Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава супрацоўнікі БДАМЛМ падрыхтавалі віртуальную выставу “Па той бок рукапісу”

Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (19.06.1924 – 22.06.2003) супрацоўнікі аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) падрыхтавалі віртуальную выставу пад назвай “Па той бок рукапісу”. У ёй знакаміты творца паўстае больш як мастак, чым як пісьменнік: дэманструюцца малюнкі і накіды, якія В. Быкаў рабіў на палях і адваротных баках сваіх рукапісаў. Як вядома, у 1939 – 1940 гг. Васіль Быкаў навучаўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні, а ў 1947 г. непрацяглы час працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях. Паспяхова самарэалізоўваючыся як пісьменнік, ён працягваў маляваць усё жыццё.

Усе прадстаўленыя малюнкі захоўваюцца ў асабістым фондзе пісьменніка ў БДАМЛМ (ф. 165), матэрыялы і дакументы для якога ў свой час перадаў сам Васіль Быкаў. На сённяшні дзень фонд складаецца з двух вопісаў і налічвае 140 адзінак захоўвання (265 дакументаў).

Акрамя таго, дакументы Васіля Быкава можна сустрэць і ў фондах Алеся Асіпенкі, Алеся Бачылы, Янкі Брыля, Вісарыёна Гарбука, Паўла Кабзарэўскага, Івана Мележа, Ванкарэма Нікіфаровіча, Максіма Танка, Міколы Ткачова і, што натуральна, у фондах часопісаў “Беларусь”, “Маладосць”, “Полымя”, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя А. М. Горкага, кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе захоўваюцца рукапісы аповесцяў, апавяданняў, артыкулаў, п’ес, сцэнарыяў.

Пазнаёміцца з выставай “Па той бок рукапісу» можна на сайце БДАМЛМ.