17 красавіка 2014 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбудзецца прэзентацыя зборніка «Паўстанне 1863–1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях

Вокладка зборніка «Паўстанне 1863–1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях: Дакументы і матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі»17 красавіка 2014 г. у 15.00 у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (вул. Крапоткіна, 55, канферэнц-зала, аўдыторыя 29) адбудзецца прэзентацыя зборніка «Паўстанне 1863–1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях: Дакументы і матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі» (укладальнік Дз.Ч. Матвейчык).

Кніга змяшчае 223 дакументы, якія адлюстроўваюць самыя разнастайныя бакі гэтай складанай і неадназначнай, але істотна важнай для гісторыі Беларусі падзеі: ход ваенных дзеянняў, правядзенне рэпрэсій супраць удзельнікаў паўстання і тых, хто ім дапамагаў ці спачуваў (расстрэлы, ссылкі, канфіскацыі і інш.), узнагароджванне тых, хто змагаўся супраць паўстанцаў, і г.д. Зборнік падзелены на шэраг блокаў – «Пярэдадзень паўстання», дзе адлюстраваны падзеі, што папярэднічалі ўзброенаму выступленню; «Віленскае генерал-губернатарства», дзе пададзены дакументы, што тычыліся ўсёй тэрыторыі Беларусі, Літвы і частак Польшчы і Расіі, падначаленай Міхаілу Мураўёву; «Віцебская губерня», «Магілёўская губерня» і «Мінская губерня», падзеленыя ў сваю чаргу паводле тэрытарыяльнага прынцыпу на падраздзелы, у якіх адлюстравана паўстанне ў канкрэтных паветах.

Да мерапрыемства падрыхтавана выстава арыгіналаў найбольш цікавых архіўных дакументаў, апублікаваных у зборніку.

Кантактныя асобы:
Лісейчыкаў Дзяніс Васільевіч, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара НГАБ – (017) 286 75 26.
Матвейчык Дзмітрый Часлававіч, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела публікацыі дакументаў НГАБ – (017) 392 64 58.