У Ляхавіцкай сярэдняй школе № 2 Брэсцкай вобласці адкрылася дакументальная выстава “Настаўнік”, прысвечаная 100-гадоваму юбілею педагога і краязнаўца Уладзіміра Рыгоравіча Скалабана

Да 100-гадовага юбілею педагога і краязнаўца Уладзіміра Рыгоравіча Скалабана (1909 — 1969) прымеркавана дакументальная выстава “Настаўнік”, што адкрылася ў Ляхавіцкай сярэдняй школе № 2 Брэсцкай вобласці.

Удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, гісторыку па адукацыі, прызванню і мысленню, У.Р.Скалабану было наканавана стаць сведкам, удзельнікам і летапісцам многіх лёсавызначальных падзеяў. У школе ён стварыў і кіраваў гісторыка-краязнаўчым гуртком “Следапыт”. Удзельнічаў у заснаванні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, быў першым кіраўніком раённай арганізацыі. Дзякуючы яго намаганням у школе з’явіўся музей, былі адноўлены многія імёны дзеячоў заходнебеларускай эпапеі, герояў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, устаноўлены помнікі на іх магілах. Сабраныя ім дакументы, успаміны, фотаздымкі, пісьмы зберагаюцца ў школе, а таксама захоўваюцца асобным фондам у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 530, воп. 1, 40 спраў).

Выстава арганізавана беларускімі архівістамі пры садзеянні Ляхавіцкага райвыканкома і асабіста намесніка старшыні У.К.Крука і загадчыка ідэалагічнага аддзела Л.І. Калбасы. У выяўленні і падборы матэрыялаў для выстаўкі удзельнічалі Р.С. Жаўняркевіч, У.П. Крук (Дэпартамент па архівах і справаводству), Дз.Л. Бакіноўскі, В.Дз. Селяменеў, В.У. Скалабан (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь), А.К. Галубовіч (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі), Г.Г. Карапузава, Н.В. Якута (Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці), П.Ф. Жылінскі, В.І. Шэршань (Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы), Л.М. Лісава (Беларускае таварыства архівістаў), педагогі і вучні школы.

Асаблівую ўвагу прыцягнулі дакументы з асабістай партыйнай справы, што захоўваецца ў Брэсце, рукапіс па гісторыі Ляхавіцкага раёна, партызанскі дзённік У.Р.Скалабана, дакументы пра яго росшукі ў гістарычным архіве Мінска, пастановы 1967 г. бюро Ляхавіцкага райкома партыі аб узнагароджанні настаўнікаў і Ляхавіцкага гарвыканкома аб стварэнні камісіі па перазахаванню воінаў Савецкай Арміі, фотаздымкі краязнаўчых вандровак і гутарак. Нашчадкі педагога перадалі дарчы надпіс пісьменніка С. Смірнова У.Р. Скалабану на кнізе 1961 г. “У пошуках герояў Брэсцкай крэпасці”, фотаздымкі, ганаровую грамату Брэсцкага абкома і аблвыканкома 1967 г. Экспанаты застануцца ў школе і папоўняць экспазіцыю музея, які зараз аднаўляецца.