Адкрылася выстава «Геральдычны вянок Віцебшчыны»

Напачатку верасня ў Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі супрацоўнікі аддзела па архівах і справаводству галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама адкрылі выставу «Геральдычны вянок Віцебшчыны». Наведнікам музея прадстаўлены 42 гербы адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак нашай вобласці. Экспазіцыю адкрывае Герб Рэспублікі Беларусь, за ім – герб Віцебскай вобласці, а ўсе астатнія размешчаны па алфавіту: ад Асвеі Верхнядзвінскага да Янавіч Віцебскага раёнаў. А між імі – гербы ўсіх райцэнтраў, горада Віцебска, гарадскіх пасёлкаў…

Выставу планавалася адкрыць крыху раней, але потым яе арганізатары вырашылі дачакацца пачатку навучальнага года, каб зацікавіць ёю школьнікаў і наладзіць для іх спецыяльныя экскурсіі.
Выстава «Геральдычны вянок Віцебшчыны», можна сказаць, стала перасоўнай. Першы раз, у 2010 годзе, яна адбылася ў Віцебску, потым – у Полацку, Глыбокім і Оршы. Выбар невыпадковы: у гэтых гарадах размешчаны дзяржаўныя архівы нашай вобласці, якія праз аддзел па архівах і справаводству галоўнага ўпраўлення юстыцыі маюць дачыненне да арганізацыйнай работы па распрацоўцы і зацвярджэнню геральдычных сімвалаў.

А ў гэтым годзе чарга дайшла да райцэнтраў. Пасля Лёзна выставу «Геральдычны вянок Віцебшчыны» плануецца правесці ў Лепелі.
Трэба зазначыць, што экспазіцыя выставы з гадамі пакрысе мяняецца. Напрыклад, у Лёзна яна ўжо пашырылася на пяць, зацверджаных у 2011 годзе, гербаў: Віцебскага раёна, гарадскіх пасёлкаў Арэхаўск, Балбасава Оршанскага, Бегомль Докшыцкага, Лынтупы Пастаўскага раёнаў. І гэта не канчатковы вынік. Сёлета разгледжаны і ўхвалены на Геральдычным савеце пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь праекты яшчэ васьмі геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебшчыны – трох гарадскіх пасёлкаў і пяці аграгарадкоў. Цяпер рыхтуюцца дакументы да іх зацвярджэння кіраўніком дзяржавы.

Алена Бондарава,
вядучы спецыяліст аддзела па архівах і справаводству галоўнага ўпраўлення юстыцыі.