14 сакавіка 2010 г. у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адбылося адкрыццё выставы “Ля вытокаў беларускай архітэктуры”, прысвечанай 115-годдзю з дня нараджэння І.І.Валадзько

14 сакавіка 2010 г. у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД) адбылося адкрыццё выставы “Ля вытокаў беларускай архітэктуры”, прысвечанай 115-годдзю з дня нараджэння Івана Іосіфавіча Валадзько, беларускага савецкага архітэктара, кандыдата архітэктуры. Выстава, падрыхтаваная на аснове архіўных дакументаў асабістага фонду І.І.Валадзько і калекцыі фотадакументаў 1930-х-1952 гг., знаёміць з асноўнымі этапамі жыццёвага і творчага шляху таленавітага беларускага архітэктара.

І.І.Валадзько нарадзіўся ў 1895 г. у сям’і селяніна-лесніка ў вёс. Плебанцы пад Мінскам. Ён стаў першым дойлідам у Беларусі, які атрымаў вышэйшую архітэктурную адукацыю ў савецкі час. Пасля сельскай школы будучы архітэктар скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча па класе жывапісу. Вясной 1919 г. І.І.Валадзько вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў дэкаратарам у Клубе чыгуначнікаў «Чырвоны шлях». Па запрашэнню мастацкага аддзела Народнага камісарыята асветы ў верасні 1921 г. ён удзельнічаў у 1-ай мастацкай выставе ў г. Мінску, на якой прадставіў 17 сваіх работ. Асобны планшэт выставы знаёміць гледачоў з партрэтнымі і пейзажнымі замалёўкамі архітэктара.

У 1922 г. І.І.Валадзько вытрымаў уступныя іспыты на архітэктурны факультэт Вышэйшага дзяржаўнага мастацка-тэхнічнага інстытута (ВХУТЭІН), дзе выкладалі таленавітыя педагогі – прафесары Л.А.Веснін, М.В.Дакучаеў, М.А.Ладоўскі і інш. Будучы дойлід актыўна ўдзельнічаў у розных архітэктурных конкурсах. У 1925 г. на Сусветнай мастацка-прамысловай выставе ў Парыжы быў прадстаўлены праект студэнта І.І.Валадзько «Крыты рынак», які атрымаў высокую ацэнку архітэктараў і быў апублікаваны ў шэрагу замежных часопісаў. Па праекце архітэктара ў 1929 г. быў пабудаваны павільён СССР на Міжнароднай выставе ў г. Страсбургу (Францыя).

Пасля заканчэння інстытута, атрымаўшы кваліфікацыю архітэктара-мастака, малады дойлід вяртаецца ў Мінск у 1929 г., дзе загадвае праектным бюро і архітэктурнай секцыяй Белжылсаюза. Па яго праекце ў горадзе была пабудавана Мінская гідраметэаралагічная абсерваторыя, праект якой прадстаўлены на выставе ў варыянтах.

У 1930 г. І.І.Валадзько запрасіў у сталіцу БССР выпускнікоў ВХУТЕІН А.Воінава, Н.Гілярова, А.Крылова. Пачатак 1930-х гг. быў вельмі плённым у іх творчым супрацоўніцтве. Былі пабудаваны павільён для Усебеларускай сельскагаспадарчай выставы, жылыя дамы, клубы для розных гарадоў рэспублікі. З 1933 г. І.І.Валадзько працаваў у праектных майстэрнях Масквы. Ён праектаваў жылыя дамы, школы, карпусы завода ім. Лепсэ, Дом адпачынку на ст. Апаліха. Дадзеныя праекты таксама прадстаўлены на выставе.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў І.І.Валадзько працаваў ва Упраўленні па справах будаўніцтва і архітэктуры пры СНК БССР начальнікам аддзела аховы помнікаў архітэктуры, кіраўніком архітэктурна-праектнай майстэрні Белсельпраекта, дзе праводзіў даследаванні і распрацоўваў праект аднаўлення Дома-музея I з’езду РСДРП. Таленавіты архітэктар удзельнічаў у стварэнні «Альбома эскізных праектаў надмагільных помнікаў воінам Чырвонай Арміі, партызанам і мірнаму насельніцтву, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны». Значная частка экспазіцыі дэманструе эскізы і праекты мемарыяльных дошак і часовых помнікаў на брацкіх і індывідуальных магілах.

Выстава таксама знаёміць гледачоў з працай І.І.Валадзько на ніве сельскай архітэктуры, экспануючы тыпавыя праекты сельсаветаў і індывідуальных жылых дамоў для калгаснікаў. Асаблівую цікавасць уяўляюць неажыццёўленыя праекты выдатнага архітэктара: публічная бібліятэка ў г. Растове (1937 г.), музей Вялікай Айчыннай вайны ў г.Мінску (1944 г.), помнік перамогі на Круглай плошчы (1947 г.), музей У.І.Леніна ў г.Мінску (1977 г.). Такім чынам, арганізаваная выстава дае ўяўленне аб творчай спадчыне выдатнага дойліда і яго значным укладзе ў развіццё беларускай архітэктуры.