Васіль Быкаў: асноўныя падзеі жыцця і дзейнасці (аглядная даведка)
Дзяцінства і юнацтва
Вучоба і ваенная служба ў гады вайны і пасля вайны
Пачатак творчай дзейнасці. Новы этап ваеннай службы і вяртанне ў Беларусь
Гродзенскі перыяд дзейнасці. Станаўленне пісьменніка
Пісьменніцкая праца і грамадская дзейнасць у мінскі перыяд
Апошні перыяд жыцця
Творчая спадчына і ўшанаванне Васіля Быкава
Ацэнка творчасці і асобы Васіля Быкава
Васіль Уладзіміравіч Быкаў (творчае імя Васіль Быкаў) беларускі пісьменнік, празаік, драматург, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі.
В.У. Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 г. у весцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Яго Бацька Уладзімір Фёдаравіч і маці Ганна Рыгораўна займаліся сялянскай працай. У свой час бацька прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, быў у нямецкім палоне, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. У сям’і былі малодшыя дзеці – сястра Валянціна і брат Мікалай.
Васіль Быкаў успамінаў сваё дзяцінства як час, калі часта не было чаго паесці і апрануць. Ён дапамагаў бацькам па гаспадарцы, трэба сказаць, што па меры магчымасці і пазней праяўляў клопат аб родных, дапамагаў ім матэрыяльна. «Радасць – прырода і кнігі» – так выказаўся пазней Быкаў пра свае дзіцячыя гады. Васіль рана навучыўся чытаць, у шэсць гадоў пайшоў у школу. Чытанне стала для яго адным з любімых заняткаў, яшчэ ў школе ён пазнаёміўся з творчасцю М. Лынькова, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Маўра, чытаў рускіх пісьменнікаў – Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, Максіма Горкага, замежную прыгодніцкую класіку – Ж. Верна, М. Рыда, Д. Лондана, В. Скота і іншых аўтараў. З юных гадоў Быкаў любіў маляваць, гэту творчую здольнасць пранёс праз усё жыццё. У школе ён рэдагаваў насценгазету і сам жа яе афармляў.
У 1939 г. Васіль скончыў 8 класаў Кубліцкай школы і паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча на жывапіснае аддзяленне, потым яго перавялі на скульптурнае. Аднак праз год давялося пакінуць гэту навучальную ўстанову, паколькі ў той час адмянілі дзяржаўныя стыпендыі і матэрыяльнае становішча сям’і не дазволіла працягнуць навучанне. Юнак паступіў у Віцебскую школу фабрычна-заводскага навучання № 5, якую скончыў у маі 1941 г. пасля чаго быў накіраваны працаваць на Украіну ў горад Шостку.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Быкава мабілізавалі на абарончыя работы. У складзе інжынернага батальёна ён будаваў аб’екты ў розных гарадах. Зімой 1941-1942 гг. апынуўся ў горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці, там вучыўся ў чыгуначнай школе.
Летам 1942 г. Васіль Быкаў быў прызваны ў Чырвоную Армію, накіраваны на вучобу ў Саратаўскае ваеннае вучылішча. З 1943 г. ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах у званні малодшага лейтэнанта, потым лейтэнанта, камандаваў спачатку стралковым узводам, потым узводам саракапяціміліметровых гармат. Двойчы быў паранены. Бацькам выслалі паведамленне, што ён загінуў у баях. Каля горада Кіраваграда (цяпер горад Крапыўныцкы) ва Украіне ёсць нават абеліск з пазначаным на ім імем Васіля Быкава. Гэта была памылка, яго толькі параніла.
За ваенную службу В.У. Быкаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За баявыя заслугі». Баявы шлях Васіля Быкава працягваўся на тэрыторыі Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. .
Пасля заканчэння вайны часць Быкава накіравалі на тэрыторыю Балгарыі, дзё ён праслужыў год. Падаваў рапарты аб дэмабілізацыі, але іх не задаволілі. Пазней быў пераведзены служыць у Адэскую вобласць, потым у горад Мікалаеў.
Пасля дэмабілізацыі ў маі 1947 г. Быкаў прыехаў у Беларусь. Месцам жыхарства ён вырашыў абраць горад Гродна (дарэчы, калісьці ў гэтым горадзе адбываў службу ў царскай арміі яго бацька). Нейкі час працаваў у мастацкай майстэрні, пазней уладкаваўся на работу ў рэдакцыю абласной газеты «Гродзенская праўда», быў карэктарам, стыльрэдактарам, часам выступаў як журналіст. На старонках гэтай газеты ў 1949 г. з’явіліся яго першыя апавяданні на рускай мове на ваенную тэматыку: «У той дзень» і «У першым баі».
У 1948 г. Васіль Быкаў ажаніўся з Надзеяй Андрэеўнай Кулагінай, тады студэнткай педінстытута, якая стала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У сям’і нарадзіліся сыны Сяргей і Васіль.
У Гродне яго ў 1949 г. другі раз прызвалі ў кадры Савецкай Арміі. У 1949-1955 гг. Быкаў служыў на Далёкім Усходзе, на Курыльскіх астравах, таксама падаваў рапарты з просьбай аб дэмабілізацыі, аднойчы нават напісаў міністру абароны Маліноўскаму, але атрымліваў адмовы. Пазней быў пераведзены ў Беларусь.
У канцы 1955 г. Васіль Быкаў быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Гродна. Стаў ізноў працаваць у газеце «Гродзенская праўда».
Яшчэ ў 1951 г. у час ваеннай службы Быкавым напісаны апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік», тэма якіх – чалавек на вайне, у 1957 г. яны з’явіліся на старонках «Гродзенскай праўды».
У друку пачалі публікавацца журналісцкія замалёўкі, нарысы, фельетоны Быкава. Піша ён і апавяданні, якія друкуюцца ў літаратурных часопісах» «Маладосць», «Нёман», апавяданне «Страта» – ва ўсесаюзным часопісе «Советский воин». Тэмы твораў – ваенныя падзеі, мірнае жыццё, часам гэта сатырычныя апавяданні аб надзённых праблемах. Супрацоўнікі часопісаў ацэньваюць яго як «вельмі здольнага аўтара». Сам Быкаў досыць крытычна ставіцца да сваіх твораў, разумее, што напісанае ім мае патрэбу ў дашліфоўцы, імкнецца да больш глыбокай прапрацоўкі персанажаў. Ён шукае свой стыль пісьма. Пры гэтым лічыць, што агульнапрынятыя патрабаванні да літаратуры скоўваюць творчую індывідуальнасць.
Сёння Васіля Быкава называюць класікам беларускай ваеннай прозы. А ў 1957 г. з-пад пяра аўтара выйшла яго першая аповесць «Апошні баец», прысвечаная першапачатковаму этапу Вялікай Айчыннай вайны. Праз некаторы час Быкаў дасць ёй такую ацэнку: «…Вельмі кепская аповесць. Выдуманая. Пасля яе я зразумеў, што пра вайну выдумваць нельга, таму што нельга хлусіць. Вайна вельмі сур’ёзная для гэтага справа».
