БДАМЛіМ – скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва


Кніжныя зборы

Ад часу свайго заснавання архіў-музей, разам з камплектаваннем архіўных фондаў, ствараў і навуковую бібліятэку. На сённяшні дзень бібліятэка архіва налічвае каля 30000 кніг і 35000 часопісаў і газет. Сярод многіх унікальных кніг і выданняў бібліятэкі БДАМЛМ газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”, “Вольная Беларусь”, “Звон” і інш.; часопісы “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя рэвалюцыі”, асобныя нумары часопісаў “Саха”, “Калоссе”, “Беларуская борць”, першыя выданні зборнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа “Жалейка” і “Песьні-жальбы”, амаль усе выданні граматыкі Б. Тарашкевіча, восем выданняў (пачынаючы з 1898 г.) паэмы “Тарас на Парнасе”, беларуская граматыка Р. Абіхта (1918), кнігі В. Ластоўскага, слоўнік І. Насовіча і многія іншыя.

Камплектаванне бібліятэкі БДАМЛМ ажыццяўляецца двума шляхамі. Першы, традыцыйны для большасці бібліятэк, праз выдавецтвы і ўстановы кнігагандлю. Другі і самы актыўны шлях камплектавання – асабістыя кніжныя зборы і калекцыі дзеячаў літаратуры і мастацтва. Менавіта яны складаюць асноўную частку навуковай бібліятэкі БДАМЛМ. На дзяржаўнае захоўванне ў складзе фондаў асабістага паходжання прымаюцца: — выданні твораў фондаўтваральніка;
— зборнікі, часопісы, газеты, каталогі з публікацыямі твораў фонда-ўтваральніка (калі такія не паступалі ў бібліятэку па планавай падпісцы);
— выданні пра фондаўтваральніка;
— кнігі з дароўнымі надпісамі фондаўтваральніку;
— кнігі з паметамі фондаўтваральніка;
— тэматычныя кніжныя калекцыі, створаныя фондаўтваральнікам.

Кнігі фондаўтваральніка, падрыхтаваныя да перавыдання, з вялікай колькасцю правак і памет, пакідаюцца ў архіўным фондзе.

Асабістая бібліятэка здольна, як і іншыя гістарычныя крыніцы, рэканструяваць эпоху, у якой жыў яе ўладальнік, даць пэўнае ўяўленне пра асяроддзе яго існавання, сацыяльны стан, кола людзей, якія жылі і працавалі з ім у адзін час і якія маглі ўплываць на яго творчасць, пра яго навуковыя і творчыя інтарэсы, эстэтычныя і духоўныя прыярытэты, узаемаадносіны з сябрамі і калегамі.

Сярод многіх бібліятэк, ці іх частак, найбольш цікавымі з’яўляюцца асабістыя бібліятэкі пісьменнікаў М. Танка, М. Лобана, Я. Брыля, С. Грахоўскага, І. Шамякіна, А. Куляшова, А. Кучара, Н. Гілевіча, В. Віткі, М. Ермаловіча, Р. Бярозкіна, М. Лужаніна і многіх іншых; акцёраў М. Забэйды-Суміцкага, Л. Александроўскай, І. Сарокіна; мастакоў А. Тычыны, А. Марыкса, Я. Красоўскага. Выдатным узорам бібліятэкі, якая паступіла з архіўным фондам, з’яўляецца бібліятэка народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Яна налічвае каля пяцісот выданняў, большую частку якіх складаюць кнігі з дароўнымі надпісамі. Сярод іх надпісы на кнігах уласных твораў В. Адамчыка, М. Аўрамчыка, Р. Барадуліна, Д. Бічэль-Загнетавай, Г. Бураўкіна, А. Вялюгіна, Н. Гілевіча, У. Дамашэвіча, В. Зуёнка, В. Іпатавай, А. Карпюка, Г. Кісялёва, І. Ласкова, А. Мальдзіса, І. Навуменкі, П. Панчанкі, Я. Сіпакова, М. Сяднёва, М. Танка.

Вялікай увагі заслугоўваюць асабістыя бібліятэкі Ф. Янкоўскага з яе ўнікальным падборам кніг па беларускаму і сусветнаму мовазнаўству, Н. Гілевіча з дароўнымі аўтографамі, В. Рагойшы, значную частку якой складаюць кнігі па гісторыі літаратурных узаемасувязяў.

Акрамя свайго вялікага і змястоўнага архіва, слынны спявак М. Забэйда-Суміцкі завяшчаў Беларусі і сваю бібліятэку, якая паступіла ў БДАМЛМ з Прагі ў 1985 годзе. Яна налічвае 476 выданняў. Значную частку бібліятэкі складаюць кнігі з дароўнымі надпісамі дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі і іншых краін Еўропы. Сярод іх аўтографы У. Караткевіча, І. Цішчанкі, Л. Салаўя, С. Панізніка, С. Грахоўскага, А. Русака, Н. Гілевіча, С. Александровіча, Г. Цітовіча, С. Новіка-Пяюна, Я. Шутовіча. Самай грунтоўнай і ўкамплектаванай часткай з’яўляецца нотная бібліятэка спевака. Яна змяшчае творы М. Аладава, У. Алоўнікава, А. Багатырова, Ж. Бізэ, Г. Вагнера, Дж. Вердзі, А. Глазунова. М. Глінкі, А. Грачанінава, Э. Грыга, А. Даргамыжскага, І. Кузняцова, Дз. Лукаса, М. Мусаргскага, М. Рымскага-Корсакава, Ю. Семянякі, А. Туранкова, Г. Цітовіча, Дз. Шастаковіча і многіх іншых, а таксама нотныя выданні беларускіх і ўкраінскіх народных песень.

Аснову бібліятэкі мастака Яўгена Красоўскага складаюць выданні па мастацтвазнаўству, як беларускаму так і сусветнаму, каталогі выставак, альбомы. Гэты раздзел бібліятэкі налічвае звыш 100 назваў. Другі раздзел бібліятэкі складаюць выданні з дароўнымі надпісамі, сярод якіх аўтографы мастакоў А. Бархаткова, В. Жолтак, М. Манасзона, М. Станюты, С. Гуткоўскага, А. Шыбнёва, Я. Ціхановіча, В. Руцая, П. Сергіевіча і інш., мастацтвазнаўцаў А. Аладавай, В. Шматава, У. Бойкі.

Значную частку кніжных збораў БДАМЛМ складаюць бібліятэкі рэдкіх кніг і выданняў, якія паступілі ад бібліяфілаў. Да такіх бібліятэк адносяцца бібліятэка М. Магільнага, У. Баравога, М. Талеркі, І. Тулейкі.

Гэты спіс можна было б дапоўніць узорамі яшчэ многіх бібліятэк літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, музыказнаўцаў і інш. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і надалей будзе працягваць камплектаванне асабістымі бібліятэкамі выдатных дзеячаў культуры і навукі Беларусі.

Таццяна Кекелева,
загадчык аддзела інфармацыі,
публікацыі і навуковага выкарыстання
дакументаў БДАМЛМ