29 лістапада 2006 г. у чытальнай зале БДАМЛМ адбылася вечарына і адкрыццё на ёй выставы пад назвай «Святло незабыўных імгненняў»
29 лістапада 2006 г. у чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) адбылася вечарына і адкрыццё на ёй выставы пад назвай «Святло незабыўных імгненняў», прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння салістак беларускага прафесійнага балета Аляксандры Васілеўны Нікалаевай, Тамары Сяргееўны Узунавай і Юліі Уладзіміраўны Хіраска.
Вечарыну адкрыла дырэктар БДАМЛМ Г.В. Запартыка. Вяла яе загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў Т.В. Кекелева. Выставу адкрыла вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Н.Р. Сакалоўская і правяла па ёй экскурсію.
Т. Узунава і Ю. Хіраска працавалі ў балетнай трупе Беларускага дзяржаўнага тэатра (пазней БДТ-1, тэатр імя Я.Купалы) з 1921 г. да адкрыцця ў маі 1933 г. Беларускага тэатра оперы і балета, куды яны былі запрошаны салісткамі і працавалі па 1959 г. А. Нікалаева скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча. У 1934 г. яе запрашаюць вядучай салісткай у Беларускі тэатр оперы і балета, у якім яна танцавала па 1960 г. На выставе прадстаўлены рэдкія фатаграфіі сцэн са спектакляў БДТ-1 з удзелам Т. Узунавай і Ю. Хіраска. Ёсць іх канцэртны рэпертуар таго часу. Экспануюцца фатаграфіі артыстак у ролях і ў сольных танцах у спектаклях Беларускага тэатра оперы і балета. На стэндзе, прысвечаным творчасці прымы-балерыны А. Нікалаевай, можна ўбачыць фатаграфіі сцэн з вядомых спектакляў класічнага, савецкага і беларускага рэпертуара Беларускага тэатра оперы і балета, у якіх артыстка з бляскам выконвала галоўныя партыі. Але вяршыняй усяго створанага ёй у 1930-я гады быў вобраз Зоські ў першым нацыянальным балеце «Салавей» М. Крошнера (1939) і беларускай дзяўчыны – Надзейкі ў балеце В. Залатарова «Князь-Возера» (1949). За выкананне ролі Надзейкі А.Нікалаева атрымала званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, пра яе сталі пісаць як пра «зорку» і гордасць беларускага балета. На выставе ёсць фатаграфіі ваеннага часу, узнагароды артыстак і падзякі ім за выдатныя канцэрты. Экспануюцца дакументы, якія адлюстроўваюць педагагічную дзейнасць Т. Узунавай і А. Нікалаевай. Ёсць афішы, праграмы спектакляў тэатра оперы і балета і рэцэнзіі на прэм’еры балетаў.
На вечарыне выступіла Т.М. Мушынская – журналістка, пісьменніца, аўтар кніг, прысвечаных беларускаму балету. Сярод запрошаных былі вучні 9-га класа Мінскага харэаграфічнага вучылішча, якія прыйшлі з загадчыкам вучэбнай часткі Ж.Б.Лысенка і сваім педагогам С.І.Пясцехіным, заслужаным артыстам Беларусі, адным з вядучых салістаў Беларускага тэатра оперы і балета ў 1970-я – 1980-я гады. Апошні адзначыў вялікую пазнавальную ролю архіўнай выставы для маладога пакалення танцораў.