22 лютага адбылася прызэнтацыя выдавецкага праекта, прысвечанага старадаўняму Віцебску

Прэзентацыя выдавецкага праекта, прысвечанага старадаўняму ВіцебскуУ чацьвер, 22 лютага, адбылася прэзентацыя выдавецкага праекта, прысвечанага старадаўняму Віцебску. Гэта факсімільна аддрукаваны асабліва каштоўны дакумент Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці – план г. Віцебска, які быў зроблены землямерам Г.А. Маісеевым у 1904 годзе, а таксама выдадзены асобнай кнігай гістарычны нарыс аб жыцці сталіцы Прыдзвінскага краю на рубяжы XIX – XX стагоддзяў.

Удзельнікі прэзентацыі – архівісты, гісторыкі, краязнаўцы, усе, хто любіць родны Віцебск, – высока ацанілі новы выдавецкі праект і адзначылі, што даўно наспела пара дапытліва і ўважліва зазірнуць у сваю гісторыю.

Ідэя гэтага выдавецкага праекта нарадзілася ў сакавіку 2011 года падчас аднаго з выступленняў на пасяджэнні Віцебскага аддзялення археаграфічнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. А потым атрымала сваё далейшае развіццё ў творчай аўтарскай суполцы, якую ўзначаліў начальнік аддзела па архівах і справаводству галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Рублеўскі. Было вырашана не проста зрабіць якасную друкарскую копію старадаўняга плана, але і асобым колерам пазначыць на ім вуліцы, якія да сённяшняй пары не змянілі свайго накірунку, месца знаходжання, ці, кажучы мовай спецыялістаў, трасіроўку.
Прызэнтацыя выдавецкага праекта, прысвечанага старадаўняму Віцебску
Гістарычны нарыс, напісаны вядомым віцебскім краязнаўцам, дырэктарам музея Марка Шагала Людмілай Хмяльніцкай, узбагачаны россыпам фотаілюстрацый той пары.

У кнізе “Прагулянкі са старай картай”, апроч гістарычнага нарыса, змешчаны і доўгі спіс вуліц Віцебска пачатку ХХ стагоддзя, а таксама цяперашнія назвы тых, якія дасёння захавалі сваю трасіроўку. А 33 вуліцы і завулкі, як высветлілася, захавалі і свае даўнейшыя назвы. Гэта, напрыклад, вуліцы Талстога, Гарохавая, Заводская, Замкавая, Зялёная, Інжынерная, 1-я, 2-я ды іншыя Лініі… Да ажыццяўлення гэтага выдавецкага праекта, дарэчы сказаць, большасць віцеблян думала, што надзвычай спрошчаныя назвы вуліц – “Лініі” – нарадзіліся за савецкім часам, калі не надта задумваліся над гарадской тапанімікай. Аказваецца, не – яшчэ ў пару, калі Віцебск быў сталічным губернскім горадам.

Колькі слоў пра спосаб ажыццяўлення выдавецкага праекта, на які проста нельга не звярнуць увагі. Выданне прафінансавана “ўскладчыну” – Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеем і Музеем Марка Шагала. Прытым за сродкі, якія зарабілі гэтыя ўстановы ад пазабюджэтнай дзейнасці. На гэты вопыт сумеснага ажжыццяўлення выдавецкіх праектаў ужо звярнулі ўвагу супрацоўнікі іншых дзяржаўных архіваў вобласці.