4 кастрычніка 2016 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХІV Архіўныя чытанні

4 кастрычніка 2016 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХІV Архіўныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння вядомага паэта Максіма Багдановіча (1891 – 1917), дзяржаўнага дзеяча і навукоўца Аркадзя Смоліча (1891 – 1938), а таксама медыка, грамадскага дзеяча і публіцыста Івана Цвікевіча (1891 – 1938).

Канферэнцыя пачалася з прагляду дакументальнага фільма “Максім Багдановіч”, знятага ў 1971 г. рэжысёрам Пятром Аліфярэнкам паводле сцэнару Алеся Бачылы. З прывітальным словам выступілі першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, а таксама загадчык аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галіна Шаблінская, якая пазнаёміла прысутных з новай кнігай “Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет”. На пленарным пасяджэнні сын пісьменніка Змітрака Бядулі, былы інжынер Яфім Плаўнік пераказаў тое, што чуў пра М. Багдановіча ад сваіх цётак, у адным доме з якімі пэўны час жыў паэт.

Менавіта М. Багдановіч і стаў “галоўным героем” канферэнцыі: яго жыццю і творчасці была прысвечана асобная секцыя. На ёй прагучалі даклады “Навуковае выданне твораў Максіма Багдановіча ў справе станаўлення і развіцця беларускай тэксталогіі” (М. Шумейка), «Зборнік “Вянок” і гісторыя яго выдання ў дакументах БДАМЛМ» (Г. Запартыка), “Вехи биографии и отражение творчества Максима Богдановича в кинодокументах БГАКФФД” (А. Траццяк), “Літаратурная крытыка Максіма Багдановіча: эстэтычны дыскурс” (А. Карп), “Канцэпт-сімвал сноў у паэзіі Максіма Багдановіча” (І. Шаладонаў), «З вопыту падрыхтоўкі зборніка “Максім Багдановіч: вядомы і невядомы” (2011)» (Ц. Чарнякевіч), “Успаміны Хведара Імшэнніка пра Максіма Багдановіча: з гісторыі публікацый” (В. Жыбуль), “Аляксандра Волжына і Багдановічы” (М. Запартыка), “Каштоўныя зборы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча” (А. Кніга), “Новыя дакументальныя крыніцы НГАБ у багдановічазнаўстве” (У. Дзянісаў).

На другой секцыі чытанняў былі прадстаўленыя даклады на самую разнастайную тэматыку: «“Паслядоўнікі Смоліча”: беларускае прыродазнаўства і эканамічная навука на эміграцыі» (Н. Гардзіенка), “Аб’яднанне Беларускіх Жанчын імя Пашкевічанкі (Цёткі)” (А. Сідарэвіч), «Гісторыя перакладу рамана “Векапомныя дні” (з перапіскі М. Лынькова з В. Тарсісам і Я. Мазальковым» (Р. Дубашынскі), “Выкарыстанне фондаў БДАМЛМ пры падрыхтоўцы да друку тэкстаў Івана Навуменкі” (А. Лапата-Загорскі), “Гісторыя помніка Максіму Багдановічу ў Мінску (па дакументах НАРБ)” (М. Тумаш), «“Фотоальбом разрушенных городов и бытовых построек, снимки военнопленных” как исторический источник и визуальное свидетельство военного времени» (М. Шпакава).

Пры канцы канферэнцыі адбылося адкрыццё выставы “Хай згадка згадку кліча…”, прысвечанай 125-годдзю М. Багдановіча. Сярод яе экспанатаў – дакументы паэта і яго блізкіх сваякоў, фотаальбом сям’і Багдановічаў, пейзаж, намаляваны Аляксеем Багдановічам (братам паэта), асабістыя рэчы Льва і Паўла Багдановічаў, выданні твораў Максіма Багдановіча розных гадоў.