У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва працуе выстава, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння вядомай паэткі і перакладчыцы Еўдакіі Лось

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) працуе выстава, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння вядомай паэткі і перакладчыцы Еўдакіі Лось. Выстава мае назву “У кожным імгненні паэзія ёсць…” – і, думаецца, гэты радок вельмі трапна характарызуе лірычны светапогляд паэткі, душэўную тонкасць яе натуры: пагадзіцеся, не кожны з нас здольны адчуваць у рытмах паўсядзённасці згукі паэзіі…

Частку выставы, падрыхтаванай супрацоўнікамі архіва-музея Віктарам Жыбулем і Таццянай Кекелевай, склалі выкладзеныя ў вітрынах выданні твораў Еўдакіі Лось – як арыгінальныя, так і ў шматлікіх перакладах на іншыя мовы. Астатнія матэрыялы экспазіцыі – а гэта дакументы з фондаў БДАМЛМ – размешчаны тэматычна, пра што сведчаць назвы стэндаў: “Вучоба. Юнацтва”, “З творчай спадчыны”, “Еўдакія Лось – перакладчыца”, “З сяброўскай усмешкай”, “У нашым доме сонечна, сынок…”, “Творчыя паездкі”, “Літаратурныя сувязі”, “Карэспандэнты і калегі па пяры”, “Памяць”. Жывую цікаўнасьць наведвальнікаў выклікалі такія экспанаты, як аўтографы і малюнкі Уладзіміра Караткевіча, лісты і паштоўкі ад Васіля Быкава, Уолтэра Мэя, Канстанціна Сіманава, Ільі Сяльвінскага, Яўгеніі Янішчыц, дзіцячыя творы Дзмітрыя Лася (сына паэткі), а таксама арыгінальная афіша літаратурнай сустрэчы з Еўдакіяй Лось, што адбылася ў 1975 г. Вядома ж, на выставу патрапіла толькі маленькая частка архіўных дакументаў, звязаных з жыццём паэткі: фонд Еўдакіі Лось у БДАМЛМ налічвае 3 вопісы, што складаюць агульнай колькасцю 542 адзінкі захоўвання, якія храналагічна ахопліваюць перыяд з 1945 па 1995 г. Першыя два вопісы ўтрымліваюць матэрыялы, перададзеныя самой Еўдакіяй Лось адпаведна ў 1967 – 1969 і 1972 – 1973 гг., трэці, самы аб’ёмны, — паступленні, атрыманыя ад М. Ярашэвіч і М. Клімовіч, сясцёр Е. Лось, у лістападзе 1995 г.

У час працы выставы адбылася сустрэча з літаратарамі, навукоўцамі, сваякамі пісьменніцы, якую вяла дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка. Загадчык кафедры беларускай літаратуры Мазырскага універсітэта літаратуразнаўца Тамара Нуждзіна распавяла пра цікавыя факты з біяграфіі пісьменніцы – напрыклад, перапіску Еўдакіі Лось з рускім паэтам і перакладчыкам Уладзімірам Смірновым, прыгадала свае ўражанні ад паэтычных выступленняў Е.Лось. Цёплымі ўспамінамі пра яе падзяліліся паэт Анатоль Вярцінскі, празаік Уладзімір Дамашэвіч, а таксама родныя сёстры паэткі Марыя Ярашэвіч і Марыя Клімовіч, якія натхнёна і эмацыйна прачыталі багата вершаў Е.Лось. Выступіла і самадзейны кампазітар Ніна Сакалова, а спявак Аляксандр Радчанка выканаў песню “Дзяўчаты мінулай вайны” на словы паэтэсы.

Супрацоўнікі архіва-музея плануюць зрабіць экспазіцыю выязной і прадставіць яе ўвазе навучальных устаноў і бібліятэк.