8 снежня 2009 г. адбылося ўрачыстае ўручэнне Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі сертыфіката аб уключэнні архіваў і Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў у Сусветны рэгістр UNESCO “Памяць свету”

8 снежня 2009 года ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі адбылося ўрачыстае ўручэнне Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі сертыфіката аб уключэнні архіваў і Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў у Сусветны рэгістр UNESCO “Памяць свету”.

Праграма UNESCO “Памяць свету” была заснавана ў 1992 г. У рэгістр “Памяць свету” зараз уваходзяць 197 аб’ектаў дакументальнай спадчыны, якія маюць сусветнае значэнне.

Архівы і Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў былі намінаваны на ўключэнне ў склад рэгістра па ініцыятыве Беларусі сумесна з Літвой, Польшчай, Расійскай Федэрацыяй, Украінай і Фінляндыяй – краінамі, дзе захоўваюцца часткі аднаго з буйнейшых асабістых архіваў і кнігазбораў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, сфарміраванага на працягу XVI-XX стст.