Быкаў лічыў, што праўдзіва расказаць пра вайну можна толькі рэальна паказаўшы яе трагічныя падзеі. «Усякая знарочыстая рамантызацыя, вольная або нявольная эстэтызацыя гэтага народнага бедства, на мой погляд з’яўляецца кашчунствам у адносінах да яе жывых удзельнікаў і ў адносінах да памяці дваццаці мільёнаў забітых. Гэта трэба добра памятаць мастаку, які звяртаецца да суровых гадоў вайны», – заяўляў ён. Тут сфармулявана вельмі важная думка, у далейшым ва ўсёй сваёй творчасці пісьменнік імкнуўся не адыходзіць ад гэтага пастулата, за што меў і пэўныя праблемы і ўсенародную павагу.
Можна адзначыць яшчэ адзін аспект творчасці Васіля Быкава, які пісьменнік абазначыў сам ужо ў канцы 1950-х гг. і якога трымаўся паслядоўна да канца сваіх дзён – «чалавек і яго душа». Цікава, што яшчэ ў 1958 г. аб гэтым пісала крытык Ю. Канэ: «Галоўнае, што вызначае творы Васіля Быкава, – гэта глыбіня думкі аб жыцці і чалавеку… У цэнтры яго ўвагі заўсёды чалавек. Падзеі цікавяць Быкава не самі па сабе, але як сума акалічнасцей, у якіх можа праявіцца характар чалавека, яго сутнасць». Пазней даследчык творчасці пісьменніка В. Буран пісаў: «В. Быкаў з самага пачатку адмовіўся ад белетрызацыі ваенных баталій і засяродзіўся на чалавеку, на яго псіхалогіі».
Як адзначаў літаратуразнавец С. Андраюк: «Перачытваючы сёння такія апавяданні, як «Страта», «Смерць чалавека», «Абознік», суадносячы іх з пазнейшай творчасцю, мы бачым, што пісьменнік адразу знайшоў сваю творчую дарогу. У гэтых творах моцна адчуваюцца рэальная жыццёвая аснова, асабістасць франтавых уражанняў, схільнасць да арганічнага спалучэння гераічнага і трагічнага ў паказе вайны, імкненне ў звычайным, штодзённым выявіць высокае, непераходнае, асаблівая ўвага да падзей, сітуацый востра драматычных, унутрана складаных, герояў высокага патрыятычнага і гуманістычнага характару».
Са студзеня 1959 г. Быкаў – член Саюза пісьменнікаў.
У 1959 г. ён заканчвае работу над аповесцю «Жураўліны крык» – першым з твораў, якія можна аднесці да тыповай «быкаўскай» творчай манеры. У ёй, як лічыць літаратуразнавец Д. Бугаёў: «…Выразна заўважаюцца характэрныя… рысы сталай быкаўскай аповесці, такія, як скандэнсаванасць дзеяння на невялікай прасторы і ў абмежаваным па сваёй працягласці часе, сканцэнтраванасць аўтара на невялікім коле герояў, перш за ўсё звычайных, радавых удзельнікаў вайны, праўдзівасць ва ўсім у яе адлюстраванні». Сюжэт «Жураўлінага крыку» – бой невялікай групы байцоў за чыгуначны пераезд восенню 1941 г. Аўтар змог у невялікім творы выразна паказаць характары салдат, мужнасць і здраду, тое, як у многіх з іх выкрышталізоўваецца рашучасць ахвяраваць сабой, праяўленая ў барацьбе з ворагам. Паставіўшы розных людзей у аднолькава драматычныя складаныя абставіны, ён надзвычай уважліва сочыць за іх паводзінамі, думкамі, перажываннямі. Паступова ўсё больш выразна і пэўна акрэсліваецца характар, выяўляецца сапраўдная сутнасць кожнага. Хоць усе героі аповесці гінуць, у рэшце рэшт застаецца вера ў будучую перамогу над фашызмам.
У 1960 г. выходзяць яго першыя зборнікі «Ход канём» (апавяданні) і «Жураўліны крык» (аповесць і апавяданні).
У пачатку 1960-х гг. Васіль Быкаў напісаў аповесці «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1963 г.). Усе яны прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. «Вайна супярэчыць чалавечай прыродзе, нішто не можа апраўдаць яе існаванне», – такую думку неаднаразова выказваў Быкаў. Але для пісьменніка вельмі істотна наступнае: «Вайна амаральная і таму, што яна здольная паламаць чалавека духоўна».
Паказваючы вайну, пісьменнік імкнецца не толькі ўславіць веліч подзвігу, мужнасць і самаахвярнасць савецкіх людзей, але і выкрыць тое адмоўнае, што выявілася ў драматычную часіну выпрабаванняў і што ў мірныя дні жыло прытоена, схавана. У аповесці «Здрада» ў вобразе Блішчынскага паказаны тып ваяўнічага прыстасаванца. Ён – свядомы кар’ерыст, двурушнік. Жыццёвы прынцып «я сам па сабе» прыводзіць яго па сутнасці на шлях здрады..
Персанажы аповесці «Трэцяя ракета» – салдаты з разліку гарматы-саракапяткі. Па ходзе развіцця сюжэту выяўляецца сапраўднае аблічча герояў, іх унутраны стрыжань. Аўтар уважліва прасочвае, адкуль узялося тое істотнае ў чалавеку, што выходзіць на першы план у пэўнай ваеннай сітуацыі. У прыватнасці, паказвае прыстасаванца Задарожнага, які цэніць у жыцці толькі сябе самога, імкнецца адседзецца ў тыле, калі яго таварышы выконваючы воінскі абавязак, гінуць у баі.
Героя аповесці «Пастка» лейтэнанта Клімчанку, які трапіў у палон, фашыст адпускае, спрабуючы выставіць здраднікам у вачах савецкіх байцоў. Вярнуўшыся да сваіх, Клімчанка сапраўды трапляе пад падазрэнне, яго загадваюць арыштаваць, і толькі тое, што пачалася атака, выратоўвае афіцэра. Але Быкаў як бы не даводзіць сітуацыю да завяршэння, бо што ж будзе пасля атакі – незразумела. Аўтар выразна падкрэслівае думку пра згубнасць залішняй падазронасці.
У сюжэце «Альпійскай балады» ўцёкі з фашысцкага канцлагера вязняў – савецкага сяржанта Івана Цярэшкі і італьянскай партызанкі Джуліі. Самім зваротам да тэмы знаходжання чалавека ў нямецкім палоне Быкаў як бы супрацьстаіць таму, што доўгі час да савецкіх воінаў, якія там апынуліся, ставіліся з падазрэннем, лічылі здраднікамі. Пафас аповесці – думка аб тым, што радавы чалавек у барацьбе з фашызмам праяўляў мужнасць у самых складаных абставінах. Апісваюцца ўжо чацвёртыя ўцёкі Цярэшкі з лагера. Ён быў гатовы вытрымаць усе наканаваныя выпрабаванні, каб толькі здабыць свабоду. Воля да супраціўлення, а таксама каханне да Джуліі, што ўзнікае нягледзячы на жахлівыя абставіны, спрыяюць праяўленню высакародства Івана, які гіне, ратуючы дзяўчыну. У каханні, што ўзнікае паміх героямі, Быкаў бачыць найвялікшую прагу жыцця і шчасця, дзеля якой чалавек здольны на гераічныя ўчынкі.
Наступная аповесць «Мёртвым не баліць» з’явілася ў 1965 г. і была надрукавана ў часопісе «Маладосць». У ёй пераплятаюцца падзеі сучаснасці і ваеннай пары. Пісьменнік у ёй ставіць пытанне, якой цаной дасталася Перамога. У творы падаецца горкая праўда аб тым, што змаганне з моцным ворагам часам вяло да вялікіх ахвяр і з-за пралікаў разведкі, і з-за некампетэнтнасці камандавання, непрадуманасці яго дзеянняў. Быкаў пры напісанні твора выкарыстаў факты сваёй уласнай франтавой біяграфіі, тыя падзеі, калі ў баях на Кіраваградчыне загінуў увесь яго полк, сам ён быў цяжка паранены, яго нават палічылі забітым. «…Там найменш ад выдумкі, там амаль усё, што тычыцца сюжэта і абставін, – дакументальна», – так сцвярджаў сам аўтар.
«Мёртвым не баліць» – твор жорсткі, да краёў напоўнены драматызмам і трагедыйнасцю», – піша Д. Бугаёў. – «Але вінаваты ў гэтым не столькі пісьменнік, які сумленна і праўдзіва адлюстраваў перажытае ім на вайне, колькі сама вайна, якая вельмі жорстка абыходзілася з чалавекам, бязлітасна выпрабоўвала яго на крутых віражах самых нечаканых сітуацый».
Героям аповесці трэба спыніць танкавую атаку, і яны змагаюцца да канца ў самых трагічных абставінах. І гібель іх – у імя перамогі над ворагам. Сам Быкаў так ацэньваў факты, на якія абапіраўся пры напісанні аповесці: «…Цяпер бачыцца ўсё ясней: нашы ахвяры былі не дарэмныя, кожная кропля крыві, пралітая на полі бою, так ці іначай набліжала нашу перамогу, таму што ў той вайне і нашым жорсткім адзінаборстве пераважвала толькі чаша, да краёў напоўненая чалавечай крывёю».
Паказваючы мужнасць і гераізм простых воінаў, Быкаў выводзіць у творы таксама вобразы штабных афіцэраў – «асабістаў» Сахно і Гарбацюка, чыя залішняя жорсткасць і бесчалавечнасць вядуць часам да неапраўданых ахвяр, што выразна асуджаецца аўтарам. Ён імкнецца паказаць, што гуманізм і высокая духоўнасць гэта тыя якасці, без якіх немагчыма існаваць ні ў мірны, ні ў ваенны час.
За такую пазіцыю Васіль Быкаў падвяргаўся крытыцы з боку высокага партыйнага і ваеннага кіраўніцтва. У саюзным і рэспубліканскім друку з’яўляліся артыкулы, дзе яго абвінавачвалі ў тым, што ён бачыць «праўду вайны» выключна з салдацкага акопа, не разумее сутнасці стратэгічных задач, што стаялі перад камандаваннем, нават скажае карціну гераічнага змагання савецкага народа.
Грамадзянскую пазіцыю Быкава падтрымалі ў рэдакцыі маскоўскага часопіса «Новый мир» і яго галоўны рэдактар Аляксандр Твардоўскі. Аповесць «Мёртвым не баліць» выйшла на старонках гэтага выдання. І на доўгі час Быкаў стаў адным з аўтараў «Нового мира». Цікава, што аповесць «Мёртвым не баліць» яшчэ ў 1965 г. была выдадзена на нямецкай мове ў Заходняй Германіі.
На аснове падзей, у якіх прымаў удзел сам Васіль Быкаў, стваралася і аповесць «Праклятая вышыня» (1968 г.). Як адзін з самых глыбокіх і праўдзівых твораў пра вайну ацэньваў аповесць пісьменнік Алесь Адамовіч.
Старшы лейтэнант Ананьеў не вельмі адукаваны чалавек, але вылучаецца юнацкай непасрэднасцю і чысцінёй. У яго глыбокае ўзаемаразуменне з байцамі, і «занадта правільны» нампаліт Грыневіч не можа зразумець гэтых адносін. Ён не разумее і таго, як Ананьеў абмяняў нямецкага салдата на свайго пажылога байца. І Грыневіч нічога не робіць, каб адстаяць, ці хоць бы зразумець свайго камандзіра.
Таксама ў 1968 г. з’явілася аповесць «Круглянскі мост». Твор стаў першым у цэлым «партызанскім цыкле» пісьменніка, дзе Быкаў закрануў новую для сябе як аўтара грань вайны – партызанскую барацьбу беларускага народа. Сам Быкаў, зразумела, яе бачыць не мог, знаёміўся з тэмай ужо пасля вайны, сустракаючыся з былымі партызанамі, працуючы ў архівах. Ён быў вельмі ўражаны масавым гераізмам лясных байцоў і зразумеў, што не можа не напісаць аб партызанах. Пры гэтым пісьменнік імкнецца даследаваць спрадвечнае пытанне, якое паўстае на вайне, – пытанне жыцця і смерці.
«Усім выжыць было немагчыма, а паміраць ніхто не хацеў. У гэтай невырашальнасці канфлікту галоўная сутнасць усякага твора на тэму вайны. Усё астатняе – дэталі, якія не з’яўляюцца для пісьменніка занадта вялікай праблемай», – так лаканічна сфармуляваў Васіль Быкаў асноўныя прынцыпы філасофскага асэнсавання ваенных падзей у літаратуры.
У творах «партызанскага цыкла» Быкаў не імкнуўся падаць мастацкую гісторыю партызанскай вайны ва ўсім яе размаху. «Матэрыял гэтай вайны, асвоены пісьменнікам вельмі глыбока, дасканала, аказаўся прыдатным яму для таго, каб з усёй абвостранасцю паставіць некаторыя маральна-этычныя праблемы, прынцыпова важныя і для таго часу, і для нашых сучаснікаў, і для будучыні», – адзначае літаратуразнавец Д. Бугаёў.
«Круглянскі мост» створаны на аснове рэальнага факта, пераасэнсаванага аўтарам, як піша Д. Бугаёў, «у святле яго гуманістычнай канцэпцыі чалавека». Партызаны Брытвін і Шпак не выконваюць баявое заданне, перакладваюць яго на іншых. У выніку гіне камандзір групы Маслакоў. Пасылаюць яны на смерць і падлетка Міцю, адправіўшы таго з падводай, набітай узрыўчаткай, каб знішчыць мост. Прыстасаванцу і шкурніку Брытвіну супрацьстаіць малады партызан Сцёпка Таўкач, які не можа пагадзіцца з тым, што здарылася, і спадзяецца на справядлівае рашэнне, якое прыме па гэтай сітуацыі камісар. Быкаў спрабуе тут асэнсаваць праблему выбару – ці можна праяўляць бесчалавечнасць, нават калі гэтага нібыта патрабуюць абставіны. «Цудоўнай і высакароднай аповесцю» назваў гэты твор А. Твардоўскі.
Партызанскай тэме прысвечаны і аповесці «Сотнікаў» (1970 г.), «Абеліск» (1971 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.).
У гэты ж час ім таксама напісаны аповесці аб вайне «Дажыць да світання» (1972 г.), «Яго батальён» (1975 г.).
У 1971-1978 гг. Васіль Быкаў быў сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.
