Выйшлі у свет першы том «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» і зборнік «Гісторыя Магілёўскаага дзяржаўнага універсітэта (1913–1940 гг.). Дакументы і матэрыялы»

Выйшаў у свет першы з трох тамоў «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі».
Гэта першае ў нашай краіне картаграфічнае выданне, у якім максімальна поўна асвятляюцца гістарычныя перыяды і падзеі мінулага. Галоўную ролю ў арганізацыі работы і фінансавае забеспячэнне выдання ажыццявіла РУП «Белкартаграфія» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.

Прыемна адзначыць, што важную ролю ў стварэнні навуковага зместу атласа, разам з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, адыграла Дзяржаўная архіўная служба. Навукова-метадычную дапамогу ў распрацоўцы атласа аказалі Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Адным з намеснікаў старшыні рэдкалегіі з’яўляецца Дырэктар Дэпартамента кандыдат гістарычных навук В.І. Адамушка. Галоўны рэдактар атласа – дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі кандыдат гістарычных навук В.Л. Насевіч. Ён жа з’яўляецца аўтарам 21 карты (у тым ліку, разам з М.Ф. Спірыдонавым, Генеральнай карты «Беларускія землі ў XVI ст.» на 51 аркушы) і пяці ўступных артыкулаў да раздзелаў атласа, складальнікам храналогіі да першага тома і гісторыка-геаграфічнага паказальніка. У склад навукова-рэдакцыйнага савета ўвайшлі начальнік аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі Дэпартамента па архівах і справаводству кандыдат гістарычных навук У.П. Крук, загадчык аддзела археаграфіі Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы кандыдат гістарычных навук В.С. Пазднякоў і загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дз. Л. Яцкевіч. У рэцэнзаванні атласа прынялі ўдзел вядучы палеограф Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Г.М. Брэгер і ўжо згаданыя вышэй В.С. Пазднякоў і Дз. Л. Яцкевіч.

Першы том атласа асвятляе перыяд ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст. (канкрэтна, да Люблінскай уніі 1569 г., калі Беларусь, якая ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, стала часткай Рэчы Паспалітай).

Па інфармацыі РУП «Белкартаграфія», другі том атласа, які мяркуецца выдаць у 2010 г., будзе прысвечаны часам існавання Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай і перыяду, калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, а трэці том (яго выхад запланаваны на 2012 г.) будзе асвятляць перыяд ад узнікнення беларускага нацыянальнага руху ў другой палове ХІХ ст. да нашых дзён.

***

У зборніку «Гісторыя Магілёўскаага дзяржаўнага універсітэта (1913–1940 гг.). Дакументы і матэрыялы» сабраны унікальныя матэрыялы, большасць з якіх друкуецца ўпершыню. Яны асвятляюць дасягненні і праблемы станаўлення не толькі Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта, але і ўсей вышэйшай школы. Прыведзеныя ў зборніку архіўныя крыніцы ў храналагічным парадку паказваюць асаблівасці навучальнага працэсу і выхаваўчай работы, кадравай палітыкі і навуковай дзейнасці.

Акрамя універсітэта, выданне зборніка ажыццяўлялася Дзяржаўным архівам грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці. Сярод яго складальнікаў – дырэктар гэтай архіўнай установы В.П. Клімковіч.

У зборнік увайшлі дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Дзяржаўных архіваў Гомельскай і Магілёўскай абласцей, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці.