Выйшла ў свет падрыхтаваная ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь першая кніга зборніка дакументаў і матэрыялаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі”

Выйшла ў свет падрыхтаваная ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь першая кніга зборніка дакументаў і матэрыялаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі”. Друкуюцца пераважна невядомыя дакументы за 1909—1939 гады, у тым ліку аўтографы класікаў, зборнік дакументаў і матэрыялаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі”матэрыялы біяграфічнага характару, разнастайныя сведчанні пра грамадскае і літаратурнае акружэнне песняроў. Апублікаваныя раней дакументы ўключаліся ў выданне толькі ў тым выпадку, калі была прароблена дадатковая праца па іх крыніцазнаўчаму аналізу. Укладальнікі В.Дз. Селяменеў, В.У. Скалабан. У падрыхтоўцы зборніка прымалі ўдзел літаратуразнаўцы, архівісты, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў. Аснову выдання складаюць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, грыфы якіх пазначаны на тытуле кнігі. Выкарыстаны таксама матэрыялы музеяў песняроў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, іншых сховішчаў Беларусі і Расіі. Зборнік з’яўляецца дапаўненнем да Поўнага збору твораў Янкі Купалы, своеасаблівым працягам класічных прац Г. Кісялёва “Пуцявінамі Янкі Купалы” і “З жыццяпісу Якуба Коласа”. Дакументы сістэматызаваны ў храналагічна-тэматычнай паслядоўнасці, аб’яднаны ў тэматычныя раздзелы, якія пачынаюцца з прадмовы складальнікаў. У афармленні вокладкі выкарыстана карціна М. Савіцкага “Сейбіты” (1972, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).

Выданне разлічана на літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, выкладчыкаў ВНУ і школьных настаўнікаў, студэнтаў, архівістаў, работнікаў бібліятэк і музеяў, краязнаўцаў, будзе цікавае таксама шырокаму колу чытачоў.

У другую кнігу зборніка, што ўжо падрыхтавана да друку, уключаны матэрыялы аб жыцці і творчасці Я. Купалы і Я. Коласа з пачатку 1939 года, дакументы пра святкаванне юбілеяў песняроў, увекавечанне іх памяці. Шэраг тэматычных раздзелаў прысвечаны апошняму году жыцця Я. Купалы.

Заказаць ці набыць кнігу можна ў аддзеле маркетынгу і рэкламнай дзейнасці РВУ “Літаратура і Мастацтва”: 220034, Мінск, вул. Захарава, 19. Тэл.: 284-79-65 (факс), 288-12-94.