Адным з самых дасканалых і глыбокіх твораў Быкава называюць аповесць «Сотнікаў» некаторыя крытыкі. На што здольны чалавек, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма? – так акрэсліў Быкаў маральныя пытанні, на якія ён шукаў адказ у гэтым сваім творы. Зрэшты, можна гаварыць, што ўсёй сваёй творчасцю ён асэнсоўвае філасофскую праблему: «Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? Выходзіць на разважанні пра сутнасць дабра і зла.
Партызаны Сотнікаў і Рыбак трапіўшы ў палон, паводзяць сябе па-рознаму. Яны ўвасабляюць розныя чалавечыя тыпажы: гераізм і самаахвярнасць Сотнікава супрацьпастаўляецца прагматызму і адсутнасці высокіх маральных ідэалаў у Рыбака. Сотнікаў да апошніх сваіх хвілін спрабуе праявіць апеку над іншымі людзьмі, выканаць годна апошняе, што яму засталося, – памерці як трэба і тым маральна супрацьстаяць ворагу. Рыбак жа галоўным для сябе вызначае імкненне любой цаной выжыць, прыстасаваўшыся да любых абставін. Фактычна, ён нават не робіць спробы супрацьстаяць злу і ў рэшце рэшт сам ператвараецца ў ката, чым заслугоўвае нават пахвалу паліцаяў.
У аповесці «Абеліск» паказаны гераічны і высакародны ўчынак маладога настаўніка Алеся Мароза, які па уласнай волі далучаецца да арыштаваных гітлераўцамі вучняў – нявопытных падпольшчыкаў. Ён хоча да апошняга імгнення падтрымліваць сваіх выхаванцаў і гіне разам з імі. Удалося ўратавацца толькі аднаму з вучняў – Міклашэвічу. Подзвіг настаўніка спрабуюць аспрэчыць ужо пасля вайны. Выказваецца думка, што ён проста здаўся ў палон ворагу. Чыноўнік Ксяндзоў не лічыць яго ўчынак гераічным. Міклашэвіч працягвае справу свайго настаўніка па выхаванні моладзі. Ён змог дабіцца належнай ацэнкі подзвіга Алеся Мароза. Падзвіжніцтва і самаахвярнасць настаўніка ва ўсіх іх праявах – вось адна са стрыжнявых тэм аповесці «Абеліск».
Сюжэт аповесці «Дажыць да світання» – пошукі нямецкай базы ў варожым тыле групай пад камандаваннем лейтэнанта Іваноўскага. Дзеля таго, каб выканаць баявую задачу, малады лейтэнант гатовы пераадолець любыя цяжкасці. Але камандзір не дзейнічае бяздумна, клапоціцца аб тым, каб зберагчы сваіх байцоў. Сам жа ён гіне, але свядома ідзе на тое, каб ахвяруючы ўласным жыццём, нанесці ўрон ворагу і такой, няхай і вялікай, цаной наблізіць перамогу. Лейтэнант выразна ўсведамляе, што ён змагаецца за «сваю зямлю», і гэта дапамагае яму знайсці ў сабе сілы і мужнасць для змагання.
Герой аповесці «Воўчая зграя» Ляўчук, не лічыць сябе героем вайны, хоць пабываў шмат у якіх сітуацыях – ваяваў у акружэнні, быў у партызанах. Аднаго ён не можа сабе дараваць, што калі пасля акружэння вярнуўся ў родную вёску, то праявіў неразумнасць, не паслухаўшы бацькавай парады жыў там адкрыта, потым пайшоў у партызаны. Паліцаі ж адыграліся на бацьку, знішчылі таго. Аўтар разважае над тым наколькі цяжка быць на вайне добрым і чалавечным, але ж паводзіны Леўчука, калі ён выратоўвае маленькага хлопчыка, паказваюць, што сумленнасць і чалавечнасць павінны заставацца ў людзях, нягледзячы ні на якія складаныя абставіны. Сімвалічнае ў аповесці параўнанне фашыстаў з воўчай зграяй. Жорсткасць ворага страшнейшая за лютасць дзікіх звяроў. Барацьба з ім – гэта змаганне за само жыццё.
У аповесці «Яго батальён» камбат Валошын імкнецца так выконваць баявую задачу, каб як мага менш страціць сваіх байцоў. Ён разумее, што аддадзены яму камандзірам палка Гунько загад не ўлічвае рэальнай абстаноўкі і гэта можа прывесці да неапраўданай гібелі яго батальёна. Валошын перажывае за ўсіх сваіх падначаленых, для яго больш каштоўныя іх жыцці, чым імкненне выслужыцца. Свой батальён Валошын не пакідае і тады, калі самадур Гунько пазбавіў яго права камандаваць боем, даручыўшы камандаванне начальніку штаба Маркіну. Валошын разумее, што той будзе старацца выканаць задачу любой цаной. Імкненне Валошына, наколькі гэта магчыма, зберагчы солдат прыводзіць да таго, што ён фактычна кіруе боем, застаючыся для сваіх салдат камбатам. Чалавечнасць, праяўленая ім у адносінах да байцоў, вяртаецца яму. Падчас газавай атакі адзін з байцоў хоча аддаць камандзіру процівагаз. Воля выпадку, абставін не ўладарна над чалавечнасцю – да такой высновы падводзіць чытача Быкаў.
У аповесці «Пайсці і не вярнуцца» Быкаў ставіць спрадвечнае пытанне: чаму адзін чалавек нават у самых неспрыяльных абставінах застаецца чалавекам, а другі скочваецца ў бесчалавечнасць, здраду, подласць? У творы аўтар супастаўляе супрацьлеглыя характары цэнтральных персанажаў – партызанаў Зоські Нарэйкі і Антона Галубіна. Калі Зоська думае аб тым, каб любой цаной выканаць заданне, і не адступае ад сваіх прынцыпаў, то прыстасаванец Галубін гатовы пры найменшым намёку на змену абставін перакінуцца на бок ворага, апраўдваючы сам перад сабой магчымую здраду. І ён у рэшце рэшт спрабуе забіць дзяўчыну, да якой толькі нядаўна выказваў інтымныя пачуцці, каб тая не выкрыла яго намераў перад партызанамі. І ўсё ж Зоська застаецца жыць, аўтар пакідае чытачу надзею, што яна пераможа бязлітасную сілу абставін.
* * *У 1978 г. Васіль Быкаў пераехаў у Мінск. Так склалася, што Быкаў разышоўся з першай жонкай і звязаў сваё жыццё з Ірынай Міхайлаўнай Суворавай, з якой працаваў разам доўгі час у «Гродзенскай газеце».
У творчасці Васіля Быкава працягваецца асэнсаванне бясконцай тэмы паводзін чалавека ў надзвычайных абставінах вайны, маральнасці і жорсткасці, здрады і высакародства. Але ў 1980-я і 1990-я гг. з’яўляюцца новыя матывы. Быкаў аналізуе драматычны лёс народа ў больш шырокай храналагічнай перспектыве, тое, як сказаліся на ім праявы сталіншчыны, шукае вытокі чалавечай мужнасці і подласці, асэнсоўвае лёс беларускай нацыі.
