3 кастрычніка 2019 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь прайшлі XVIІ Архіўныя чытанні

3 кастрычніка 2019 г., напярэдадні Дня архівіста, адбыліся чарговыя ХVІІ Архіўныя чытанні. Гэтым разам асноўнымі тэматычнымі кірункамі чытанняў былі ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, а таксама дакументальная спадчына партархіваў, пытанні яе гісторыі і навуковага выкарыстання.

Канферэнцыя сабрала як прадстаўнікоў дзвюх згаданых устаноў, так і супрацоўнікаў Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Прысутных прывіталі намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксей Цвяткоў, дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, намеснік дырэктара НАРБ Алена Кушнова, старшыня Беларускага таварыства архівістаў, загадчык аддзела публікацый НАРБ Міхаіл Скамарошчанка, а таксама загадчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, дацэнт Міхаіл Шумейка, які затым на пленарным пасяджэнні выступіў з дакладам “Асаблівасці выкарыстання дакументаў былых партыйных архіваў пры падрыхтоўцы археаграфічных публікацый”. У сваю чаргу загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм НАРБ Алена Макарэнка распавядала пра інтэграцыю навукова-даведачнага апарата былога Цэнтральнага Партыйнага архіва КПБ у інфармацыйна-пошукавую сістэму НАРБ.

Пасяджэнне першай секцыі адбывалася ў БДАМЛМ. Даклады, агучаныя на ім, былі прысвечаныя пераважна архіўным дакументам як крыніцам па даследаванні літаратуры і культуры: «Да пытання аб літаратурнай палітыцы ў БССР у 1920-я гг.: агляд дакументаў фонду № 4п Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь» (Г. Запартыка), “Сведчанні пра Віленскую беларускую гімназію на эміграцыі: новыя знаходкі” (Н. Гардзіенка), “Тэксты Івана Навуменкі, выяўленыя ў БДАМЛМ (з гісторыі выдання Збору твораў пісьменніка ў 10 тамах)” (Н. Пыско), “[А]лясніцкі: рэальны і літаратурны” (А. Петухоў), “Дакументы да біяграфіі Паўлюка Шукайлы ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь” (В. Жыбуль).

Другая секцыя праводзіла пасяджэнне ў НАРБ і, адпаведна, яе даклады датычылі дакументаў, што захоўваюцца ў гэтай архіўнай установе, і іх навуковаму выкарыстанню: “Разоблачение немецкой разведывательно-диверсионной агентуры на территории БССР накануне и в годы Великой Отечественной войны (по материалам фонда Центрального комитета КП(б)Б – фонд 4п.)” (С. Кулінок), “Повседневная жизнь Минска в 1945-1953 гг. по документам ЦК КПБ (на примере общественного и индивидуального питания жителей столицы)” (У. Монзуль), “Из истории партархива ЦК КП(б)Б (1920-1930-е гг.)” (Т. Агеенка), “Справочник «Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны»: научно-практическая ценность, потенциал и перспективы использования” (М. Тумаш), “Документы Белорусского штаба партизанского движения в архивном фонде ЦК КПБ” (М. Скамарошчанка), “Документальное наследие партийных работников в фондах личного происхождения” (І. Дарагуш).

Падчас канферэнцыі адбылося адкрыццё выставы “Нестар беларускага адраджэння”, прымеркаванай да 160-годдзя з дня нараджэння выдатнага філолага, лексікографа, выдаўца, грамадскага і культурнага дзеяча Браніслава Эпімаха-Шыпілы (1859–1934). Экспазіцыю склалі ў асноўным копіі дакументаў да біяграфіі вучонага, якія зберагаюцца ў архіўных сховішчах Мінска і Санкт-Пецярбурга. Акрамя таго, удзельнікам чытанняў былі прапанаваныя аглядная экскурсія па НАРБ, а таксама экскурсіі па выставах БДАМЛМ “З далін на ўзвышшы” (да 120-годдзя з дня нараджэння Адама Бабарэкі) і “Адданы музыцы і слову” (да 140-годдзя з дня нараджэння Юльяна Дрэйзіна).

XVIІ Архіўныя чытанні»

XVIІ Архіўныя чытанні»

XVIІ Архіўныя чытанні»