Міхайлавай Кацярыне Пятроўне, аднаму з самых старэйшых і заслужаных ветэранаў архіўнай справы, споўнілася 90 гадоў

Намеснік дырэктара БДАКФФД Грыневіч А.М. уручае кветкі Міхайлавай Кацярыне Пятроўне 10 жніўня 2015 года супрацоўнікі БДАКФФД віншавалі з юбілеем – 90-годдзем са дня нараджэння былога намесніка дырэктара архіва Міхайлаву Кацярыну Пятроўну.

10 жніўня 2015 года Міхайлавай Кацярыне Пятроўне, аднаму з самых старэйшых і заслужаных ветэранаў архіўнай справы, споўнілася 90 гадоў.

Нарадзілася Кацярына Пятроўна 10 жніўня 1925 года ў сяле Барысава Бабаеўскага раёна Валагодскай вобласці (Расія). Гісторык, архівіст. З сям’і служачага. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1943 годзе працавала піянерважатай у Барысаўскім дзіцячым доме. Скончыла гістарычны факультэт Ленінградскага педінстытута ў 1949 годзе. Была накіравана ў архіўны аддзел МУС па Ленінградскай вобласці, дзе працавала інспектарам. З 1950 года па 1951годвыкладала гісторыю ў Стараладажскай сярэдняй школе, з 1951года по 1955год — у Чырвонабярэжскім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. З 1955 года па 1957 год працавала настаўнікам гісторыі ў Свяцілавіцкай сярэдняй школе Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. З 1 верасня 1957 года – навуковы супрацоўнік АУ МУС БССР, з 8 лютага 1958 года па 31 снежня 1963 год – навуковы супрацоўнік Дзяржархіва Мінскай вобласці, з 1 студзеня 1964 года па 12 красавіка 1968 год – навуковы супрацоўнік ЦДГА БССР у горадзе Мінску, з 12 красавіка 1968 года – інспектар аддзела навуковага выкарыстання і інфармацыі, старшы інжынер арганізацыйна-метадычнага аддзела Галоўархіва пры Савеце Міністраў БССР. 1 кастрычніка 1976 года прызначана намеснікамдырэктара ЦДАКФФД БССР. З 1 лістапада 1983 года на пенсіі. За асабісты ўклад у развіццё архіўнай справы Кацярына Пятроўна неаднаразова ўзнагароджвалася падзякамі і граматамі.

Кацярына Пятроўна – чалавек высокай культуры, выдатны арганізатар, сапраўдны майстар сваей прафесіі.

Калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў віншуе Кацярыну Пятроўну Міхайлаву з юбілеем. Жадаем ёй моцнага здароўя, натхнення і доўгіх гадоў жыцця.