У 1982 г. з-пад пяра Васіля Быкава выйшла аповесць«Знак бяды». Знак нацыянальнай бяды, як пісаў аб гэтым сам Быкаў. Аповесць – адзін з самых глыбокіх яго твораў па філасофскім асэнсаванні жыцця. Трагічна складваецца лёс галоўных герояў – Петрака і Сцепаніды Багацькаў. Яны гінуць, стаўшы ахвярамі ваенных падзей, але Быкаў паказвае трагізм іх жыцця яшчэ з даваеннага часу. Па сутнасці, усе персанажы нясуць на сабе пячатку трагізму. Мясцовыя людзі шмат цярпелі ад таго, што ў даваенны час, гады калектывізацыі ніхто не лічыўся з імі. Несправядлівасць і жорсткасць кампаніі па раскулачванні пазней адгукнецца праявамі зла ўжо ў гады вайны. Каб дамагчыся справядлівасці, Багацькі нават хацелі звярнуцца да кіраўніка БССР Чарвякова, які неяк выпадкам трапіў да іх у хату. Але таго ўжо не было ў жывых. Несправядлівасць так і застаецца не выпраўленай. Бесчалавечнасць немцаў, якія прыйшлі са зброяй, і жорсткасць, подласць іх прыслужнікаў паліцаяў, гэта ўжо абсалютнае зло. З ім трэба змагацца, і гэта нават хоча зрабіць простая жанчына Сцепаніда, калі мяркуе ўзарваць бомбай пабудаваны немцамі мост. Але яна гіне, не здзейсніўшы сваёй задумы. Месца, дзе было поле Багацькаў, атрымлівае назву Галгофа як сімвал іх невыносных пакут.
У рамане «Кар’ер» (1986 г.) Быкаў звяртаецца да тэмы падпольнай барацьбы ў гады вайны. Галоўны герой твора старшы лейтэнант Павел Агееў у пачатку вайны быў паранены і ў рэшце рэшт застаўся на акупаванай тэрыторыі. Ён адчувае маральны абавязак змагацца з ворагам і ўступае ў рады падполля. Начальнік паліцыі здагадваецца, хто такі Агееў, і прымушае таго даць падпіску аб супрацоўніцтве з фашыстамі. Але Агееў не збіраецца станавіцца здраднікам і расказвае аб гэтай сітуацыі падпольшчыкам. Некаторыя таварышы па барацьбе ў выніку паставіліся да яго з падазрэннем, і Агееў імкнецца на справе даказаць, што заслугоўвае даверу. Каб як мага хутчэй выканаць даручанае заданне, ён пасылае сваю каханую Марыю перадаць тол падпольшчыкам на станцыю. Марыю схапілі паліцаі, арыштавалі і самога Агеева. Яго і яшчэ некалькі падпольшчыкаў павялі расстрэльваць, але Агееву шчаслівы выпадак дапамог уцалець. Што стала з Марыяй, ён так і не даведаўся, але дзясяткі гадоў пасля вайны адчуваў за сабой віну. Каб пазбавіцца ад маральных перажыванняў, Агееў праводзіць раскопкі ў кар’еры на месцы расстрэлу, хоча высветліць, ці была там расстраляная Марыя, але цела яе не знаходзіць. Як лічыць крытык Д. Бугаёў, аўтар тут падкрэслівае думку аб вялікай каштоўнасці чалавечага жыцця і аб тым, як асцярожна трэба распараджацца жыццём іншых людзей. І ў гэтым заключаецца галоўны маральна-этычны сэнс твора, звернуты да сучаснасці.
«Ідэя чалавечай безвыходнасці нязрушна сядзела ў маёй свядомасці і час ад часу дамагалася рэалізацыі», – так сказаў Васіль Быкаў пра сваю аповесць «У тумане» (1987 г.). Галоўнага героя, чыгуначніка Сушчэню, немцы прымусілі працаваць на сябе, нават зрабілі брыгадзірам. Чыгуначнікі здзейснілі дыверсію. Іх усіх, у тым ліку і Сушчэню, які спачатку быў супраць гэтай акцыі, бо разумеў, што ўцячы ім будзе цяжка, арыштавалі. Таварышаў Сушчэні павесілі, а яго пасля катаванняў, так і не дабіўшыся згоды супрацоўнічаць з немцамі, адпусцілі. Гэта быў подлы план гітлераўца Гросмаера. Фактычна, ён удаецца, бо Сушчэня трапляе пад падазрэнне сваіх. Яму так і не ўдалося апраўдацца, разагнаць туман недаверу. Сушчэня, ні ў чым не вінаваты, не змог жыць з незаслужанай плямай, ён скончыў самагубствам. Па сутнасці, яго забіла сістэма, пабудаваная на ўсеагульных падазронасці і страху.
Герой аповесці «Аблава» (1988 г.) Хведар Роўба, які многія тысячы беларускіх сялян, трапіў пад раскулачванне, па даносе аднавяскоўца яго разам з жонкай і дачкой выслалі на Поўнач. Пасля таго, як у высылцы памерлі і жонка, і дачка, ён адправіўся ў доўгі шлях да родных мясцін, каб знайсці апошні прытулак побач са сваімі продкамі. Але, калі нарэшце ён дабраўся да роднай вёскі, тут на яго аднавяскоўцы зладзілі аблаву, і самае страшнае, што кіруе ёй родны сын Хведара, які, стаўшы мясцовым начальнікам, адрокся ад бацькі. Хведар у думках нават спрабаваў зразумець сына, шукаў нейкага апраўдання, разважаючы: «…Дабрыня, мусіць, там дзе справядлівасць і праўда. А дзе класавая бязлітаснасць, жорсткасць вышэйшых да тых, хто ніжэй, якая ж там дабрыня!.» Урэшце Хведар Роўба гіне ў багне. Яго лёс – гэта сімвал трагедыі беларускага сялянства, усяго нашага народа ў XX стагоддзі. Як канстатуе літаратуразнавец Д. Бугаёў: «Па свайму ўнутранаму пафасу аповесць «Аблава» – гэта перш за ўсё твор пра амаральнасць сталіншчыны, пра тое, як яна не толькі фізічна знішчала мноства людзей, але і расчалавечвала чалавека, растоптвала ў яго душы спагадлівасць і спачувальнасць, міласэрнасць і здольнасць адчуваць чужы боль, звычайную суседскую прыязнасць, сяброўскія і сваяцкія пачуцці».
Трагічныя абставіны часоў калектывізацыі займаюць значнае месца і ў аповесці «Сцюжа» (1961-1991 гг.), пераплятаючыся з ваеннымі падзеямі. Паколькі аўтар датаваў свой твор такім вялікім часавым інтэрвалам, можна меркаваць аб тым, што гэтая тэма хвалявала Быкава ўжо даўно. Але ў ранейшыя часы ён бы не змог апублікаваць твор, дзе крытычна ацэньваецца дзейнасць галоўнага героя Ягора Азевіча – камсамольскага і партыйнага функцыянера. Каб стаць цвёрдым партыйцам, дзеля кар’еры яму даводзіцца адмовіцца ад каханай дзяўчыны, пагадзіцца напісаць данос на свайго начальніка, прымаць удзел у разарэнні роднай вёскі, адбіраючы ў сялян апошнія сродкі. У аповесці выведзены вобраз першага сакратара райкама партыі Дашэўскага, які стараючыся выслужыцца, увесь час кагосьці выкрывае, а пасля прыходу немцаў ідзе да іх на службу, абы застацца пры ўладзе. У час вайны Азевіч спрабуе інакш паглядзець на сваю дзейнасць. Ён адчувае і сваю віну за тую абстаноўку, што склалася ў краіне ў перадваенныя гады. Сімвалічная тут і назва твора – сцюжа, гэта як бы характарыстыка згаданай эпохі. Пакаяннем з’яўляецца гатоўнасць Азевіча да канца змагацца з гітлераўцамі, якія нясуць пагібель усяму.
За доўгія гады творы Васіля Быкава выдаваліся ў розных рэспубліках былога Савецкага Саюза. Трэба зазначыць, што большасць перакладаў на рускую мову была зроблена самім пісьменнікам, ён лічыў, што такі пераклад будзе найбольш адэкватны, з захаваннем усіх нюансаў аўтарскага стылю і зместу. Гэта аповесці «Круглянскі мост», «Праклятая вышыня», «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Яго батальён», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца», «Знак бяды», «У тумане», «Ваўчыная яма», раман «Кар’ер» і іншыя творы.
Васіль Быкаў часта выступаў у перыядычных выданнях з публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, прымаў актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці. Ён выбіраўся дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных (1963-1965; 1973-1977 гг.), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978-1990 гг.), быў народным дэпутатам СССР (1989 г.).
Разважаючы пра лёс беларусаў, Васіль Быкаў гаварыў у 1991 г.: «…Мы дагэтуль не маем таго, чаго варта мець кожнай нацыі свету, для чаго, па сутнасці, яна і існуе пад небам. І ўсё таму, што з нейкага капрызу гісторыі мы ўпусцілі свой нацыянальны цягнік і апынуліся ў ролі вечных паязджан, пазбаўленых прыстойнага лёсу, здатнага прытулку дзяржаўнасці». Боль за свой народ, разважанні аб лёсе беларускай нацыі – характэрныя праявы грамадзянскай пазіцыі Быкава-пісьменніка, Быкава-грамадзяніна.
Васіль Быкаў быў членам аргкамітэта, а затым Сойма Беларускага Народнага Фронту, прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», прэзідэнтам Беларускага ПЭН-Цэнтра.
Свет чалавечай душы даследуе Быкаў у апавяданнях, напісаных у сярэдзіне 1990-х гг. : «На Чорных лядах», «Бедныя людзі», «Жоўты пясочак», «Палітрук Каламіец» і іншых творах гэтага часу. Яго цікавіць і лёс удзельнікаў антыбальшавіцкага Слуцкага паўстання, памылкі і няўдачы беларускага вызваленчага руху, з якіх не было зроблена належных высноў, і памкненні душы выкладчыка-даносчыка, і непраціўленне людзей, якіх вязуць на расстрэл у Курапаты, і той трагікамічны выпадак, калі палітрук, заклікаючы байцоў выконваць загад да канца, не адступаць, раптам натхняе іх абяцаннем, што пасля вайны Сталін абавязкова распусціць калгасы.
У аповесці «Пакахай мяне, салдацік» (1996 г.) падзеі разгортваюцца ў самым канцы вайны, на тэрыторыі Аўстрыі. Каханне, што ўзнікае паміж лейтэнантам Змітраком Барэйкам і яго зямлячкай Франяй, перарываецца на самым пачатку. Дзяўчыну і яе гаспадароў-аўстрыйцаў лейтэнант, вярнуўшыся ў іх дом, знаходзіць забітымі. Хто і за што забіў невінаватых ні ў чым людзей, ужо пасля заканчэння вайны? Людская жорсткасць і бязлітаснасць, што знішчае надзею, ідзе ад «сваіх», бо немцы ўжо склалі зброю.
* * *Па запрашэнні Фінскага ПЭН-Цэнтра Васіль Быкаў летам 1998 г. выязджае ў Фінляндыю. Там ім напісаны аповесць «Ваўчыная яма» (1998 г.), некалькі апавяданняў, а таксама твораў новага для яго жанру, прыпавесцей – «казак для дарослых».
Персанажы «Ваўчынай ямы», адрынутыя светам, існуюць у чарнобыльскай зоне, у зоне адчужэння, як фізічна, так і метафарычна. Яны не маюць не толькі месца пад сонцам, у большасці нават няма імя.
Пра гэту аповесць літаратуразнавец Г. Тычка сказала, што тут перад чытачом паўстае Быкаў – пісьменік, які мысліць высокімі катэгорыямі сучаснай філасофскай думкі пра чалавецтва, твор больш чым іншыя быкаўскія аповесці адпавядае крытэрыям звышлітаратуры, як вызначыў яе Алесь Адамовіч.
«…Па сваёй гуманістычнай сутнасці і сацыяльнай актуальнасці аповесць, безумоўна, пераўзыходзіць і хрэстаматыйнага «Сотнікава», і «Знак бяды». Так, прынамсі, здаецца сёння», – заявіў крытык І. Запрудскі. Героі твора – «уцекачы ад невядома кім збудаванага і варожага ім нялюдскага свету, дзе не толькі слабым і кволым, але і сумленным няма месца».
У прыпавесцях жа Быкаў па-філасофску задумваецца над лёсам свайго народа. Як адзначае крытык Р. Дубашынскі, цэнтральным ва ўсёй творчасці пісьменніка, у тым ліку і прыпавесцях выступае паняцце «Радзіма». «Кожны народ мае сваю зямлю. Кожны асобны чалавек з гэтага народа мае сваю радзіму. На жаль, у гісторыі здараюцца выпадкі, калі той або іншы народ перажывае нацыянальную катастрофу – перастае адчуваць сваё. Сваё пераўтвараецца ў чужое, нязвыклае, далёкае, а сапраўды чужое становіцца сваім. Але, нягледзячы на гэтыя акалічнасці, повязь з бацькаўшчынай, хай і на генным узроўні, усё роўна будзе захоўвацца і праз нейкі час, магчыма, стане выразна адчувацца, нават «насуперак уласнае волі і абставінам»… Аднак шлях вяртання да Радзімы заўсёды надзвычай складаны, пакутлівы… Знайсці страчаную радзіму – задача нялёгкая. Вырашальная яна толькі пры ўмове цеснай згуртаванасці людзей вакол агульнай мэты і непахіснасці іх духу», – вось які запавет пакідае беларусам вялікі пісьменнік Васіль Быкаў, – канстатуе Р. Дубашынскі.
Герой аповесці «Афганец» (1998 г.) па прозвішчы Ступак не знаходзіць сябе пасля распаду Савецкага Саюза. Закрываецца яго невялікая фірма, ён разыходзіцца з жонкай і нават вымушаны ад безграшоўя прадаць гараж, дзе жыў, сышоўшы ад жонкі. Сімвалам сваіх нягодаў ён лічыць вялікага начальніка, які выступаючы па тэлевізары абяцае ўсім залатыя горы, але нічога з гэтага не спраўджваецца. Ступак рашае адпомсціць начальніку. Знаёмы прапануе яму, як былому воіну-афганцу, уладкавацца на работу ў спецслужбу, якая ахоўвае начальніка, і той пагаджаецца, вырашыўшы, што так зможа атрымаць доступ да зброі і здзейсніць задуманае. Але трапіўшы на службу, ужо не можа набрацца рашучасці і ўсё больш уцягваецца ў служэнне таму, каго яшчэ нядаўна ненавідзеў, і страчвае магчымасць распараджацца ўласнымі жаданнямі.
