Зборнік паэзіі «Гапон»

Анатацыя

Першы зборнік паэзіі В. Дуніна-Марцінкевіча. У яго ўвайшлі «беларуская аповесць з праўдзівага здарэння, напісаная на мове беларускага люду» «Гапон» (створана не пазней 1854 г.), драматычная сцэна ў адным акце «Неспадзяванка для майстрыні» (1854 г.) на польскай мове, верш «Віншаванне войта Навума» (1854 г.) на беларускай і яшчэ 14 вершаў (1848-1854 гг.) на польскай мовах.

Вершаваная аповесць «Гапон» (сучасныя літаратуразнаўцы вызначаюць яе жанр як паэму) — першы вялікі твор пісьменніка, створаны цалкам на беларускай мове. Аўтар у ім паспрабаваў паказаць умоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства. Малады селянін Гапон закаханы ў Кацярыну, на якую заглядаецца і аканом. Аканом, абылгаўшы Гапона перад пані, дамогся, каб таго забралі ў рэкруты. Пані, выпадкова даведаўшыся пра крыўду Кацярыны, прагнала аканома і ўзяла дзяўчыну да сябе пакаёўкай, навучыла яе чытаць і пісаць. Між тым Гапон за некалькі гадоў стаў афіцэрам. Ён прысутнічаў на камісіі па наборы рэкрутаў, куды патрапіў і былы аканом, які спрабаваў ухіліцца ад службы. Гапон дабіўся, каб аканома здалі ў салдаты. Паэма заканчваецца вяселлем Гапона і Кацярыны.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ёсць ксеракопія выкананага лацінскім шрыфтам рукапісу аповесці, які захоўваецца ў г. Торуні (Польшча) ва Універсітэцкай бібліятэцы, а таксама другое выданне аповесці, здзейсненае лацінскім шрыфтам у Санкт-Пецярбургу выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» ў 1907 г.

У невялікай драматычнай сцэне «Неспадзяванка для майстрыні» аўтар закранае тэму спагадлівага стаўлення да бедных і прыніжаных, падводзіць да думкі, што добрыя ўчынкі абавязкова будуць узнагароджаныя. Расказваецца пра тое, як вучаніцы пансіёна хочуць павіншаваць з імянінамі сваю выхавацельку, але не маюць грошай на падарунак, бо апошнюю манету аддалі жабрачцы з дзіцем. Нарэшце ў адной з вучаніц знайшоўся рубель, і для віншавання падрыхтавалі кветкі і спецыяльна напісаны вучаніцамі кант.

Верш «Віншаванне войта Навума» паводле характару ўзыходзіць да старажытнага літаратурнага жанру — панегірыка. Ён мае падзагаловак «У дзень імянін панны В… С…» (крыптанім не раскрыты), у адрас якой выказваюцца найлепшыя пажаданні.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ёсць ксеракопія выкананага лацінскім шрыфтам рукапісу верша, які захоўваецца ў г. Торуні (Польшча) ва Універсітэцкай бібліятэцы.

Цытаты

«Як баш нявесту прыбралі,
Да двара так паскакалі
Яснай пані чалом біць,
На вяселле папрасіць.
А пані — не пані, маці!
Маўляў роднаму дзіцяці,
Прыгожы пасаг дала,
Радасну слёзку ўраніла,
Маладых благаславіла,
Сама к вянцу павяла.»

(«Гапон»)

«К а з і м і р а К.
…Майстрыні ўдому не было ў тым часе,
І дробная манета не знайшлася,
А вельмі мне шкада было сіротку,
Дык (са страхам) я і аддала сваю пяцізлотку.
А л і н а О.
Ты шчодрая залішне, дарагая!
К а з і м і р а К.
Мяне панна Аліна справядліва лае.
Лай, лай і нават бі, калі так трэба,
(Убок, з наіўнасцю.)
А бедныя тым часам купяць хлеба.»

(«Неспадзяванка для майстрыні», пераклад Пятра Бітэля)

«Імянінніца ты, баш, сягодня!
Ўсяляка воласць — цэлая сродня
Моліць бога за вашэці,
Штобы доўга вельмі жыла
Да ў тым жыцці не тужыла,
Штоб парадак мела ў клеці;
Штоб табе заўжды вялося
У канапельках калоссе,
Ад каровачак бычкі,
А ад цябе, паненачка, ладны мужычкі;
Вясёла будзь — як сват на вяселлі,
Прыгожа, маўляў у небе анелі!
Рублявікі ты мерай на капы,
Сала каўшом, а локцем каўбасы;
Пацехай будзь у старасці бацькам,
А маткай роднай сваім мужычкам;
Розуму мей, як у дабрадзея
Нашага ксяндза Мацея:
Ён у касцеле як возьме казаць,
То й чаркай гарэлкі яго не уняць!»

(«Віншаванне войта Навума»)