20 лютага 2009 г. ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся вечарына і адкрыццё выставы пад назвай “Праз пакуты – да зорак…”

20 лютага 2009 г. ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся вечарына і адкрыццё выставы пад назвай “Праз пакуты – да зорак…”, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта-дэмакрата, фалькларыста, рэвалюцыянера Адама Гіляры Калікставіча Гурыновіча. У вечарыне прынялі ўдзел архівісты, навукоўцы, краязнаўцы.

Ва ўступным слове дырэктар архіва-музея Г.В. Запартыка расказала пра тое, як у 1971 годзе праз аддзел культуры ЦК КПБ, пры дапамозе Адама Мальдзіса, дакументы паэта, згодна з пажаданнем пляменніцы Яніны Гурыновіч, былі перададзены з Торуньскага Універсітэта імя Мікалая Каперніка ў БДАМЛМ.

Цікавыя факты з жыцця і дзейнасці сям’і Гурыновічаў паведамілі вілейскія краязнаўцы Анатоль Валянцінавіч Рогач і Віталь Міхайлавіч Кастэнка. Вельмі падрабязна і паслядоўна яны расказалі пра святкаванне юбілею на Радзіме паэта, падаравалі архіву карту сядзібы Гурыновічаў – фальварку Кавалі.

Даследчык гісторыі беларускай і польскай літаратуры ХІХ ст. А.В. Мальдзіс распавёў пра гісторыю роду Гурыновічаў, пра знаёмства з захавальніцай сямейнага архіву прафесарам Янінай Гурыновіч. Натхнёны перыпетыямі лёсу паэта, Адам Восіпавіч напісаў п’есу “Праз пакуты – да зор”, за аснову якой узяў лісты Розы Швайніцкай і Станіславы Пяткевіч, дасланыя Адаму Гурыновіч. Нягледзячы на дакументальную аснову, п’еса атрымалася вельмі эмацыйнай.

Перад аўдыторыяй выступіла даследчыца творчасці паэта М.М. Запартыка. Яна распавяла пра сямейныя фотаздымкі Гурыновічаў, копіі якіх прывезла з Торуня на Радзіму. Прафесар В.П. Рагойша даў адзнаку вывучэнню жыццёвага і творчага шляху Адама Гурыновіча ў сучасным літаратуразнаўстве, а таксама выказаў думку аб неабходнасці выдання творчай спадчыны паэта. Выкладчык БДУ Т.В. Кабржыцкая падказала магчымыя шляхі выяўлення дакументаў паэта ў архівах Украіны.

Да юбілею Адама Гурыновіча была прымеркавана выстава “Праз пакуты – да зорак”, якую падрыхтавала аўтар інфармацыі на аснове асабістага фонда Адама Гурыновіча. Выстава складаецца з трох раздзелаў. У першым прадстаўлены біяграфічныя і творчыя матэрыялы (вершы, фотаздымкі, лісты), а таксама копія зборніка фальклорных матэрыялаў, сабраных Адамам Гурыновічам “Zbiór rzeczy białoruskich” ( “Збор беларускіх твораў”), выдадзенага ў Кракаве ў 1893, ужо пасля заўчаснай смерці аўтара. Другі раздзел складаюць дакументы, звязаныя з родам Гурыновічаў (гэта шматлікія фотаздымкі родных і блізкіх Адама Гурыновіча, а таксама аўтографы лістоў студэнта Адама Гіляры да маці з далёкага Пецярбурга). У трэці раздзел увайшлі матэрыялы, якія даюць уяўленне аб даследаванні жыцця і творчасці паэта-рэвалюцыянера, фалькларыста ХІХ ст. Адама Гурыновіча (даследаванні Браніслава Тарашкевіча, Рыгора Семашкевіча, Адама Мальдзіса, Янкі Саламевіча і інш).

І.В. Макарэвіч – вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