Персанажаў аповесці «Балота» (2001 г.) Гусакова, Агрызкава і Тумаша закінулі ў варожы тыл. Але прызямліліся яны не там, дзе разлічвалі і, каб выйсці ў зададзеную мясцовасць для сустрэчы з партызанамі прымушаюць мясцовага падлетка Косцю весці іх у правільным напрамку. Калі Косця нарэшце давёў іх да патрэбнага ўрочышча, камандзір групы Гусакоў сцяміў, што далей хлопцу ісці з імі нельга, і распарадзіўся застрэліць яго. Агрызкаў рашуча адмовіўся, а Тумаш павёў хлопца ў гушчар, але не стаў яго страляць, загадаў уцякаць і стрэліў угару. Стрэл пачулі партызаны і ў выніку група трапіла пад іх агонь.
У лютым 2000 г. Быкаў пераехаў у Германію. Тут ён працаваў над кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому», працягваў пісаць прыпавесці. Са снежня 2002 г. пісьменнік па асабістым запрашэнні прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела жыў у Празе, там перанёс аперацыю.
23 мая 2003 г. Быкаў прыехаў у Мінск, дзе звярнуўся да ўрачоў з прычыны свайго стану здароўя. 22 чэрвеня 2003 г. Васіля Быкава не стала. Пахаваны ён на Усходніх могілках у Мінску.
Васіль Быкаў – аўтар некалькіх дзясяткаў твораў розных літаратурных форм. Гэта раман, аповесці, апавяданні, прыпавесці, п’есы, сцэнарыі, публістычныя артыкулы, якія акрамя асобных выданняў увайшлі ў шматтомныя зборы твораў. У 1974 г. выйшлі Выбраныя творы Васіля Быкава ў 2 тамах. У 1980-1982 гг. – Збор твораў у 4 тамах. У 1992-1994 гг. выйшаў Збор твораў у 6 тамах. З 2005 г. выдаецца Поўны збор твораў у 14 тамах. Выйшла 10 тамоў (том 10 у дзвюх кнігах).
Творы Васіля Быкава друкаваліся ў перакладах на абхазскую, азербайджанскую, англійскую, арабскую, армянскую, асецінскую, балгарскую, бенгальскую, венгерскую, в’етнамскую, галандскую, грузінскую, грэчаскую, дары, дацкую, іспанскую, італьянскую, казахскую, кіргізскую, кітайскую, латышскую, літоўскую, макшанскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, партугальскую, польскую, румынскую, рускую, сербалужыцкую, славацкую, таджыкскую, тамілі, татарскую, тувінскую, туркменскую, турэцкую, тэлугу, узбекскую, украінскую, урду, фінскую, французскую, хіндзі, чувашскую, чэшскую, шведскую, эстонскую, народаў былой Югаславіі, якуцкую, японскую мовы.
Кнігі пісьменніка выходзілі ў Балгарыі, Венгрыі, В’етнаме, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Егіпце, ЗША, Індыі, Італіі, Канадзе, на Кубе, у Кітаі, Манголіі, Нідэрландах, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Турцыі, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Японіі, ва ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюза.
Творы Васіля Быкава знайшлі ўвасабленне ў мастацтве.
У тэатрах ішла п’еса Быкава «Апошні шанц». Ставіліся спектаклі паводле яго аповесцей «Абеліск», «Альпійская балада», «Дажыць да світання», «Знак бяды», «Круглянскі мост», «Пайсці і не вярнуцца», «Сотнікаў», «Трэцяя ракета», рамана «Кар’ер», апавядання «Жоўты пясочак». За пастаноўку паводле аповесцей «Пайсці і не вярнуцца» і «Знак бяды» Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР імя М. Горкага ў 1986 г. быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
У 1967 г. кампазітар Я. Глебаў стварыў балет «Альпійская балада», на яго аснове напісаў «Сюіту з балета «Альпійская балада».
У 1980 г. кампазітарам Г. Вагнерам напісана опера «Сцежкаю жыцця» паводле аповесці «Воўчая зграя» (аўтары лібрэта А. Вярцінскі і С. Штэйн).
Пастаноўка радыёспектакляў па аповесці «У тумане» і рамане «Кар’ер» у 1990 г. адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.Па творах Васіля Быкава зняты кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963 г.), «Альпійская балада» (1966 г.), «Дажыць да світання» (1975 г.), «Воўчая зграя» (1976 г.), «Абеліск» (1977 г.), «Узыходжанне» (паводле аповесці «Сотнікаў», 1977 г.), «Знак бяды» (1985 г.), «Круглянскі мост» (1989 г.), «Яго батальён» (1989 г.), «Кар’ер» (1990 г.), «На Чорных Лядах» (паводле аднайменнага апавядання, 1995 г.), «Асуджаныя на вайну» (паводле аповесці «Пайсці і не вярнуцца», 2008 г.), «У тумане» (2012 г.), «Жоўты пясочак» (паводле аднайменнага апавядання, 2017 г.),«Народныя мсціўцы» (паводле аднайменнага апавядання, 2019 г.), кароткаметражныя фільмы «Пастка» (1966 г.), «Адна ноч» (паводле аднайменнага апавядання, 1990 г.), тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (паводле аповесцяў «Жураўліны крык», «Праклятая вышыня» і апавядання «На ўсходзе сонца», 1976 г.) і «Фруза» (паводле апавядання «На сцяжыне жыцця», 1981 г.).
Сам аўтар лічыў, што найбольш удалай экранізацыяй яго твораў стала карціна «Узыходжанне», знятая рэжысёрам Л. Шапіцька паводле аповесці «Сотнікаў». Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.
Пра пісьменніка зняты дакументальныя фільмы «Узыходжанне» (1985 г.) і «Васіль Быкаў. Рэквіем» (2009 г.).
Дзейнасць Васіля Быкава неаднаразова была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі – ганаровымі званнямі, прэміямі, ордэнамі і медалямі.
У 1964 г. за аповесць «Трэцяя ракета» пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа. У1974 г. яму прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання». У 1978 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён». У 1986 г. прысуджана Ленінская прэмія за аповесць «Знак бяды». У 1980 г. Васіль Быкаў удастоены звання Народнага пісьменніка БССР. З 1984 г. – Герой Сацыялістычнай Працы. Пісьменнік таксама быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ушацкага раёна.
Акрамя франтавых узнагарод Васіль Быкаў быў адзначан ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974 г.), Леніна (1984 г.), Айчыннай вайны 1-й ступені (1985 г. ). Таксама быў узнагароджаны расійскім ордэнам Дружбы (1994 г.) і італьянскім ордэнам «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай» (1996 г.).
Ушанаванне памяці Васіля Быкава сёння ажыццяўляецца ў музейнай справе, мае праявы ў мемарыяльных аб’ектах і тапаніміцы.З 2004 г. у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці дзейнічае сядзіба-музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава – філіял Ушацкага музея народнай славы імя У. Лабанка. Сядзіба знаходзіцца ў адноўленым доме сям’і Быкавых, дзе да 1940 г. жыў Васіль Быкаў. У 2014 г. да 90-годдзя пісьменніка ў аграгарадку Ждановічы Мінскага раёна Мінскай вобласці адкрыўся музей-дача Васіля Быкава – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Будынак бязвыплатна перададзены дзяржаве ўдавой Быкава Ірынай Міхайлаўнай. А першы музей пісьменніка быў створаны ва Украіне ў сяле Вялікая Севярынка.
