4 кастрычніка 2018 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХVІ Архіўныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі

4 кастрычніка 2018 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХVІ Архіўныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння артысткі, педагога, мемуарысткі, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Паўліны Мядзёлкі.

На канферэнцыю сабраліся пераважна супрацоўнікі архіўных устаноў Мінска і Магілёва (а завочна паўдзельнічалі таксама навукоўцы з Варшавы і Віцебска), гісторыкі, літаратуразнаўцы, краязнаўцы. Прысутных прывіталі першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, доктар філалагічных навук, прафесар БДУ Вячаслаў Рагойша і кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ Міхаіл Шумейка. Усе прамоўцы казалі пра адметную ролю П. Мядзёлкі ў гісторыі беларускай культуры, важнасць яе дакументальнай і мемуарнай спадчыны, а В. Рагойша падзяліўся і ўспамінамі пра артыстку. Выступіў і вядомы драматург Анатоль Дзялендзік, аўтар драмы-версіі “Жыццё і смерць Янкі Купалы”, створанай паводле мемуараў П. Мядзёлкі.

Падчас пленарнага пасяджэння загадчык аддзела Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Людміла Дубатоўка прадставіла фільм пра сцэнічную гісторыю п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”, магілёўскі краязнавец і экскурсавод Алег Дзьячкоў пазнаёміў прысутных з асабовай справай П. Мядзёлкі ў Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці, а вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы Павел Каралёў распавёў пра беларускія адрасы Санкт-Пецярбурга пачатку ХХ ст. і даў новыя звесткі пра аднаго з тых, хто працаваў з П. Мядзёлкай у Вільні, – Вацлава Іваноўскага.

Падчас працы секцый прагучалі даклады: «З гісторыі выдання ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця”» (выступіла Ганна Запартыка), «Паэма “Сялянская доля” Паўліны Мядзёлкі ў кантэксце беларускай паэзіі пачатку 20-х гадоў ХХ ст.» (Аксана Данільчык), “Актрыса, спявачка і паэтка Надзея Мікалаева-Комісар – вучаніца Паўліны Мядзёлкі” (Віктар Жыбуль), “Новыя ролі жанчын рэвалюцыйнай эпохі: Да біяграфіі Ірмы Яўнзем” (Ніна Стужынская), “Успаміны і лісты Юліі Бібілы ў БДАМЛМ” (Таццяна Кекелева), “Дакументы Язэпа Варонкі і Янкі Чарапука з калекцыі БІНіМа ў БДАМЛМ” (Наталля Гардзіенка), «Доўгая дарога дадому again, альбо Дзейнасць наведвальнікаў “Паддашка”ў святле асабістых дакументаў Я. С. Куліка» (Вольга Шаталава), “Архив Минского епархиального управления Белорусской православной церкви: формирование и состав” (Ілья Вішнеўскі), “Новыя паступленні ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча з архіва Ніны Барысаўны Ватацы” (Міхаіл Бараноўскі), “Асабісты архіў прафесара І. Р. Турцэвіча як крыніца па гісторыі Беларусі” (Аляксандр Петухоў), “Асабістыя архівы і новыя архіўныя выклікі ў працах амерыканскага архівіста Рычарда Кокса” (Вольга Іванова), “Невядомы аўтограф Карнея Чукоўскага з архіва сям’і Міхальчук (Мінск)” (Надзея Усава і Ларыса Міхальчук), “Да гісторыі беларускамоўнай евангельскай літаратуры: творчасць Уладзіслава Берняковіча” (Юры Бачышча).

Падчас канферэнцыі адбылося адкрыццё выставы “Сцежкі жыцця Паўліны Мядзёлкі”. У экспазіцыі прадстаўлены аўтографы, фотаздымкі і асабістыя дакументы П. Мядзёлкі, пераважна з яе асабістага фонду (№ 403) у БДАМЛМ, а таксама выданні з публікацыямі яе твораў. Экскурсію па выставе правяла вядучы архівіст Таццяна Кекелева.