У выдавецтве “Літаратура і мастацтва” выйшла першая частка другой кнігі зборніка дакументаў і матэрыялаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі», падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь

Зборнік дакументаў і матэрыялаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі» Выйшла ў свет падрыхтаваная ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь першая частка другой кнігі зборніка дакументаў і матэрыялаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі”. Першая кніга зборніка пабачыла свет у 2010 г. У другую кнігу зборніка ўключаны матэрыял аб жыцці і дзейнасці Янкі Купалы і Якуба Коласа з пачатку 1939 г. Друкуюцца матэрыялы пра ўдзел песняроў у падрыхтоўцы рэформы беларускага правапісу ў 1939–1940 гг, іх паездку ў Вільню ў маі 1941 г., матэрыялы часоў Вялікай Айчыннай вайны, у т.л. пра гісторыю верша “Беларускім партызанам”, публікацыі зварота народных паэтаў да беларускага народа (1941 г.), лісты і тэлеграмы Якуба Коласа, артыкулы Янкі Купалы, даклад Янкі Купалы “Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя”, іншыя дакументы пра апошнія месяцы жыцця песняра, захаванне яго рэчаў і архіва, увекавечанне яго памяці, лёс рукапіснай спадчыны і інш. Сярод матэрыялаў Якуба Коласа назавем выступленне на вечары беларуска-польскай дружбы у студзені 1944 г., матэрыялы пра паездку ў вызваленую Беларусь у сакавіку–красавіку 1944 г., службовую і асабістую перапіску, а таксама пра яго грамадскую дзейнасць.

Укладальнікі В.Дз. Селяменеў, В.У. Скалабан. У падрыхтоўцы зборніка прымалі ўдзел літаратуразнаўцы, архівісты, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў. Аснову выдання складаюць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, грыфы якіх пазначаны на тытуле кнігі. Выкарыстаны таксама матэрыялы музеяў песняроў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, іншых сховішчаў Беларусі і Расіі. Дакументы сістэматызаваны ў храналагічна-тэматычнай паслядоўнасці, аб’яднаны ў тэматычныя раздзелы, якія пачынаюцца з прадмовы складальнікаў. У афармленні вокладкі выкарыстана карціна З. Паўлоўскага “Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы” (1945, ДЛМЯнК).

Выданне разлічана на літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, выкладчыкаў ВНУ і школьных настаўнікаў, студэнтаў, архівістаў, работнікаў бібліятэк і музеяў, краязнаўцаў, будзе цікавае таксама шырокаму колу чытачоў.

Заказаць ці набыць кнігу можна ў аддзеле маркетынгу і рэкламнай дзейнасці РВУ “Літаратура і Мастацтва”: 220034, Мінск, вул. Захарава, 19. Тэл.: 284-79-65 (факс), 288-12-94.