Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ладзіць прэзентацыю чарговага выдання. Свет убачыла кніга “Эпитафия без елея. Страницы воспоминаний партизана”

Абложка кнігі “Эпитафия без елея. Страницы воспоминаний партизана”Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ладзіць прэзентацыю чарговага выдання. Свет убачыла кніга ўспамінаў пісьменніка з партызанскім мінулым, літаратуразнаўца і крытыка, доктара філалагічных навук, прафесара Навума Перкіна.

Унікальнае выданне “Эпитафия без елея. Страницы воспоминаний партизана”, заснаванае на дакументальным матэрыяле, які захоўваецца ў архіве-музеі, выйшла, дзякуючы ІПА “Рэгістр”.

Пры жыцці Навума Саламонавіча поўныя ўспаміны яго партызанскага жыцця так і не былі надрукаваныя з-за прыгавору савецкага рэцэнзента: “ні ў якім выпадку выдаваць нельга”. У 1982 годзе выйшла значна скарочаная цэнзурай аповесць “Я стаў партызанам”.

Сёлетняе выданне з’явілася намаганнямі ўдавы пісьменніка, Соф’і Яфімаўны, і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, дзе захоўваецца першы варыянт аповесці, датаваны 1967 годам.

Кніга “Эпитафия без елея. Страницы воспоминаний партизана” – своеасаблівая даніна павагі да пісьменніка Навума Перкіна, 100-гадовы юбілей якога адзначаўся ў мінулым годзе, і добрая магчымасць для кожнага з нас даведацца тую самую праўду, якую доўгія гады хацеў данесці да свайго чытача аўтар.