6 мая ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выстава “Спеў акопнай ліры”, прысвечаная дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва 6 мая адкрылася выстава “Спеў акопнай ліры”, прысвечаная дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На выставе дэманструюцца дакументы беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў: А. Адамовіча, В. Быкава, В. Гарбука, У. Карпава, А. Куляшова, М. Лобана, М. Лужаніна, А. Махнача, І. Мележа, І. Новікава, А. Пысіна, А. Савіцкага, В. Таўлая і іншых, фонды якіх захоўваюцца ў архіве. Гэта франтавыя фатаграфіі і дзённікі, творы ваеннага часу, пісьмы, паведамленні і пасведчанні, у тым ліку да медалёў. Асобна на стэндах прадстаўлены дакументы адзінаццаці загінуўшых паэтаў і пісьменнікаў: Л. Гаўрылава, І. Дзенісенкі, А. Жаўрука, Б. Іофе, А. Коршака, С. Ляльчука, А. Пруднікава, М. Сурначова, А. Ушакова, Г. Шведзіка, Х. Шынклера. Цікавасць уяўляюць іх пісьмы да родных, перадсмяротнае пісьмо да жонкі падпольшчыка Івана Дзенісенкі, расстралянага фашыстамі. Выстаўлены аўтограф вядомай аповесці Х. Шынклера “Пульс жыцця” (1942).

На адкрыцці выставы выступілі дырэктар БДАМЛМ Г. Запартыка і літаратуразнаўца, дачка народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова – Валянціна Аркадзьеўна Куляшова. Яна расказала пра цікавыя моманты з ваеннай біяграфіі бацькі і пра яго творы гэтага часу.