13 сакавіка 2008 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Дзеля людзей усё жыццё стараюся…”, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Алеся Бачылы.

13 сакавіка 2008 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Дзеля людзей усё жыццё стараюся…”. Выстава прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, літаратуразнаўцы, лібрэтыста Алеся Бачылы (1918–1983) і адлюстроўвае яго жыццё і творчасць. На выставе прадстаўлены архіўныя дакументы з фонду А. Бачылы, які захоўваецца ў БДАМЛМ, і фотаздымкі, дасланыя з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Сярод іх – аўтографы вершаў і песен А. Бачылы, аўтограф кнігі нарысаў пра М. Багдановіча “Дарогамі Максіма”, блакноты з запісамі ўспамінаў родных М. Багдановіча, лібрэта да опер “Яснае світанне”, “Калючая ружа” і “Зорка Венера”, рэцэнзіі на творы паэта, перапіска з вядомымі дзеячамі беларускай літаратуры, прыжыццёвыя выданні твораў паэта.

Выстава адкрылася вядомай песняй У. Алоўнікава на словы А. Бачылы “Радзіма, мая дарагая” ў выкананні І. Балоціна, запіс якой быў прадстаўлены архівам кінафотафонадакументаў. Далей слова ўзяла дырэктар архіва-музея Г. Запартыка, якая расказала пра ўдзел А. Бачылы ў стварэнні збору матэрыялаў сям’і Багдановічаў у БДАМЛМ. Аўтар навуковай канцэпцыі Т. Шырокава правяла прысутным экскурсію па выставе. Завяршылася мерапрыемства праслухоўваннем запіса верша А. Бачылы “Салдацкія слёзы” ў выкананні самога аўтара, а таксама песні Ю. Семянякі на словы паэта “Квітней, Беларусь”. Правяла вечарыну загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання БДАМЛМ Т. Кекелева.

Выстава будзе працаваць да канца красавіка.