6 красавіка 2011 г. ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адкрылася выстава, “Дойлід, навуковец, педагог”, прысвечаная стогадоваму юбілею Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава

6 красавіка 2011 года ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД) адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Дойлід, навуковец, педагог”, прысвечанай стогадоваму юбілею Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава, беларускага навукоўца, першага рэктара Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Выстава, створаная на аснове асабістага фонду навукоўца, была арганізавана з мэтай пазнаёміць наведвальнікаў з асноўнымі этапамі жыцця і дзейнасці І.Д.Белагорцава і стварыць уяўленне аб значнасці яго ўкладу ў беларускую навуку.

Ігар Дзмітрыевіч Белагорцаў нарадзіўся 3 красавіка 1911 года ў Барнауле ў сям’і землеўпарадкавальніка і настаўніцы пачатковых класаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы ён паступае ў Сібірскі інстытут арганізацыі тэрыторыі ў Омску. У 1930-я гады, пасля заканчэння інстытута, будучы навуковец працуе ў розных гарадах Сібіры, удзельнічае ў стварэнні генпланаў Томска, Барнаула, праектуе паселкі, сядзібы. Разам з практычнай дзейнасцю ён выкладае ў некаторых вышэйшых навучальных установах і тэхнікумах.

У гады Вялікай Айчыннай вайны І.Д.Белагорцаў займаецца пераабсталяваннем будынкаў пад шпіталі, дапамагае размяшчаць эвакуяваныя прадпрыемствы. У 1945 годзе ў сувязі з неабходнасцю аднаўлення разбураных вайной гарадоў І.Д.Белагорцава накіроўваюць у Смаленск, дзе ён узначальвае абласны аддзел па справах архітэктуры. Больш за адзінаццаць гадоў Ігар Дзмітрыевіч працуе ў Смаленску, праектуе райцэнтры, прыгарадныя зоны, піша артыкулы і манаграфіі. Гэты перыяд знайшоў сваё адлюстраванне ў дакументах і фотаздымках, размешчаных на экспазіцыі.

Усё жыццё Ігар Дзмітрыевіч быў адданы свайму прызначэнню педагога, распачаўшы сваю выкладчыцкую дзейнасць яшчэ ў 1930-я гады. У 1956 годзе па запрашэнні П.К.Панамарэнкі Ігар Дзмітрыевіч пераязджае ў Мінск, дзе некаторы час працуе ў Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1966 годзе ствараецца Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, першым рэктарам якога стаў навуковец І.Д.Белагорцаў. Большая частка выставы знаёміць наведвальнікаў з дакументамі, якія адлюстроўваюць яго навуковую і грамадскую працу на гэтай пасадзе. Вялікую частку сваёй дзейнасці І.Д.Белагорцаў прысвяціў адукацыі і выхаванню моладзі, любіў удзельнічаць ва ўсіх сферх студэнцкага жыцця інстытута. Ён бліскуча чытаў лекцыі, увесь час удасканальваў сваё аратарскае майстэрства. Асобны планшэт экспазіцыі прасвечаны яго педагагічнай дзейнасці і ўзаемаадносінам са студэнтамі. Цікавасць уяўляюць партрэты І.Д.Белагорцава, створаныя яго калегамі і сябрамі, якія даюць уяўленне аб асобе і ўнутраным свеце навукоўца.

На экспазіцыі таксама прадстаўлены шматлікія ўзнагароды, ганаровыя граматы, якімі быў узнагароджаны Ігар Дзмітрыевіч, у тым ліку і ордэн “Знак Пашаны”, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, пасведчанне да медаля “Навука на службе чалавецтва” люблінскага універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры.

У кастрычніку 1996 года жыццёвы шлях І.Д.Белагорцава спыніўся. У 2009 годзе каля ўваходу ў галоўны корпус Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар выдатнага навукоўца і першага рэктара. Фотаздымкі з гэтага мерапрыемства размешчаны на выставе.

На адкрыцці выставы прысутнічалі родныя навукоўца: удава Белагорцава В.І. і яго ўнук, а таксама яго калегі і вучні: архітэктары Усава Л.Дз., Нардштэйн Л.А., Есьман Л.А., Кобец Т.Ф., Баткоўская В.С. Госці падзяліліся ўспамінамі пра Ігара Дзмітрыевіча і пазнаёміліся з архіўнай спадчынай гэтага выдатнага чалавека.