Фонды замежных архіваў

Купалавы аўтографы зберагаюцца ў сховішчах многіх краін свету. Значная іх колькасць знаходзіцца ў Расіі:
-
Архіве Расійскай акадэміі навук (фонд Я.Ф. Карскага)
-
Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (фонд І. Белавусава)
-
Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскі дом) Расійскай акадэміі навук (фонд Клейнбарта)
-
Інстытуце сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага Расійскай акадэміі навук (фонд К. Накаракава)
-
Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу (фонд Галоўнага ўпраўлення па справах друку)
-
Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве (фонд Універсітэта імя А.Л. Шаняўскага)
-
Дзяржаўным архіве Смаленскай вобласці (фонд Смаленскага харчовага камбіната)
-
Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы (машынапіс аўтабіяграфіі 1938 г.)
-
Навуковай бібліятэцы Маскоўскага ўніверсітэта (дарчы надпіс А.I. Гагалінскаму на зборнік “Шляхам жыцця”)
-
Нацыянальнай бібліятэцы імя М. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу (лісты да М. Ісакоўскага)
-
Расійскім дзяржаўным літаратурным музеі ў Маскве (дарчы надпіс на 1-м томе Збору твораў 1928 г., падораным Д. Шырыну-ІОрэнеўскаму).
Значную частку дакументальнай Купаліяны маюць навукова-культурныя ўстановы Украіны:
-
Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва Украіны (ліст да П. Тычыны 1930 г.)
-
Інстытут літаратуры Акадэміі навук Украіны (лісты да Т. Масэнкі)
-
Львоўская навуковая бібліятэка Акадэміі навук Украіны імя В.С. Стафаніка (дароўныя надпісы на кнігах, падораных I.С. Свянціцкаму)
-
Дом-музей У. Караленкі ў Палтаве (дароўны надпіс на экземпляры зборніка “Жалейка”).
Каштоўныя дакументы Я. Купалы зберагаюцца ў Літве:
-
Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (фонд пракурора Віленскага акруговага суда)
-
Архіве літаратуры і мастацтва Літвы (аўтографы асобных вершаў і нататкі нашаніўскага перыяду)
-
Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы (матэрыялы рэдакцыі газеты “Наша Ніва”).
Выяўлены дакументы Я. Купалы і ў некаторых іншых краінах:
-
Латвіі — Доме-музеі Я. Райніса ў г. Юрмала (дароўныя надпісы на кнігах) і інш.
-
Польшчы — Бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве (зборнік “Гусляр” з дароўным надпісам кампазітару Л. Рагоўскаму)
-
Вялікабрытаніі — Бібліятэцы і музеі імя Ф. Скарыны ў Лондане (рукапісы паэта) і інш.
Усе пералічаныя дакументы, аўтографы, фотаздымкі Янкі Купалы сведчаць пра надзвычай багаты асабісты архіў і задакументаванасць жыцця песняра. Навукоўцы, архівісты, музейшчыкі працавалі з многімі архіўнымі фондамі ў розных краінах. Але не знікае ўпэўненасць, што яшчэ ёсць невядомыя адрасы і неадшуканыя рукапісы. Праца ў гэтым кірунку не павінна спыняцца.