24 лістапада ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшла вечарына ўспамінаў пра У.С.Караткевіча

24 лістапада ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшла вечарына ўспамінаў пра У.С.Караткевіча, класіка беларускай літаратуры, творцы, які праявіў сябе ярка і глыбока ў розных накірунках дзейнасці: паэзіі, прозе, драматургіі, кінамастацтве. На вечар былі запрошаны родныя, навукоўцы, пісьменнікі, якія добра ведалі Уладзіміра Сямёнавіча, сустракаліся з ім, сябравалі, пісалі пра яго. На вечарыне прысутнічалі і студэнты Белдзяржуніверсітэта, будучыя гісторыкі-архівісты. Вечар вяла дырэктар архіва-музея Г.В.Запартыка.

Блізкі сябра пісьменніка, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук А.В.Мальдзіс узгадаў пра велічнае і простае, касмічнае і зямное ў творчым жыцці Караткевіча. Ён назваў шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, якія ў гэтым годзе набылі міжнародны маштаб. Галоўнай тэмай яго выступлення стала гісторыя стварэння знакамітай “амбарнай кнігі” з жартоўным надпісам на вокладцы – “Журнал інвентарызацыі выпітага”, у якую пісьменнік, знаходзячыся ў гасцях ў Адама Восіпавіча, запісваў вершы, пародыі, эпіграмы, рабіў малюнкі і шаржы. Гэты рарытэт падараваны архіву Адамам Мальдзісам і будзе захоўвацца ў яго асабістым фондзе ў БДАМЛіМ.

Госць з Масквы, літаратуразнаўца, гісторык, пісьменнік А.К.Каўка распавёў пра сваё ўспрыманне У.Караткевіча, пра значнасць яго прадказальнага, прарочага слова для сённяшніх чытачоў.

Пісьменніца В.М.Коўтун узгадала пра сумесныя, разам з Я.І.Янішчыц і У.С.Караткевічам, паездкі ў Украіну, дзе маладымі паэткамі шчыра апекваўся Рыцар Беларусі і беларушчыны Уладзімір Караткевіч. Яна ўспамінала пра тое, што свае выступленні ён прамаўляў коратка, лаканічна, завяршаючы вершам “Заяц варыць піва”. Менавіта праз творчасць Караткевіча моладзь прыйшла да Беларусі, да ўсведамлення велічы сваёй гісторыі..

У.С.Ліпскі, празаік, рэдактар часопіса “Вясёлка” расказаў, як ён заахвочваў беларускіх пісьменнікаў пісаць для дзяцей. І першым на яго просьбу адгукнуўся У.Караткевіч, адзначыўшы ў лісце да рэдактара, што ніколі б не ўзяўся пісаць для малых, каб ведаў, як гэта няпроста . У.Ліпскі перадаў у архіў падшыўку “Вясёлкі”за 1980 г. з тымі казкамі Караткевіча. Ён назаўсёды застаўся ў памяці “вясёлкаўцаў” непасрэдным, мудрым, геніяльным, добрым і прывабным.

А.С.Ліс, літаратуразнаўца, фалькларыст, распавёў пра тое, як рэдагаваў першы зборнік паэзіі У.Караткевіча “Матчына душа”, як выдатна, артыстычна чытаў той свае вершы, асабліва з крымскага цыклу, якія пісаў узнёслыя, светлыя, рамантычныя эсэ пра старажытныя гарады Беларусі.

Пляменніца пісьменніка А.І.Сінькевіч падарыла архіву сямейны фотаздымак 1902 г. і прачытала ўрывак з ліста У.Караткевіча да выкладчыцы Кіеўскага ўніверсітэта і адзін з яго вершаў.

Я.М.Кісялёва, супрацоўніца архіва-музея, жонка вучонага Г.В.Кісялёва, якія сябравалі сем’ямі, ўзгадала шмат цікавых эпізодаў з жыцця У.Караткевіча, адзначыўшы яго дзіцячую даверлівасць, непасрэднасць, шчодрасць душы, высакародства.

Напрыканцы вечарыны літаратуразнаўца, выкладчык Белдзяржуніверсітэта і даследчык творчасці У.С.Караткевіча А.Л.Верабей расказаў пра падрыхтоўку для выдання творчай спадчыны пісьменніка ў 25 тамах і заклікаў архівістаў шукаць і знаходзіць новыя рукапісы, малюнкі, лісты і дароўныя надпісы Уладзіміра Караткевіча.