У БДАМЛіМ aдкрыта кніжна-дакументальная выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Пятра Іванавіча Бітэля

2 жніўня ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Пятра Іванавіча Бітэля, пісьменніка, настаўніка і праваслаўнага святара, які ў сваёй рознабаковай дзейнасці імкнуўся спалучыць выхаванне духоўна багатай асобы і вывучэнне спадчыны беларускага народа.

Выстава “Насуперак лёсу” складаецца з двух частак: дакументаў з фонду пісьменніка і друкаваных выданняў і перыёдыкі. Пятро Бітэль пачаў друкавацца з 1939 г. у Валожынскай і Лідскай раённых газетах. Быў аўтарам шэрагу артыкулаў па педагогіцы ў заходнебеларускім друку. Гістарычныя паэмы і вершаваныя аповесці, напісаныя ім на высокім мастацкім узроўні, вярталі беларускага чытача да свайго багатага мінулага, забытага ў савецкі час. Але толькі ў 1968 г. убачыла свет першая кніга пісьменніка – паэма “Замкі і людзі”, потым выйшлі зборнікі “Паэмы”, “Дзве вайны”, пасля смерці – раман “Развал” (у часопісе “Куфэрак Віленшчыны”).

Пятро Бітэль сцвердзіў сябе як выдатны перакладчык з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і рускай моў. Перакладзеныя ім на беларускую мову паэмы і санеты А.Міцкевіча прызнаны лепшымі сярод вядомых перакладаў. Да 200-годдзя Адама Міцкевіча ў шыкоўным выданні 1998 года на трох мовах убачыла свет паэма “Пан Тадэвуш”, пераклад якой быў здзейснены Пятро Бітэлем у сталінскіх лагерах. На выставе таксама дэманструюцца “Хата за вёскай” Ю.Крашэўскага, “Метамарфозы ці Залаты асёл” Апулея ў перакладах пісьменніка.

Дакументы з асабістага фонду Пятра Бітэля прадстаўлены рукапісамі яго гістарычных паэм, казак, вершаў, краязнаўчых артыкулаў, рэцэнзій, перакладаў. Цікавасць уяўляюць дыплом аб заканчэнні Дзяржаўнай гарадской вучыцельскай семінарыі імя Т.Зана ў Вільні (1931 г.), дзённікавыя запісы П.Бітэля падчас службы ў Чырвонай арміі ў 1945 г., копіі дакументаў аб працы святаром у 1947–1950, 1957–1963 гг., фотаздымкі з бацькамі, жонкай і дзецьмі, настаўнікамі. Драматычныя гады рэпрэсій адлюстраваны ў перапісцы Пятра Бітэля, сасланага на шэсць гадоў у Кемераўскую вобл., а потым – у Казахстан.

Падчас адкрыцця выставы пісьменніка выступілі яго землякі з Валожыншчыны, вучні, родныя, архівісты. Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч і галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, паэт Віктар Шніп ўзгадалі пра сяброўства і супрацоўніцтва з Пятром Іванавічам, які адыграў вялікую ролю ў іх творчым станаўленні. Пра талент Бітэля–настаўніка, які выкладаў у Вішнеўскай школе маляванне, беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову, расказаў яго вучань А.Г.Касабуцкі. Урокаў Пятра Іванавіча дзеці чакалі як свята. Многія з іх потым абралі сваёй прафесіяй педагогіку. Сын Бітэля Андрэй Пятровіч і ўнучка Тамара Іванаўна ўзгадалі, што ў сям’і панавалі любоў і павага, клопат адзін пра аднаго, гумар, сардэчнасць, гасціннасць. Пятро Іванавіч быў вельмі заняты літаратурнай працай, але знаходзіў хвілінкі для вершаў, прысвечаных дзецям і ўнучцы.

Г.В.Запартыка і Т.В.Кекелева расказалі пра дакументы фонда і падкрэслілі значнасць асобы Пятра Бітэля, высокаадукаванага, інтэлігентнага, таленавітага чалавека, у гісторыі беларускай літаратуры.