На будынку Віцебскай дзіцячай мастацкай школы № 1 (тут знаходзілась мастацкае вучылішча, дзе з 1939 па 1940 г. навучаўся Васіль Быкаў) усталявана мемарыяльная дошка.
Імя пісьменніка носяць вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.
* * *Дзейнасць Васіля Быкава атрымала рэзананс у грамадстве і ў Беларусі, і за яе межамі. Па-ранейшаму застаецца інтарэс да яго творчасці і асобы.
Быкаў мае аўтарытэт сярод шырокага кола чытачоў і літаратараў найперш за тое, што праўдзіва паказваў у сваіх творах не толькі жахі і амаральнасць вайны, але і тое, як на фоне трагічных абставін, у якія траплялі яго героі, праяўлялі самыя разнастайныя рысы характару, дэманструючы жорсткасць і спачуванне, самаахвярнасць і эгаізм, мужнасць і здраду, высокі патрыятызм і канфармізм. Гэтая ацэнка сугучна пазіцыі пісьменніка, ад якой ён не адступаў ніколі ні ў творчасці, ні ў жыцці: «Вядома, у мастацтве найперш талент, але, апроч таленту, яшчэ так неабходна сумленне. І калі талент – ад Бога, дык сумленне – хоць і не цалкам, усё ж у значнай меры – ад нашае чалавечае волі… Сумленне ва ўсім: у стаўленні да народа, да гісторыі, да сучаснасці і будучыні».
Трэба сказаць, што творчая і іншая дзейнасць Васіля Быкава ў розныя перыяды атрымлівала як пазітыўную, так і негатыўную ацэнку, якая мела месца з боку пэўных дзяржаўных і партыйных кіраўнікоў, чыноўнікаў, літаратурных крытыкаў, некаторых ветэранаў вайны. Пісьменнік знаходзіўся пад пастаянным наглядам Камітэта дзяржбяспекі. Творы мелі шмат заўваг рэдактараў і цэнзараў. У 1960-я гг. рашэнне аб забароне крамольных аповесцей «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня» і «Круглянскі мост» прымалася на самым версе – галоўным савецкім ідэолагам М. Суславым. Негледзячы на гэта, Быкаў атрымліваў падтрымку ў выданні сваіх твораў. Галоўны рэдактар часопіса «Новый мир» паэт Александр Твардоўскі не толькі надрукаваў гнаныя аповесці (якія былі забаронены адразу пасля апублікавання), но і прапаноўваў любую дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную. Выказаныя словы падтрымкі «Все минется, а правда останется» далі Быкаву магчымасць «выстаяць у самы мой цяжкі час, пахіснуўшыся, ізноў здабыць сябе і застацца сабой».
У цэлым можна адзначыць, што большасць водгукаў мела станоўчы характар. Прыходзіло шмат пісьмаў з падзякай або з просьбай дапамогі ў літаратурнай справе, а таксама ў жыццёвых абставінах ад людзей, якія дакрануліся да творчасці Васіля Быкава. Вельмі значны прафесійны аналіз прагучаў з боку літаратараў.
Так літаратуразнавец С. Андраюк адзначаў, што «Быкаў не бытапісальнік вайны, не баталіст. Ён філосаф, грамадзянін які ўвесь у сучаснасці, у роздуме пра чалавека, яго месца ў гэтым далёка не заўсёды літасцівым свеце».
Дакладна сфармуляваў сутнасць быкаўскага творчага падыходу пісьменнік Алесь Адамовіч:«У глыбінях народнай свядомасці, пачуцця, памяці народнай — вытокі яго творчасці». «Быкаву заўсёды важна, каб чытач адчуў па магчымасці ўсё, што адчуваў салдат, камандзір, партызан… холад, голад боль, страх, сорам і адчай паражэнняў, вострае пачуццё перамогі над страхам смерці і над ворагам, любоў і нянавісць, унутраныя слёзы болю ці бязмернай радасці… Ён павінен прымусіць чытача, як на яве, адчуць сябе побач з байцамі, спазнаць іх боль, «зачэрпнуць» іх мужнасці і іх нянавісці, пагарды, непрымірымасці да фашызму, а таксама і да подласці, баязлівасці, здрадніцтва, кар’ерызму… І падзяліць іх нянавісць да вайны. Вось чаму аблічча вайны ў Быкава такое жорсткае».
«ВасільБыкаў … верны тэме сваёй і свайму таленту … думка яго з мінулага праз сучаснае трывожна скіроўваецца да глыбінных праблем заўтрашняга дня … , бо «абавязак быць чалавекам тэрміну не мае». За гэта змагаецца пісьменнік, яго героі — на бестэрміновай перадавой».
Літаратуразнавец Дзмітрый Бугаёў даў такія ацэнкі зробленаму Васілём Быкавым:
«Мастак… не збіраўся патрапляць згубным патрабаванням уплывовых чыноўнікаў ад
ідэалогіі. Ён пісаў не пра статутную або ўзорную, парадную вайну, у якой усё
загадзя прадугледжана і разлічана, а пра вайну рэальную, з усёй яе
супярэчлівасцю, жывой і непаўторнай складанасцю».
«Праца… часта патрабавала і вялікай грамадзянскай мужнасці ў адстойванні
глыбіннай праўды пра чалавека XX стагоддзя, праўды, выпакутаванай не толькі
напружаным мастакоўскім пошукам, але і ўласным жыццём».
Расійскі літаратурны крытык Ігар Дзядкоў пісаў:
«Кажется, все искусство В. Быкова состоит в обособлении и анализе критических
ситуаций как ключевых или узловых для понимания человека на войне, человека
вообще, и самой войны как особого, ненормального, противоестественного состояния
жизни».
«…Быков шел своей дорогой и, что бы ни происходило вокруг, какой бы гром побед
ни раздавался, какой бы идеологический диктат ни торжествовал, он по-прежнему
был верен правде и своим героям».
Кіргізскі пісьменнік Чынгіз Айтматов лічыў, што «… судьба сберегла нам Василя Быкова, чтобы он, пройдя горнило войны, выстрадав сполна горькое лихолетье партизанской Белоруссии, сказал бы в послевоенной литературе свое сокровенное, неповторимое, преисполненное беспощадной правды и сыновней боли слово от имени тех, тогдашних восемнадцатилетних солдат, коим выпало, пожалуй, самое трудное – трагическая и героическая доля».
Пісьменніца Святлана Алексіевіч так выказвалася пра Васіля Быкава:
«Яго неўтаймоўная шчырасць – раскоша для цяперашняга часу, яго няздатнасць да
любога кампрамісу – гэта тое, што застанецца з намі разам з яго кнігамі, разам з
яго здагадкамі і перасцярогамі. Застанецца асоба – асоба шчырая, ідэалістычная».
«Нешта для нас усіх сышлося ў гэтай асобе, хоць здавалася, што мы маем справу з
народам і часам, калі няма ніякіх апосталаў, праведнікаў, прапаведнікаў. Не, як
высвятляецца, ёсць. У нас быў гэты чалавек».
А сябар Васіля Быкава паэт Рыгор Барадулін пакінуў наступныя радкі:
«Зямны паклон табе,
Васіль,
Ушацкі волат на планеце.
На шмат вякоў,
На безліч міль
Гучыць імя тваё
Ў сусвеце!»