3 снежня 2008 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы дакументаў, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння беларускага архівіста, энцыклапедыста, гісторыка М.І.Камінскага

3 снежня 2008 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы дакументаў, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння беларускага архівіста, энцыклапедыста, гісторыка Мікалая Іванавіча Камінскага.
М.І. Камінскі
М.І. Камінскі нарадзіўся 5 снежня 1928 г. у весцы Масоры Багушэўскага (цяпер Сенненскага) р-на Віцебскай вобл. У 1947 г. закончыў Машканскую сярэднюю школу, у 1952 г. гістарычны факультэт БДУ. У гэтым жа годзе прыйшоў працаваць у ЦДАКР БССР. Пачынаў з пасады навуковага супрацоўніка, у 1953 г. узначаліў аддзел навукова-даведачнай літаратуры. У 1960–1969 гг. намеснік дырэктара архіва. Унёс значны ўклад у справу выяўлення і публікацыі дакументаў і матэрыялаў па айчыннай гісторыі. З’яўляўся аўтарам шэрагу артыкулаў па гісторыі культуры Беларусі ХХ ст., Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, якія адрозніваюцца строгай факталагічнасцю. Стварыў сістэму бібліяграфічных і факталагічных картак, газетных артыкулаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі, працу над якой працягваў да апошніх дзён жыцця. У 1969–1989 гг. працаваў рэдактарам у выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі.

Ён з’яўляецца адным са складальнікаў зборнікаў дакументаў і матэрыялаў «Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. 1941–1944» (2-е выд. дап. 1965), «Мастацтва Савецкай Беларусі» (Т.1. 1976), даведніка «Центральный государственный архив Октябрьской революции и социалистического строительства БССР» (1967). Рэдактар-складальнік даведніка «Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі» (1985), адзін са складальнікаў «Храналогіі гісторыі Беларусі» (3 выд., 1992).

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Памёр 18 лістапада 1993 г.

Выстава заснавана на дакументах з асабістага фонду М.І. Камінскага (Ф.591), які налічвае 817 адзінак захоўвання, у тым ліку захаваўшыяся картатэкі. У экспазіцыі прадстаўлены біяграфічныя дакументы і фотаздымкі М.І. Камінскага, пісьмы Л.С. Абэцэдарскага, Г.А Каханоўскага і інш. знакамітых навукоўцаў да яго, дакументы навуковай дзейнасці, узоры картатэк па гісторыі Беларусі, якія склаў М.І. Камінскі і інш. Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела асабістых фондаў НАРБ пры дапамозе заг. аддзелам публікацыі В.У. Скалабана.