11 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Здзіўляюся, хвалююся – жыву!..”

11 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Здзіўляюся, хвалююся – жыву!..”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння вядомага паэта, празаіка, перакладчыка і грамадскага дзеяча Сяргея Грахоўскага (1913 – 2002).

Пачынаючы з 1974 г. С. Грахоўскі рэгулярна перадаваў свае рукапісы ў БДАМЛМ, і сёння яго архіўны фонд уражвае сваім аб’ёмам і разнастайнасцю дакументаў, якія складаюць 4 вопісы і 1416 адзінак захоўвання за 1918 – 2001 гады. Менавіта на аснове матэрыялаў фонду вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея Віктар Жыбуль і падрыхтаваў гэтую выставу. Яна складаецца са стэндаў “Струна далёкай даўніны”, “Я – ветэран пакутаў без віны…”, “Слова натхняе, адвечнае, матчына…”, “Жыццё – суровы рэжысёр…”, “Пераклады”, “Усё жыццё я ў падарожжы…”, “Дзецям”, “А памяць зноў вядзе па свеце…”, “О, як добра на Зямлі!..” Сяргей Грахоўскі прадстаўлены тут не толькі як пісьменнік, але і як мастак: яго малюнкі выклікалі жывы інтарэс у прысутных.

Пад час адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя кнігі “Сяргей Грахоўскі: вядомы і невядомы”, што ўбачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”. Укладальніца кнігі, дачка паэта Таццяна Грахоўская падзялілася ўспамінамі пра бацьку, распавяла пра яго жыццё і творчасць. Выступілі таксама рэдактар згаданага выдання Мікалай Станкевіч, паэты Кастусь Цвірка і Сяргей Законнікаў, дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка. Прысутныя мелі магчымасць пачуць і голас самога С. Грахоўскага: у аўдыёзапісе гучалі вершы ў выкананні паэта.