26 мая 2016 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХVI Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння Цёткі і 130-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі

26 мая 2016 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХVI Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя юбілеям класікаў беларускай літаратуры: 140-годдзю з дня нараджэння Цёткі (сапр. Алаіза Пашкевіч; 1876 – 1916) і Змітрака Бядулі (сапр. Самуіл Плаўнік; 1886 – 1941).

З прывітальным словам выступіла першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, пасля чаго ўдзельнікі канферэнцыі ўшанавалі хвілінай маўчання ўдзельнікаў ранейшых Узвышаўскіх чытанняў і фондаўтваральнікаў БДАМЛМ, якія нядаўна пайшлі з жыцця: народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, літаратуразнаўца Уладзіміра Казберука, мовазнаўца Змітра Саўку.

На пленарным пасяджэнні былі прадстаўлены адразу некалькі падарункаў архіву-музею. Адзін з іх БДАМЛМ атрымаў ад Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку разам з наступным словам: “На знак удзячнасці за Вашую працу мы перадаем у падарунак архіву-музею праектар з праекцыйным экранам, каб тыя чытанні і канферэнцыі, што ў Вас праводзяцца, былі яшчэ больш цікавымі і разнастайнымі”. Апаратура прыдалася вельмі дарэчы: на ёй была прадэманстравана дакументальная стужка пра З. Бядулю “І ў сэрцы – цэлы свет” (1998), падораная Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, а потым дакументы І. і А. Луцкевічаў, якія былі выкупленыя ў прыватнай асобы Фундацыяй імя П. Крэчэўскага і адразу перададзеныя ў БДАМЛМ. Прэзентацыю новага паступлення правяла загадчык аддзела архіваў арганізацый і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду БДАМЛМ Марыя Пышынская. Дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка выступіла з дакладам “Цётка: пошукі біяграфіі”, прааналізаваўшы ўнёсак даследчыкаў і мемуарыстаў у фарміраванне вядомага нам вобразу пісьменніцы-рэвалюцыянеркі і падняўшы пытанне стварэння “аб’ектыўнай” біяграфіі Алаізы Пашкевіч. З цікаўнасцю прысутныя слухалі сына Змітрака Бядулі – інжынера Яфіма Плаўніка, які падзяліўся памятнымі старонкамі сямейнай гісторыі.

Змітраку Бядулю былі прысвечаныя і некаторыя даклады на пасяджэннях секцый – у прыватнасці, «“Сваё як чужое” – “чужое як сваё”: “засваенне” і рэпрэзентацыя беларускасці ў ранняй лірыцы Змітрака Бядулі (1900 – 1910-я гг.)» Таццяны Вабішчэвіч, “Змітрок Бядуля як удзельнік беларускага нацыянальнага руху (1917 – 1920)” Станіслава Рудовіча. А ўвогуле тэматыка выступленняў была даволі разнастайная: “Белорусский театр в поликультурной среде Минска в 1918 г.” (дакладчык Уладзімір Мальцаў), «Жыццё падчас “Вялікай Паўзы”: Уладзімір Дубоўка ў 1930 – 1957 гг.» (Вольга Шаталава), «Адрозненні публікацый апошняй пастановы “Узвышша”» (Валеры Назараў), «Цётка Апалонія і першы “Беларускі лемантар” у лагерах Ды-Пі» (Наталля Гардзіенка), «“З палёў Заходняй Беларусі”: тэксталагічныя штрыхі да пражскага перыяду творчасці Уладзіміра Жылкі» (Ірына Багдановіч), “Жаночая паэзія Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд” (Аксана Данільчык), “Літаратурна-эстэтычная з’ява ўзвышэнства: ад канатацыі да ўвасаблення” (Алена Гурская), «Месца “Узвышша” ў літаратуразнаўча-тэксталагічнай дзейнасці акадэміка І. Замоціна» (Міхаіл Шумейка), “Наратыўныя стратэгіі ў прозе Максіма Гарэцкага 1930-х гг.” (Ірына Часнок). Акрамя таго, быў агучаны даклад “Белорусские ссыльные в Вятском крае (1930-е гг.)” расійскай удзельніцы Таццяны Дварэцкай, якая асабіста прыехаць не здолела.

Варта дадаць, што канферэнцыя адзначыла і свой падвойны юбілей: яна адбылася на 90-я ўгодкі літаратурнага згуртавання “Узвышша”, і, акрамя таго, першыя “Узвышаўскія чытанні” прайшлі роўна 15 гадоў таму.

Фотаздымкі з канферэнцыі можна паглядзець на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.