Запартыка, якая адзначыла, што без унёску архівістаў у справу вяртання і пошуку дакументаў выдатных дзеячаў краіны не было б гэтага свята. Кіраўнік Дэпартамента па архівах і справаводству пры Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У.І. Адамушка падтрымаў гэтую думку, узгадаўшы пра адраджэнне сувязяў паміж былымі рэспублікамі Саюза і назваўшы сумесныя праекты з Расіяй, Украінай, Латвіяй, Літвой, а таксама з краінамі далёкага замежжа. Галоўны архівіст НГАБ У.М.Дзянісаў расказаў аб працы, якую правёў і праводзіць гістарычны архіў у сувязі з юбілеям В.Дуніна-Марцінкевіча. З цікавасцю сустрэлі прысутныя выступленне праўнучкі пісьменніка з польскага горада Торуня – п. Беаты Хоміч, якая выказала гонар за прыналежнасць славутаму роду і ўдзячнасць усім арганізатарам мерапрыемстваў, дзякуючы якім яна адчула значэнне Дуніна-Марцінкевіча для беларускай культуры. Выдатны даследчык гісторыі беларускай і польскай літаратуры ХІХ ст. А.В.Мальдзіс распавёў пра знаходку невядомага твору драматурга «З-над Іслачы, або лекі на сон» у рукапісным аддзеле Варшаўскай нацыянальнай бібліятэкі. Ён прапанаваў шукаць і надалей, назваўшы некаторыя адрасы будучых адкрыццяў. Літаратуразнавец і архівіст Я.Я.Янушкевіч узгадаў пачатак працы над творчасцю яшчэ ў студэнцкія гады, а сёння ён адзін з тых, хто ведае пра Дуніна-Марцінкевіча амаль ўсё, яму належаць шматлікія знаходкі дакументаў, якія тычацца біяграфіі, радаводу, гісторыі твораў пісьменніка. Прафесар В.П.Рагойша, зямляк Дуніна-Марцінкевіча, выказаў шмат заўваг у адрас арганізатараў свята. Напрыклад, неабходнасць правядзення святочнага вечара на дзяржаўным ўзроўні, будаўніцтва дома-музея ў Люцінцы, помніка ў Мінску і г.д. Літаратурны краязнавец У.І.Содаль хадзіў сцежкамі не аднаго беларускага класіка, узнаўляў цікавыя жыццёвыя эпізоды, пачутыя са слоў старажылаў, у сваіх эссе і артыкулах. І сёння з тых вандровак ён захоўвае столік на разной ножцы з дому нашчадкаў пісьменніка. Навуковы супрацоўнік БелНДЦЭД Д.А.Глазоўская расказала аб працы па стварэнні віртуальных выставак класікаў беларускай літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа, В.Дуніна-Марцінкевіча.

Г.В.Запартыка падвяла вынікі вечарыны, узгадаўшы пісьменнікаў і навукоўцаў А.Ельскага, Б.Эпімах-Шыпілу, І.Замоціна, С.Александровіча, С.Майхровіча, І.Навуменку, Г.Кісялёва і інш.,. дзякуючы карпатлівай працы якіх з дакументамі архіваў і бібліятэк стваралася гісторыя беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, у тым ліку гісторыя жыцця і творчасці патрыярха беларускай літаратуры В.Дуніна-Марцінкевіча.

Напрыканцы вечарыны адбылося адкрыццё выставы «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (аўтар навуковай канцэпцыі Т.В.Кекелева), на якой прадстаўлены рукапісныя спісы твораў драматурга, якія сёння існуюць на правах арыгіналаў, г. з. першакрыніц твораў. Сярод іх «Залёты», «Сялянка», «Травіца брат-сястрыца», «Быліцы, расказы Навума», «Халімон на каранацыі», пераклад на беларускую мову першых глаў «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, зроблены В.Дуніным-Марцінкевічам. Таксама адлюстравана гісторыя першай пастаноўкі оперы «Сялянка» у Мінску і сцэнічнае жыццё іншых п’ес, гісторыя выдання твораў пісьменніка супрацоўнікамі Інбелкульта ў канцы 1920-ых гг., удзел сям’і Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні 1863 г., ушанаванне яго памяці. Дакументы, перададзеныя ў архіў-музей Беатай Хоміч, раскажуць пра адну з галінак знакамітага роду.