26 мая 2015 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХV Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 115-годдзю з дня нараджэння вядомых паэтаў Уладзіміра Дубоўкі і Уладзіміра Жылкі

26 мая 2015 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХV Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 115-годдзю з дня нараджэння вядомых паэтаў Уладзіміра Дубоўкі (1900 – 1976) і Уладзіміра Жылкі (1900 – 1933).

З прывітальным словам выступілі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Адамушка і дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, а вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея Віктар Жыбуль адкрыў выставу “Ўзнясіся песняй к хараству…”. На ёй экспануюцца фотаздымкі, выданні і рукапісы У. Жылкі, у тым ліку аўтографы некаторых вершаў, дзённіка і паэмы “Тэстамент”, напісанай у ссылцы незадоўга да смерці.

На пленарным пасяджэнні кандыдат філалагічных навук Мікалай Трус зачытаў даклад пра пошукі і знаходкі архіўных матэрыялаў да біяграфіі і творчасці У. Жылкі. Гэтаму паэту была прысвечана і адна з секцый канферэнцыі, пра што сведчаць назвы дакладаў: “Паэтыка бяскрайняга ў лірыцы У. Жылкі” (дакладчык Ігар Шаладонаў), “Праблема хараства ў паэзіі У. Жылкі” (Зінаіда Драздова), “Санетная спадчына У. Жылкі ў святле мастацкіх пошукаў беларускай паэзіі цвёрдых форм другой паловы ХХ стагоддзя” (Інеса Баўтрэль), “Дакументы У. Жылкі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча” (Алена Кніга), “Хамрыят У. Жылкі” (Жанна Шаладонава). Такая ўвага навукоўцаў да асобы паэта, безумоўна, з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем глыбіні яго таленту, а таксама запатрабаванасці яго творчасці.

Другая секцыя была прысвечана У. Дубоўку, а таксама іншым дзеячам літаратурнага працэсу 1920 – 1930-х гг. Так атрымалася, што аўтарамі дакладаў пра жыццё і творчасць У. Дубоўкі сталі самі супрацоўнікі БДАМЛМ: Наталля Гардзіенка, Віктар Жыбуль, Ганна Запартыка, якія расказалі пра дакументы паэта ў фондах архіва-музея, а таксама пра ўзаемастасункі У. Дубоўкі з іншамі дзеячамі беларускай культуры – напрыклад, кампазітарам М. Равенскім і крытыкам А. Бабарэкам. Іншыя дакладчыкі распавядалі пра творчасць А. Мрыя (Валерый Назараў), М. Краўцова (Аляксандр Горны), М. Гарэцкага (Ірына Часнок), а кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык разважала пра філасофскі кантэкст літаратурнага працэсу 1920-х гг., у прыватнасці разглядала такую праблему, як асэнсаванне спаборніцтва “машыны і душы”.

Канферэнцыю наведаў пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч, які зачытаў свае эсэ “Не чапай маіх кругоў” і “Лініі разрэзу”, прысвечаныя адпаведна У. Дубоўку і У. Жылку.

Закончыліся чытанні незвычайна: беларускі мастак з Рыгі Вячка Целеш прадэманстраваў прысутным унікальны альбом пад назвай “Кніга гасцей”, дзе цягам многіх гадоў пакідалі свае запісы, пажаданні, малюнкі вядомыя дзеячы мастацтва і культуры. Альбом быў урачыста перададзены ў фонды архіва-музея.