21 кастрычніка 2016 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння мастака-графіка Аркадзя Астаповіча

21 кастрычніка 2016 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння мастака-графіка Аркадзя Астаповіча (1896 – 1941).

Распачала мерапрыемства дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка, расказаўшы пра асабісты фонд Аркадзя Астаповіча ў БДАМЛМ (ф. 395). Ён паступіў на захаванне ў 1994 г. ад Маргарыты Георгіеўны Астаповіч, удавы сына мастака Валянціна, і сёння налічвае 156 адзінак захоўвання. Гэта дакументы творчай дзейнасці (накіды, замалёўкі, эцюды), дакументы да біяграфіі, фотаздымкі, рэпрадукцыі і інш.

Пра творчую спадчыну мастака, яго трагічны лёс распавяла мастацтвазнаўца Надзея Усава, супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, укладальніца альбома Аркадзя Астаповіча, які выйшаў у 2012 г. Яна між іншым зазначыла, што спадчына мастака, якая захоўваецца ў БДАМЛМ, у альбом не ўвайшла, а гэта ў перспектыве, магчыма, стане штуршком для стварэння новага, больш аб’ёмнага альбома А. Астаповіча, а таксама манаграфіі пра яго.

Алена Смірнова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ, унучка сястры А. Астаповіча, мастачкі Зінаіды Астаповіч-Бачаровай, расказала, якім памяталі мастака сваякі: гэта быў сціплы, інтэлігентны, працавіты чалавек, добры сем’янін і патрыёт сваёй Радзімы. У 1941 г. Аркадзь Астаповіч пайшоў добраахвотнікам на фронт і гераічна загінуў, а вось ягоны архіў цудам захаваўся ў апаленым пажарамі вайны Мінску. Унучатая пляменніца мастака падарыла архіву-музею некалькі выданняў з публікацыямі пра А. Астаповіча.

Аўтар выставы, навуковая супрацоўніца БДАМЛМ Кацярына Петухова падзялілася сваімі ўражаннямі ад працы над экспазіцыяй і правяла для прысутных невялікую экскурсію. На стэндах прадстаўлены індывідуальныя і сямейныя фотаздымкі А. Астаповіча, а таксама яго працы, выкананыя ў розных жанрах і тэхніцы: анімалістыка, накіды і замалёўкі фігур, партрэты, супрэматычная аплікацыя, пейзажы ў графіцы і акварэлі, накіды ілюстрацый да твора “Чалавек, малпа, змяя, слон і мула”… Выстава будзе адкрыта для наведвальнікаў яшчэ некалькі месяцаў.