У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва 26 мая 2014 г. прайшлі чарговыя ХІV Узвышаўскія чытанні

26 мая 2014 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі чарговыя ХІV Узвышаўскія чытанні, тэма якіх была вызначана як “Літаратурны працэс 1920 – 1930-х гг. Час. Асобы. Творы”.

Пра значнасць гэтага перыяду ў гісторыі беларускай літаратуры сказалі ў прывітальным слове намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Шумейка, дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка.

На пленарным пасяджэнні Міхась Мушынскі разгледзеў эпісталярную спадчыну Адама Бабарэкі, Алена Белая прысвяціла даклад метадам мастацкай крыптаграфіі ў прозе 1920 – 1930-х гг., а Зміцер Вішнёў прадставіў праект новай кніжнай серыі, прысвечанай вяртанню спадчыны літаратараў згаданага перыяду. Змястоўнымі і навукова актуальнымі былі выступленні на пасяджэннях секцый. Свае даклады прадставілі Анатоль Трафімчык (“Змена грамадзянскай пазіцыі ў творчасці класікаў 1920-х гг.”), Ціхан Чарнякевіч (“Новыя матэрыялы да біяграфіі Янкі Купалы”), Ірына Часнок («Стратэгія пераканання ў аповесці М. Гарэцкага “Ціхая плынь”»), Аксана Бязлепкіна («“Доўгая дарога дадому” В. Быкава: праблема каментавання»), Валеры Назараў (“Краязнаўчыя даследаванні А. Мрыя: адбіткі ў “Запісках Самсона Самасуя”), Юлія Мацук (“Уплыў творчасці М. Багдановіча на фарміраванне творчай канцэпцыі аб’яднання “Узвышша”), Марыя Паўлоўская (“Паэтычны імунітэт Язэпа Пушчы ў маладнякоўскі перыяд творчасці”), Аксана Данільчык (“Еўрапейскія прасторы беларускай прозы: Мікалай Аляксандравіч Бяліна-Падгаецкі”), Вера Жыбуль (“Эстэтычныя пошукі ў беларускай паэзіі 1920 – 1930-х гг. і ўспрыманне творчай спадчыны В. Брусава”).

Некалькі выступленняў былі прысвечаны асобе і творчасці паэта Віктара Казлоўскага (1905 – 1975), над дакументальным фільмам пра якога працуе студыя “Летапіс” пры Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Выступіла аўтар сцэнару, заслужаны журналіст і ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь Людміла Кургановіч (Сяліцкая), навуковы кансультант фільма, супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль, а таксама пляменніца В. Казлоўскага – Святаслава Кавалёва, прамова якой прыцягнула вялікую ўвагу прысутных.